Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 11 чэрвеня абвясьціла аб прыпыненьні збору подпісаў за яе вылучэньне на пікетах у Менску і абласных цэнтрах да канца тыдня. У іншых гарадах збор подпісаў працягнуць.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Як тлумачыць Сьвятлана Ціханоўская на відэа, апублікаваным Telegram-каналам Nexta, гэта зьвязана з затрыманьнем чальцоў ініцыятыўнай групы (за кратамі ў тым ліку кіраўнік групы і ейны муж, блогер Сяргей Ціханоўскі) і правакацыямі на пікетах.
«У гэтыя дні я баюся рознага кшталту правакацыяў супраць вас, — кажа Ціханоўская пра 12, 13 і 14 чэрвеня. — І паверце, ніводзін сабраны подпіс ня варты таго, каб пацярпелі вы і вашыя сем’і».
Ціханоўская паабяцала працягнуць збор подпісаў у меншых гарадах і здаць столькі подпісаў, колькі зьбяруць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Затрыманых у справе Ціханоўскага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьняміБлогер Аляксандар Кабанаў, прэс-сакратар групы Ціханоўскай, пацьвердзіў Свабодзе, што зьбіраць подпісы ў Менску і абласных гарадах на пікетах ня будуць да канца тыдня, бо асьцерагаюцца правакацыяў. Ён кажа, што пра пагрозы сабе і непасрэдна Сьвятлане нічога ня ведае.
«Больш увагі ўдзелім рэгіёнам, там бясьпечней», — дадае ён.
Колькі дакладна сабралі подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай, Кабанаў цяпер ня можа сказаць, ідзе падлік, але ён мяркуе, што 100 тысяч ужо мусіць быць.