Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка заявіў, што яшчэ да завяршэньня збору подпісаў за вылучэньне хтосьці прапанаваў яму «аб’яднацца» ў абмен на пасаду прэм’ера. Калі яго спыталі, хто гэта быў, ён адмовіўся казаць.
Вечарам 25 траўня Віктар Бабарыка ладзіў сустрэчу зь ініцыятыўнай групай. Там яго спыталі пра магчымасьць аб’яднаньня зь іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі. Ён адказаў, што «ня вельмі зразумела», як і дзеля чаго на этапе збору подпісаў яднацца, але адзначыў, што жыцьцё і праца навучылі яго быць гатовым да кампрамісу і дыялёгу.
«Мне была прапанова: давайце аб’яднаемся, — заявіў Бабарыка. — Я кажу: „Як?“ „Ну вы зьніміце [сваю кандыдатуру], а мы вам дамо пасаду прэм’ер-міністра“. Я кажу: „Выдатнае аб’яднаньне“.
Таму мне здаецца, на гэтым этапе больш слушна кожнаму ісьці, калі, вельмі важны момант, мы ўсе хочам, каб выбары ў нас прайшлі на альтэрнатыўнай аснове. Вось ужо разглядаць пытаньне аб’яднаньня намаганьняў пасьля 100 тысяч [сабраных подпісаў], каго зарэгіструюць, вось тут цалкам магчымая гісторыя».
На пытаньне пра тое, хто ж прапаноўваў зьняцца ў абмен на пасаду прэм’ера, Бабарыка адказаў, што ня стане гэтага камэнтаваць «бяз згоды іншых асобаў», бо гэта «проста некарэктна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці могуць перамагчы Бабарыка і Ціханоўскі? Спрэчка экспэртаў. ВІДЭАБабарыка таксама заявіў, што не разумее, чаму Лукашэнка вырашыў, што зьменіць урад перад выбарамі: маўляў, незразумела, калі ў пройгрышы вінавацяць «усю каманду, але ня трэнэра».
Пра іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты ён адзначыў, што не разумее, чаго яны хочуць: «адны хочуць байкоту, другія хочуць ня ведаю чаго».
Пра свае пляны ён заявіў, што хоча дамагчыся справядлівых выбараў, а ў выпадку перамогі не хацеў бы, каб яго «выгналі» пасьля першага тэрміну, «а празь 10 [гадоў] — з асалодай».