У Віцебску яшчэ 28 сакавіка памерла работніца фабрыкі «Чырвоны Кастрычнік» Галіна Шастоўская, паведамляе tut.by. Ёй было 54 гады.
Дачка жанчыны распавяла, што яе мама «літаральна за пяць дзён згарэла ад пнэўманіі», у яе «быў пацьверджаны каранавірус». Галіна Шастоўская пайшла з жыцьця на два дні раней за віцебскага актора Віктара Дашкевіча, у якога таксама былі і пнэўманія, і станоўчы вынік на каранавірус, які выклікае COVID-19.
Onliner.by піша, што мэдсястра аддзяленьня Віцебскай 1-й гарадзкой клінічнай бальніцы 47-гадовая Сьвятлана Кісялёва трапіла ў бальніцу з пнэўманіяй 30 сакавіка. У ноч з 2 на 3 красавіка ёй стала горш, яе адвезьлі ў рэанімацыю, але выратаваць яе не ўдалося. Тэст на каранавірус жанчыне зрабілі яшчэ 31 сакавіка, аднак дачка памерлай кажа, што выніку няма дагэтуль.
«Прыкладна 13 сакавіка ў аддзяленьні мамы сталі выпісваць хворых: рыхтаваліся перапрафіляваць пад хворых з ВРВІ і пнэўманіяй. Тады ж, максымум 16 сакавіка сталі паступаць першыя хворыя, — распавяла Onliner 27-гадовая дачка Сьвятланы Анастасія. — Маме на той момант не выдалі ні рэсьпіратараў, ні спэцыяльных ахоўных касьцюмаў, ні акуляраў. Выдавалі толькі 15 грамаў сьпірту для дэзынфэкцыі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Яна карысталася маскамі з рэсьпіратарам, якія сама купіла. У яе было літаральна тры штукі. Я бачыла, як яна прынесла гэты рэсьпіратар дадому і была вымушаная яго памыць. Вы б бачылі, у якім стане ён быў пасьля мыцьця, ён быў проста непрыдатны для далейшай эксплюатацыі».