Ужо 13 памерлых. У Беларусі пацьвердзілі 700 выпадкаў каранавірусу

Піікнік на Менскім моры, 5 красавіка

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку выпадкаў COVID-19 у Беларусі на 6 красавіка. Як раней тлумачыла міністэрства, гэтыя лічбы актуальныя на 8 гадзін раніцы.

Паводле міністэрства, цяпер:

  • 634 чалавекі з каранавіруснай інфэкцыяй «на стацыянарным лячэньні»;
  • асноўная частка зь іх — «кантакты першага ўзроўню», якія на момант выяўленьня вірусу ўжо былі ў стацыянарах;
  • у большасьці хвароба працякае ў лёгкай або сярэдняй форме;
  • 53 чалавекі выпісаныя здаровымі;
  • 13 чалавек памерлі, яны мелі «шматлікія хранічныя захворваньні, абцяжараныя каранвіруснай інфэкцыяй»;
  • міністэрства не публікуе агульнай колькасьці зафіксаваных выпадкаў COVID-19, але калі скласьці 634 на лячэньні + 53 выпісаныя + 13 памерлых, выходзіць роўна 700 выпадкаў — 138 новых за дзень;
  • «звыш 40 тысяч» тэстаў на каранавірусную інфэкцыю правялі ад пачатку эпідэміі;
  • агулам за апошнія два дні выпісалі 355 пацыентаў, якія былі на розных формах кантролю і лячэньня ў сувязі ў каранавірусам.

Днём раней Мінздароўя паведамляла пра 562 выпадкі: 502 чалавекі пад назіраньнем мэдыкаў, 52 выпісаныя пасьля лячэньня, 8 памерлі. Два дні таму было 440 выпадкаў і 5 сьмерцяў, тры дні таму — 351 выпадак і 4 сьмерці.

Вядомыя на гэты час ахвяры:

  1. У Віцебску яшчэ 28 сакавіка памерла работніца фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» Галіна Шастоўская. Ёй было 54 гады. Дачка жанчыны распавяла Tut.by, што яе мама «літаральна за пяць дзён згарэла ад пнэўманіі», у яе «быў пацьверджаны каранавірус».
  2. 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ, былы чыгуначны шпіталь).
  3. 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
  4. 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
  5. 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.
  6. 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
  7. 60-гадовы мянчук памёр у сталічным інфэкцыйным шпіталі 3 красавіка.
  8. 4 красавіка o менскай інфэкцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банку Юры Осіпаў. У яго была пнэўманія, выкліканая вірусам COVID-19.

Міністэрства аховы здароўя раней сьцьвярджала, што захады супраць распаўсюду COVID-19 нібыта дазволілі прадухіліць «840 выпадкаў на дзень», а агулам за тры месяцы 2020 году ўсіх выпадкаў пнэўманіяў стала менш: летась за гэты пэрыяд было 20 250 пнэўманіяў, пралечаных у стацыянарах, ад якіх памерлі 153 чалавекі, а сёлета — 18 032 пралячылі, 128 памерлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Коды U07.1 і U07.2. Як робяць мэдыцынскія заключэньні пра сьмерць ад СOVID-19 у ЭЗ і Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Бацька памёр, мы з маці пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне». Чарговая ахвяра каранавірусу ў Менску

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кампанія ByCovid-19 сабрала больш за 160 тысяч рублёў для дапамогі мэдыкам