Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія ByCovid-19 сабрала больш за 160 тысяч рублёў для дапамогі мэдыкам 


Валянтэрская дапамога
Валянтэрская дапамога

За пяць дзён валянтэры кампаніі ByCovid-19, створанай для дапамогі мэдыкам, сабралі больш за 160 тысяч рублёў.

Гэтыя сродкі пойдуць на куплю сродкаў індывідуальнай абароны — рэсьпіратараў, аднаразовых халатаў і бахілаў, ахоўных шчыткоў.

Як расказаў БелаПАН адзін з каардынатараў кампаніі Андрэй Стрыжак, калі ён убачыў заклік галоўнага лекара 3-га гарадзкога дзіцячага клінічнага шпіталя Менску Максіма Ачарэтняга заставацца дома, вырашыў даведацца, у чым маюць патрэбу лякарні. Высьветлілася, што мэдыкам найперш не хапае сродкаў індывідуальнай аховы.

На рэсурсе MolaMola абвясьцілі збор сродкаў. Да кампаніі падключыліся прадстаўнікі бізнэсу. Свае намаганьні аб’ядналі некамэрцыйная дабрачынная мэдыяплятформа «Імёны» і клюб тэхнічнай творчасьці «Хакерспэйс».

«Першую партыю рэсьпіратараў мы знайшлі ў Салігорску. Узялі спачатку 37 штук, потым яшчэ 190. Цяпер маем магчымасьць закупіць 20 тысяч рэсьпіратараў. Таксама набылі 6 тысяч аднаразовых халатаў. Неўзабаве будзем закупляць супрацьчумныя камбінэзоны для хуткай дапамогі. „Хакерспэйс“ зрабілі ўжо 2300 ахоўных шчыткоў для мэдыкаў», — расказаў Андрэй Стрыжак.

Дапамогу ў выглядзе сродкаў індывідуальнай аховы ўжо накіравалі ў 2-ю, 6-ю, 10-ю лякарні Менску, а таксама ў дзіцячы інфэкцыйны шпіталь сталіцы, у мэдустановы Віцебскай і Горадзенскай абласьцей.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG