Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з пандэміяй. Мінэнэрга адказала

Астравецкая АЭС, архіўнае фот

Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК) 6 красавіка выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады адмяніць запланяваны на 2020 год пуск БелАЭС у сувязі з пандэміяй COVID-19, паведамляе БелаПАН.

У якасьці аргумэнтаў за адмену пуску БелАЭС у 2020 годзе назвалі:

  • пусканаладачныя работы першага энэргаблёку павінны праводзіць расейскія спэцыялісты, бо падрадчыкам будаўніцтва зьяўляецца расейская дзяржкарпарацыя «Росатом» і ў Беларусі няма сваіх спэцыялістаў, «якія маглі б цалкам замяніць расейскіх калег», а закрытыя межы і карантын у РФ робяць гэта пакуль немагчымым;
  • рост выпадкаў COVID-19 у Беларусі і зьвязаная з гэтым патэнцыйная магчымасьць заражэньня работнікаў БелАЭС, падвышаная небясьпека для іх здароўя і жыцьця стварае дадатковыя рызыкі бясьпецы АЭС, зьвязаныя з чалавечым фактарам і лягістыкай, уключаючы транспартаваньне паліва з Расеі:
  • ва ўмовах пандэміі становіцца «немагчымым прыняцьце адэкватных захадаў надзвычайнага рэагаваньня для абароны насельніцтва (такіх як эвакуацыя) у выпадку радыяцыйнай аварыі, уключаючы трансмежную», а «ў пэрыяд пуску АЭС рызыка радыяцыйнай аварыі павышаная»,
  • прагназуецца, што пандэмія COVID-19 прывядзе да эканамічнай рэцэсіі ў 2020 годзе ў Беларусі і ў сьвеце ў цэлым, што можа істотна паўплываць на рэзэрвовыя магутнасьці і рынкі збыту электраэнэргіі,
  • дасюль няма рашэньня і праблемы адпрацаванага ядзернага паліва (АЯП) БелАЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У «Росатоме» ня бачаць рызыкі для графіку будаўніцтва БелАЭС у сувязі з каранавірусам

У сувязі з гэтым БАЯК заклікала ўлады Беларусі «цьвяроза ацаніць сытуацыю і адкласьці пуск БелАЭС» і заявіла пра намер «зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі, у прыватнасьці ў МАГАТЭ, з просьбай паспрыяць у гэтым пытаньні».

Таксама ў БАЯК нагадалі, што «праект БелАЭС рэалізуецца з шэрагам праблем: гэта парушэньні заканадаўства, уключаючы міжнароднае, фактычны пачатак будаўніцтва рэактарнага будынка першага энергаблёку пры адсутнасьці зацьверджанай праектнай дакумэнтацыі; шэраг здарэньняў, уключаючы падзеньне з вышыні і ўдар аб чыгуначны слуп карпусоў рэактару і інш».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З 1 красавіка рэзкі рост. Каранавірус у Беларусі адным графікам

Мінэнэрга: Карэктаваць пляны ў сувязі з каранавірусам не плянуем

У Міністэрстве энэргетыкі БелаПАН адказалі, што карэктаваць ход будоўлі Беларускай АЭС у сувязі з эпідэміяй каранавірусу не плянуюць.

«Ніякіх зьменаў няма. Станцыя будуецца паводле графіку. Адзінае, што нам адмянілі прэс-тур, які мы плянавалі на красавік», — сказала прэс-сакратарка міністэрства Жанна Зянькевіч.

У адміністрацыі БелАЭС таксама пацьвердзілі, што эпідэмія каранавірусу не паўплывала на ход будаўніцтва АЭС, усе будаўнічыя работы вядуцца адпаведна графіка.

«Як працавалі, так і працуем. Карантын жа ў нас ня ўведзены ні ў краіне, ні на Беларускай АЭС, таму ўсё паводле графіку», — адзначыў суразмоўца.

Беларуская антыядзерная кампанія — кампанія, у якой удзельнічаюць грамадзкае аб’яднаньне «Экадом», Беларуская партыя «Зялёныя», ініцыятыва «Астравецкая атамная — гэта злачынства», рух «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь», іншыя арганізацыі, актывісты і экспэрты. Асноўная мэта кампаніі — бязьядзернае разьвіцьцё Беларусі і суседніх зь ёй тэрыторый. БАЯК назірае за будаўніцтвам БелАЭС і вядзе яго незалежную экспэртную ацэнку з 2009 году.