Без Канапацкай. Хто прэтэндуе на «адзінага» кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Сьпіс

Удзельнікі праймэрыз, зьлева направа: старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, былая дэпутатка Ганна Канапацкая (не зарэгістраваная прэтэндэнткай), намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыні БХД Вольга Кавалькова і Павал Севярынец

Апоўдні 4 сакавіка ў офісе руху «За свабоду» абвесьцілі сьпіс палітыкаў, зарэгістраваных прэтэндэнтамі на «адзінага» кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад правацэнтрысцкай апазыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэст-гульня: Якія ў вас шанцы стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі

Зарэгістравалі пяць прэтэндэнтаў:

  • Юры Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»;
  • Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі;
  • Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі;
  • Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі;
  • Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ.

Дзе Канапацкая?

Як растлумачылі на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі (АГП, ПБНФ, БСДП (Грамада), БХД, «За свабоду»), экс-дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую, якая таксама падавала заяўку на ўдзел, не падтрымалі некалькі ўдзельнікаў пагадненьня аб народным галасаваньні.

Рашэньне прымалася «кансэнсусам» усіх прадстаўнікоў кааліцыі: прысутнічалі кіраўнікі партыяў і рухаў Губарэвіч, Казлоў, Кастусёў, Сігаеў, Севярынец. Супраць Канапацкай выступілі прадстаўнікі АГП і БСДП (Грамада). Лідэры структураў цягам пяці дзён маглі прэзэнтаваць рашэньне чальцам сваіх партыяў ці рухаў.

Прадстаўнікі штабу на прэс-канфэрэнцыі

Як расказаў выканаўца абавязкаў каардынтара штабу Аляксей Сігаеў — прадстаўнік БСДП (Грамада), «публічная дзейнасьць і выказваньні Канапацкай не былі накіраваныя на ўмацаваньне даверу». Таксама з боку былой дэпутаткі пачулі і пагрозы зваротамі ў дзяржаўныя органы наконт праверкі дзейнасьці штабу праймэрыз.

Фармальная падстава для нерэгістрацыі Ганны Канапацкай — неадпаведнае афармленьне пададзеных подпісаў. Яна прадставіла 224 подпісы, а 41 не ўтрымліваў адрас рэгістрацыі падпісантаў (для прэтэндэнт павінен або вылучыцца ад зарэгістраванай партыі ці грамадзкай арганізацыі, або сабраць 200 подпісаў). Было тры подпісы нібыта ад людзей, народжаных у 2020 годзе. Іншыя подпісы за Кавалькову і Канапацкую правяралі праз тэлефанаваньні (нават тыя подпісы, дзе не запоўнілі адрасы).

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў расказаў Свабодзе, што хоць ён і БНФ галасавалі за рэгістрацыю Канапацкай, пагаджаецца, што загадзя прынятая працэдура была выкананая.

Што далей?

Прэтэндэнт павінен быў зрабіць грашовы ўнёсак у эквіваленце 500 эўраў — Канапацкай грошы вернуць.

Прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца не пазьней за 30 жніўня 2020 году. У выпадку нерэгістрацыі «адзінага» кампанія будзе заклікаць выбарнікаў да байкоту выбараў. Той жа сцэнар прадугледжаны ў выпадку масавых рэпрэсіяў супраць удзельнікаў кампаніі.

Галасаваньне за канчатковы выбар «адзінага» будзе праходзіць і на сустрэчах у рэгіёнах (трэба будзе пацьвердзіць асобу пашпартам) і праз інтэрнэт (пацьверджаньне — праз SMS). Пераможа той, хто набярэ простую большасьць галасоў (цяпер фаварытаў у штабе ня бачаць).

Першыя сустрэчы ў рэгіёнах у межах анансаваных праймэрыз заплянаваныя ўжо на бліжэйшую пятніцу 6 сакавіка ў райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласьці (ад 17:30 у дзіцячай школе мастацтваў). Галасаваньне за «адзінага» пачнецца ад 4 сакавіка. Сустрэчы будуць ладзіцца па аўторках, пятніцах, суботах і нядзелях — плянуюць наведаць 56 гарадоў.

Удзельнікі кампаніі ў выпадку фальсыфікацыі выбараў зьбіраюцца заклікаць да перавыбараў, а ў выпадку адмовы ў перавыбарах — да нацыянальнага страйку. Магчымыя заклікі да гвалтоўных акцыяў адразу абвясьцілі правакацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая супраць Янукевіча: ці варта Беларусі выходзіць з Эўразійскага саюзу?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Губарэвіч, Кавалькова, Севярынец: Як будзе вырашаць нафтавае пытаньне новы прэзыдэнт Беларусі?

За што мае выступаць «адзіны кандыдат»?

Поўная праграма для «адзінага» яшчэ ня складзеная. 31 траўня маюць прыняць канчатковую праграму. Але згодна з правіламі ўдзелу ў праймэрыз, кожны прэтэндэнт павінен выступаць:

  • за незалежнасьць Беларусі,
  • супраць дыктатуры,
  • за абарону сацыяльных і эканамічных правоў грамадзянаў,
  • за выхад з АДКБ і дамовы аб «Саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі,
  • за вывад замежных вайсковых аб’ектаў зь Беларусі,
  • за разьвіцьцё беларускай мовы і культуры,
  • за добрасуседзкія і раўнапраўныя адносіны з Эўразьвязам, ЗША, Расеяй і іншымі краінамі,
  • супраць умяшаньня зьнешніх сілаў ва ўнутраныя справы Беларусі,
  • за сьвецкую дзяржаву,

Таксама кандыдат мусіць:

  • паважаць правы вернікаў і не выступаць з заявамі, якія супярэчаць традыцыйным поглядам на сям’ю і грамадзтва;
  • прыняць абавязак неадкладна пасьля перамогі правесьці канстытуцыйную рэформу цягам 4 месяцаў, свабодныя парлямэнцкія выбары, рэформы выбарчага заканадаўства;
  • паабяцаць не вылучацца на другі прэзыдэнцкі тэрмін;
  • падтрымліваць палажэньні Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека;
  • лічыць, што Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і яго ўдзел у выбарах незаконны.

Пасьведчаньні прэтэндэнтаў у кандыдаты

Хто яшчэ можа пайсьці на выбары?

Пра прэзыдэнцкія амбіцыі ў абыход праймэрыз заяўлялі кіраўнік «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Не зьбіраецца сыходзіць на пэнсію і дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Раней не выключылі свайго ўдзелу ў праймэрыз таксама старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук, блогер Сяргей Ціханоўскі. Але заявак яны не падалі.​ Ганна Канапацкая, экс-дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў, падавала заяўку на праймэрыз, але яе не зарэгістравалі — ці будзе яна спрабаваць удзельнічаць у выбарах самастойна, яна не казала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адзіны» і «кандыдаты пратэсту». Два пляны апазыцыі на выбары

Што важна ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.