Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грын-карты» ў ЗША перастануць выдаваць патэнцыйна залежным ад дзяржаўнай дапамогі


© Shutterstock

Вярхоўны суд падтрымаў іміграцыйную ініцыятыву Трампа. Новыя правілы забараняюць выдаваць «грын-карты» імігрантам, якім можа спатрэбіцца падтрымка дзяржавы, паведамляе Голас Амэрыкі.

Адміністрацыя прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа ў панядзелак, 24 лютага ўвяла новую іміграцыйную ініцыятыву, якая прадпісвае адмаўляць у пастаянным відзе на жыхарства людзям, якім можа спатрэбіцца дзяржаўная дапамога, у тым ліку жыльлёвая і харчовая.

Паводле дзяржаўных органаў Нью-Ёрка, якія адказваюць за праграмы ў сфэры аховы здароўя і сацыяльнага забесьпячэньня, некаторыя імігранты пачалі адмаўляцца ад удзелу ў праграмах харчовай дапамогі і Medicare, хоць на іх можа і не распаўсюджвацца новае правіла.

У барацьбе з распаўсюджваньнем ілжывай інфармацыі аб новых абмежаваньнях улады гораду маюць намер актывізаваць ініцыятывы, накіраваныя на інфармаваньне насельніцтва, у тым ліку гарачыя лініі для імігрантаў і праграмы аказаньня юрыдычнай дапамогі.

«Чым шкоднае гэтае правіла? Тым, што яно сее блытаніну і спараджае страхі», — адзначае камісар дэпартамэнту сацыяльнага забесьпячэньня Нью-Ёрку Стывен Бэнкс.

Іміграцыйнае заканадаўства ЗША даўно загадвае адмаўляць у «грын-картах» людзям, якія могуць апынуцца на дзяржаўнай апецы, але раней гаворка ішла толькі аб атрыманьні грашовай дапамогі або разьмяшчэньні ў спэцыялізаваных установах.

Новыя правілы пашыраюць трактоўку і распаўсюджваюцца на атрымальнікаў іншых відаў ільгот, а таксама улічваюць такія фактары, як узрост, адукацыя і ўзровень валоданьня англійскай мовай.

Выканаўца абавязкаў намесьніка міністра ўнутранай бясьпекі Кен Кучынэлі ў панядзелак адзначыў у інтэрвію Fox News, што новыя правілы закліканы дапамагчы гарантаваць, што імігранты ня стануць клопатам для амэрыканскіх падаткаплатнікаў і змогуць самастойна сябе забясьпечваць.

Жорсткая іміграцыйная палітыка зьяўляецца адным з ключавых элемэнтаў плятформы Трампа. Прэзыдэнт прыняў шэраг захадаў для абмежаваньня легальнай міграцыі, а таксама спрабуе зьнізіць колькасьць незаконных перасячэньняў мяжы.

Новыя правілы будуць распаўсюджвацца пераважна на тых, хто жыве ў ЗША па візе і хоча зьмяніць свой статус, а таксама на тых, хто падае заяўкі на «грын-карты» у консульствах за мяжой.

Большасьць імігрантаў, якія хочуць атрымаць «грын-карты», ня маюць права на льготы. Аднак праціўнікі ініцыятывы асьцерагаюцца, што імігранты будуць неапраўдана адмаўляцца ад удзелу ў праграмах дапамогі, на якія не распаўсюджваюцца абмежаваньні, у тым ліку ў праграме харчовай дапамогі жанчынам і дзецям.

Вярхоўны суд ЗША падтрымаў ініцыятыву і дазволіў ёй набыць моц па ўсёй краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG