У расейскіх крэвэтках Vici, якія прадаваліся ў Магілёве, выявілі зашмат мыш’яку

Ілюстрацыйнае фота

Абласная інспэкцыя Дзяржаўнага камітэту стандартызацыі праверыла на адным з гандлёвых аб’ектаў Магілёву крэвэткі маркі Vici, вырабленыя ў горадзе Савецку Калінінградзкай вобласьці Расеі.

У прадукцыі выявілі неадпаведнасьць тэхнічным рэглямэнтам. У крэвэтках паўночных нарэзаных неразьдзеленых маркі Super узровень мыш’яку склаў 13,7 мг/кг, а ў вуглахвостых у панцыры з галавой «Lux Любо есть» — 11,7 мг/кг пры норме ў 5 мг/кг.

Імпартэру загадалі прыбраць з абароту небясьпечныя прадукты, таксама іх забаранілі для ўвозу на тэрыторыю Беларусі. Але на момант публікацыі крэвэткі гэтых марак з Савецку яшчэ можна замовіць праз інтэрнэт у адной з буйных гандлёвых сетак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Гомельшчыне прадавалі расейскія рыбныя кансэрвы з глістамі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Гомельшчыне ў расейскім марозіве выявілі кішэчную палачку

Мінулай восеньню ў Расеі забаранялі ўвоз фарэлевай гаспадаркі «Лохва» і бралі на ўзмоцнены кантроль фарэль «Санта Брэмар» — там выяўлялі небясьпечныя бактэрыі, сёлета ў лютым уводзілі абмежаваньні адносна крабавых палачак «Санта-Брэмар», бо ў іх выявілі забаронены ў Расеі фэрмэнт трансглютаміназа.

Расея часта выказвае прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай і мясной прадукцыі і рэгулярна ўводзіць абмежаваньні на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі зь беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок называе прэтэнзіі расейскага (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі. Прычыны «малочных войнаў» нярэдка называлі палітычнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што зь беларускімі крэвэткамі? Як Беларусь прадае ў Расею тунца, камбалу і каракаціц