Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З прэзыдэнцкай гонкі ў ЗША зьняўся самы малады прэтэндэнт — 38-гадовы «мэр Піт»


Піт Бутыджэдж, архіўнае фота

Піт Бутыджэдж зьняў сваю кандыдатуру з праймэрыз Дэмакратычнай партыі, бо больш ня бачыць шанцаў перамагчы і стаць кандыдатам у прэзыдэнты Злучаных Штатаў ад дэмакратаў, перадае Reuters.

Такую заяву Піт Бутыджэдж, якога прыхільнікі называюць «мэр Піт», зрабіў пасьля таго, як на праймэрыз у Паўднёвай Караліне перамог зь вялікім адрывам цэнтрыст Джо Байдэн.

За час ранейшых праймэрыз Піт Бутыджэдж атрымаў 26 галасоў дэлегатаў у штаце Аёва. Акрамя яго, галасы дэлегатаў здабылі ў іншых штатах дэмакратычны сацыяліст Бэрні Сандэрс (60 дэлегатаў) і цэнтрыст Джо Байдэн (54), а таксама сэнатаркі Элізабэт Уорэн і Эмі Клобушар (8 і 7 адпаведна).

38-гадовы Бутыджэдж быў самым маладым кандыдатам, які мог кінуць выклік дзейнаму прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу на выбарах, заплянаваных на 3 лістапада 2020 году.

Цяпер у выбарчай гонцы ў дэмакратаў застаецца 38-гадовая гавайская дэпутатка Талсі Габард (на момант выбараў ёй будзе 39), але пакуль яна не заваявала ніводнага дэлегата. Цяперашнім лідэрам гонкі, Сандэрсу і Байдэну, адпаведна 78 і 77 гадоў.

Піт Бутыджэдж — былы мэр гораду Саўт-Бэнд у штаце Індыяна. Самы малады мэр амэрыканскага гораду з насельніцтвам больш як 100 тысяч чалавек. Былы афіцэр вайсковай выведкі, які 7 месяцаў служыў у Аўганістане. Першы адкрыты гей, які здабыў падтрымку дэлегатаў на выбарах кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад адной з асноўных амэрыканскіх партый.

Нягледзячы на заклікі да зьмены пакаленьняў у палітыцы, Бутыджэдж меў імідж цэнтрыста, гатовага без агрэсіі дамаўляцца са сваімі апанэнтамі. Крытыкі ж гаварылі пра адсутнасьць у яго палітычнага досьведу на нацыянальным узроўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG