Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супэраўторак»: Байдэн перамог у дзевяці штатах, аднак Сандэрс ненашмат адстае

абноўлена

Бэрні Сандэрс і Джо Байдэн

Сандэрс атрымаў верх у найбольшым штаце — ​Каліфорніі, а Байдэн перамог у Тэхасе, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Джо Байдэн перамог на праймэрыз у некалькіх штатах Сярэдняга Захаду і Поўдня ў супрацьстаяньні з прагрэсівістам Бэрні Сандэрсам, які спадзяецца атрымаць у свой актыў багатыя на колькасьць дэлегатаў партыйнага зьезду заходнія штаты і ўтрымаць лідэрства сярод кандыдатаў у прэзыдэнты ад дэмакратаў.

Байдэн і Сандэрс змагаліся за дэлегатаў у 14 штатах і тэрыторыі Амэрыканскае Самоа, дзе праходзіць галасаваньне ў «супэраўторак» — самы важны дзень сэзону першасных выбараў.

Аднак жамчужына ў кароне «супэраўторка», Каліфорнія, дзе на кон пастаўлены 415 дэлегатаў партыйнага зьезду дэмакратаў, дасталася Сандэрсу.

Байдэн перамог у штаце Тэхас, які накіроўвае на зьезд 228 дэлегатаў.

Сэнатар ад Вэрмонту адкрыў вечар падліку галасоў як бясспрэчны лідэр дэмакратаў, атрымаўшы пераканаўчую перамогу ў сваім родным штаце, Каларада і Юце.

Байдэн жа перамог у Масачусэтсе і Аклагоме, дзе нарадзіўся яшчэ адна кандыдатка ў прэзыдэнты, сэнатарка Элізабэт Уорэн, а таксама ў паўднёвых штатах, уключаючы Вірджынію, Алабаму, Паўночную Караліну, Тэнэсі і Арканзас. Гэта стала сыгналам, што ён умацоўвае свой статус лідэра сярод дэмакратычнага істэблішмэнту.

Байдэн таксама перамог у Мінэсоце — штаце, які Сандэрс спадзяваўся атрымаць у сваю скарбонку. Гэта стала сьведчаньнем папулярнасьці былога віцэ-прэзыдэнта па ўсёй краіне.

«Людзі гавораць пра рэвалюцыю. Мы ж заснавалі рух», — заявіў Байдэн у Каліфорніі.

Сандэрс атакаваў Байдэна ў пераможнай прамове ў Вэрмонце. «Нельга перамагчы Трампа той жа самай старой палітыкай», — заявіў ён.

У асобах Байдэна і Сандэрса дэмакратам даецца выразны выбар у тым, якога кандыдата яны хочуць выставіць супраць прэзыдэнта Дональда Трампа ў лістападзе.

Сандэрс — 78-гадовы дэмакратычны сацыяліст, які абапіраецца на энэргічную кааліцыю левага флянгу сваёй партыі, якая падтрымлівае яго шматгадовую барацьбу за трансфармацыю амэрыканскай палітычнай і эканамічнай сыстэм.

77-гадовы Байдэн лічыцца лідэрам вашынгтонскага істэблішмэнту Дэмакратычнай партыі, які робіць упор на прагматычны падыход да такіх ключавых палітычных пытаньняў, як ахова здароўя і зьмяненьне клімату.

Паводле падліку агенцтва Associated Press, Байдэн меў галасы 453 дэлегатаў партыйнага зьезду, а Сандэрс — 382.

Чакаецца, аднак, што вынікі могуць сур’ёзна памяняцца ў наступныя некалькі гадзін. Некаторыя кандыдаты трымаюцца ў раёне 15 працэнтаў галасоў. У выпадку пераадоленьня гэтага парога яны таксама атрымліваюць адпаведную колькасьць дэлегатаў.

Для вылучэньня ад партыі кандыдат павінен атрымаць галасы 1991 дэлегата, што складае большасьць ад 3979 дэлегатаў зьезду, абавязаных галасаваць у адпаведнасьці з вынікамі праймэрыз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG