Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакраты ў ЗША патрабуюць неадкладна ўвесьці супраць Расеі новыя санкцыі


Чак Шумэр

Трое вядучых сэнатараў-дэмакратаў заклікалі адміністрацыю Дональда Трампа неадкладна ўвесьці супраць Расеі новыя санкцыі — пасьля таго, як прадстаўнікі амэрыканскіх спэцслужбаў паведамілі Кангрэсу, што Расея, верагодна, зноў, як і ў 2016 годзе, спрабуе ўмяшацца ў выбары прэзыдэнта ЗША.

Сэнатары Чак Шумэр, Боб Мэнэндэс і Шэрад Браўн напісалі ліст дзяржсакратару Майку Пампэо і міністру фінансаў Стывэну Мнучыну, у якім запатрабавалі санкцый супраць прадстаўнікоў расейскіх уладаў і ўсіх датычных да ўмяшаньня ў выбары.

«Любыя менш значныя крокі будуць азначаць адмову ад вашай адказнасьці за абарону ЗША ад гэтай сур’ёзнай пагрозы нашай нацыянальнай бясьпецы і цэласнасьці нашага электаральнага працэсу», — гаворыцца ў лісьце сэнатараў. Шумэр — лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Сэнаце, Мэнэндэс і Браўн — вядучыя дэмакраты ў камітэтах па міжнародных справах і фінансах.

Белы дом пакуль не пракамэнтаваў ліст. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней скептычна выказваўся наконт новых паведамленьняў пра расейскае ўмяшаньні. Ён казаў, што дэмакраты разьдзімаюць гэтую гісторыю, каб нашкодзіць як яму, так і сэнатару Бэрні Сандэрсу, які змагаецца за вылучэньне ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі і лічыцца праціўнікам партыйнага кіраўніцтва.

На закрытым брыфінгу ў Кангрэсе раней у лютым прадстаўнікі выведкі ЗША выступілі з заявамі, што Расея вядзе дэзінфармацыйную і прапагандысцкую кампанію — галоўным чынам у сацыяльных сетках — у падтрымку Трампа. Паводле газэты Washington Post, «афіцыйныя асобы ЗША» таксама папярэдзілі аб тым, што Расея нібыта спрабуе дапамагчы Сандэрсу стаць кандыдатам ад дэмакратаў. Бэрні Сандэрс, камэнтуючы гэтае паведамленьне, падкрэсьліў, што, у адрозьненьне ад цяперашняга прэзыдэнта, цьвёрда выступае супраць спробаў любой замежнай дзяржавы ўмяшацца ў амэрыканскія выбары.

Дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Роберт О’Браен заявіў, што прэса і дэмакраты раздулі тое, што было на брыфінгу, і што прамых дадзеных пра расейскае ўмяшаньне пакуль няма. Памочнік кіраўніка працоўнай групы ФБР па супрацьдзеяньні замежнаму ўплыву Дэйвід Портэр, аднак, заявіў, што Расея праводзіць «дзёрзкую і разбуральную» апэрацыю супраць ЗША. Паводле яго, мэта апэрацыі — ня столькі дапамагчы нейкаму палітыку, колькі «падарваць давер да саміх асноваў нашай дэмакратычнай сыстэмы» і «стварыць атмасфэру пастаяннай какафоніі, бязладзіцы і канфлікту».

Крэмль у пятніцу заявіў, што ня ўмешваецца ў амэрыканскія выбары.

Магчымасьць уводзіць санкцыі супраць Расеі прадугледжаная Законам аб супрацьдзеяньні праціўнікам ЗША праз санкцыі, прынятым у 2017 годзе — апроч іншага, як рэакцыя на высновы амэрыканскай выведнай супольнасьці пра тое, што Расея ўмешвалася ў ход выбараў 2016 году. Расейскае ўмяшаньне расьсьледаваў спэцпракурор Роберт Мюлер, які прыйшоў да высновы, што Расея дапамагала Дональду Трампу, аднак не знайшоў пацьверджаньняў таго, што каманда Трампа была ў змове з Масквой. Масква адпрэчыла гэтыя абвінавачваньні, а Трамп неаднаразова ставіў высновы выведкі пад сумнеў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG