Сэйм Літвы заклікаў урад Літоўскай Рэспублікі распачаць неадкладныя крокі, каб заблякаваць літоўскі рынак электраэнэргіі для доступу электраэнэргіі зь Беларусі, паведамляе БелаПАН.
Адпаведную рэзалюцыю, у якой гаворыцца пра пагрозу, што зыходзіць ад Астравецкай атамнай электрастанцыі, сэйм прыняў 5 траўня.
За яе прагаласавалі 82 дэпутаты, устрымаліся — 4, паведамляе прэс-служба літоўскага парлямэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка анансаваў прафіцыт энэргіі і заклікаў да электрамабілізацыіАдначасова сэйм настойліва заклікаў урад зьвярнуцца да тэхнічных мер, каб загадзя да пачатку эксплуатацыі БелАЭС абмежаваць падачу электраэнэргіі зь Беларусі ў Літву да мінімальнага ўзроўню, неабходнага для забесьпячэньня надзейнай працы літоўскай электрасеткі.
Рэзалюцыя сэйма заклікае ўрад выкарыстоўваць усе палітычныя і дыпляматычныя сродкі, каб заручыцца падтрымкай Эўразьвязу, краін — сябраў ЭЗ, чальцоў NATO, Украіны, іншых дзяржаў рэгіёна і ўсёй міжнароднай супольнасьці ў справе ліквідацыі пагрозы, якую стварае Беларуская АЭС.