На краўндфандынгавай пляцоўцы MolaMola працягваюць зьбіраць грошы на сродкі індывідуальнай засьцярогі для беларускіх мэдыкаў, якія змагаюцца з COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Каардынатар аднога з найбуйнейшых збораў праваабаронца Андрэй Стрыжак расказаў на старонцы ў Facebook, што ім удалося набыць 20 тысяч рэсьпіратараў клясы ffp3 і адправіць іх у шпіталі.
Стрыжак кажа, што мэдыцынскія рэсьпіратары купіць пакуль не ўдалося.
«Тыя рэсьпіратары, якія цяпер мы пастаўляем, не мэдыцынскія, бо на мэдыцынскія выхаду няма. Мы бяром рэсьпіратары, прызначаныя для працы на розных шкодных вытворчасьцях — мэталюргія, будоўля. Як няма ў наяўнасьці мэдыцынскіх, лекары гатовыя браць тое, што ёсьць».
Тыя, якія купілі цяпер, клясы ffp3. Паводле Стрыжака, менавіта рэсьпіратары такой клясы аховы патрэбны мэдыкам: «Гэтая кляса абароны, як сьцьвярджаюць САЗ і наша Міністэрства аховы здароўя, дастатковая для абароны лекара ад віруснай інфэкцыі».
Стрыжак пералічвае гарады, куды рэсьпіратары ўжо адвезьлі ці адвязуць неўзабаве: Менск, Віцебск, Горадня, Ліда, Расоны, Наваполацак, Салігорск, Сьветлагорск, Гомель, Хоцімск, Бараўляны, Заслаўе.
«Гэтыя рэсьпіратары могуць каштаваць і 60 капеек, і 16 рублёў — у залежнасьці ад таго, што гэта за рэсьпіратар, якога ён тыпу [рэсьпіратары гэтай клясы бываюць розныя]. Нам удалося знайсьці магчымасьць купляць іх амаль па сабекошце. Яны нам выходзяць дзесьці па 60 капеек за штуку. Гэта амаль дарма, калі глядзець з гэтых раскладаў».
Пастаўніка Стрыжак не называе, бо той сам ня хоча. Адзінае, кажа, што гэта беларускі вытворца.
Грошы на дапамогу мэдыкам зьбіраюць некалькі ініцыятываў. Паводле Стрыжака, яны імкнуцца дзейнічаць разам. Ягоная кампанія шчыльна супрацоўнічае з групамі фітнэс-трэнэра Андрэя Ткачова і праекту «Имена».
«„Имена“ цэнтралізавана зьбіраюць просьбы ад шпіталяў — у іх ёсьць такая магчымасьць. Яны стварылі адмысловую скрыню covid19@imenamag.by, куды абсалютна любы шпіталь можа напісаць, што ім патрэбна са сродкаў індывідуальнай аховы. Гэтыя запыты ідуць дастаткова масава, і мы бачым, што з гэтага мы канкрэтна можам закрыць. У нас ёсьць грошы, ёсьць выхад на пастаўшчыкоў», — кажа Андрэй Стрыжак.
Цяпер валянтэры абмяркоўваюць магчымасьць закупу бескантактных тэрмомэтраў і аднаразовых касьцюмаў і халатаў для шпіталяў, а таксама зьбіраюцца самі запусьціць вытворчасьць касьцюмаў.