Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут усе кепска езьдзяць». Апазыцыянэрка зьехала зь Беларусі і стала дальнабойніцай у Амэрыцы


Аляксандра Васілевіч
Аляксандра Васілевіч

Палітычная дзяячка з Горадні Аляксандра Васілевіч на пачатку 2017 году зьехала ў ЗША. На катэгорыю В яна здала за два тыдні да ад’езду. Цяпер дзяўчына жыве каля акіяна, возіць грузы на траку па ўсіх Штатах і ня ведае, калі вернецца на радзіму.

«У Амэрыцы ты ўвесь час працуеш»

Аляксандры 32 гады. Амаль тры зь іх яна жыве ў Філядэльфіі, штат Пэнсыльванія.

Філядэльфія
Філядэльфія

У Беларусі дзяўчына ўзначальвала горадзенскую арганізацыю Аб’яднанай грамадзянскай партыі і моладзевую арганізацыю АГП «Маладыя дэмакраты». Палітычнай дзейнасьці прысьвяціла больш як 10 гадоў.

Калі пачыналіся пратэсты супраць «дармаедзкага дэкрэту», паехала ў ЗША, як тады меркавала — на паўгода, зарабіць грошай. Аднак засталася на даўжэй. Ці вернецца ў Беларусь, пакуль ня вырашыла. Але і Злучаныя Штаты для яе пакуль ня сталі родным домам.

«Тут няма тых сяброў, тых стасункаў»
«Тут няма тых сяброў, тых стасункаў»

«Тут няма тых сяброў, тых стасункаў. Тут ты ўвесь час працуеш. Адпачынак 1–2 тыдні на год, і то не адразу, а празь некалькі гадоў працы. Для амэрыканцаў гэта прывычна. Для нашых людзей, якія працуюць з 8 да 17 і для якіх субота і нядзеля выходныя, вельмі цяжка. Бо тут як ты працуеш, так і атрымліваеш грошы», — кажа Аляксандра.

Кажа, што працоўны дзень у Амэрыцы можа доўжыцца па 12 гадзін з двума перапынкамі на 30 і 15 хвілін.

Хуткі тэмп жыцьця, недахоп часу і неабходнасьць пастаянна працаваць — тое, што ўразіла дзяўчыну ў новай краіне больш за ўсё.

Першую працу знайшла па абвестках

Аляксандра ехала ў ЗША па турыстычнай візе. У кішэні мела паўтары тысячы даляраў на першы абыходак і аплочаную арэнду пакоя — дапамагла былая аднаклясьніца, што пераехала ў Штаты раней. Узровень сваёй ангельскай мовы яна ацэньвае як «усё разумею і, калі трэба, магу паразумецца». Зрэшты, гэта аказалася не настолькі важным, бо пасялілася ў расейскамоўным раёне. У горадзе жыве шмат гарадзенцаў.

На першай працы зарабляла 650 даляраў у тыдзень
На першай працы зарабляла 650 даляраў у тыдзень

Па назіраньнях Аляксандры, беларусы нават пры пераезьдзе ў ЗША падзяліліся. Так, гарадзенцаў шмат у Філядэльфіі, менчукоў — у Флорыдзе і Каліфорніі.

На працу ў клінінгавую кампанію, на якую гарадзенка дамаўлялася яшчэ зь Беларусі, яе не ўзялі. Таму працу шукала ўжо на месцы праз газэту. Адзначае, што без грын-карты знайсьці добры занятак у Амэрыцы складана. Мужчыны часта ідуць на будоўлю або іншыя фізычна цяжкія працы.

Уладкавалася ў расейскамоўную краму касірам на 6 дзён у тыдзень. Зарабляла 650 даляраў на тыдзень, гэта крыху больш як мінімум. За пакой з прыбіральняй у прыгарадзе Філядэльфіі плаціла каля 600 даляраў на месяц.

Грамадзкі транспарт у ейным горадзе арганізаваны слаба. Таму дзяўчына штодня хадзіла на працу пешкі за 7 кілямэтраў, пакуль не набыла машыну.

Кіроўцы тракаў зарабляюць па 1,5 тысячы даляраў у тыдзень

Аляксандра ў кабіне трака
Аляксандра ў кабіне трака

У ЗША Аляксандра памяняла чатыры працы. Тэорыю па кіраваньні вялікагрузамі ў Амэрыцы вывучыла сама, і пасьля экзамэну яе ўзялі выкладаць па-ангельску ў аўташколу. Празь нейкі час дзяўчына здала на правы, каб кіраваць тракам, хоць пасьведчаньне кіроўцы ў Беларусі атрымала перад самым ад’ездам у Амэрыку.Уладкавалася ў расейскамоўную фірму па перавозцы грузаў. Аб’езьдзіла амаль усе штаты, акрамя Аляскі, Гаваяў і Вашынгтона.

У дальнабойшчыцы пайшла, бо любіць падарожжы. Цешыцца разнастайнасьцю прыроды, якая зьмяняецца цягам дня: горы, акіян, рэкі.

«Прырода тут прыгожая», — кажа беларуска.

Па горадзе затое на траку езьдзіць складана, бо ён мала дзе можа праехаць і цяжка прыпаркаваць машыну даўжынёй больш як 20 мэтраў.

Аляксандра любіць працу за магчымасьць падарожнічаць
Аляксандра любіць працу за магчымасьць падарожнічаць

Сярэдні заробак кіроўцаў тракаў — 1200–1500 даляраў у тыдзень.

Па словах Аляксандры, у Амэрыцы дзяўчыне ўладкавацца кіроўцам трака цяжка, хоць у абвестках і пішуць, што наймаюць «незалежна ад полу, расы і сэксуальнай арыентацыі».

Аднак жанчын на вялікагрузах тут, па ейных падліках, ня больш за 5%. Часьцей яны старэйшага ўзросту. Звычайна езьдзяць у пары з мужчынамі і на невялікія адлегласьці.

Для адной жанчыны такая праца сапраўды цяжкая, мяркуе Аляксандра. Прыкладам, трэба накрываць машыну тэнтам, які важыць 30 кіляграмаў.

Аляксандру ўзялі на працу, бо за яе паручыўся ейны цяперашні напарнік зь Беларусі.

«Яны табе даюць машыну сярэднім коштам 150 тысяч даляраў, гэта без уліку кошту грузу. Хто ж захоча аддаць яе кіроўцу, які кепска водзіць?» — кажа дзяўчына.

Начаваць на стаянках пасярод лесу небясьпечна
Начаваць на стаянках пасярод лесу небясьпечна

Езьдзіць адной або зь іншай жанчынай яна ня хоча. Гэта і фізычна цяжка, і, кажа Аляксандра, на лясной стаянцы могуць напасьці. Часам іншыя кіроўцы спрабуюць заляцацца. Аднак да канфліктаў не даходзіла.

«Тут у вакенца ня стукаюцца. За гэта можна і ў паліцыю пазваніць», — тлумачыць суразмоўніца.

Самы доўгі рэйс — месяц і 40 тысяч кілямэтраў

Побыт у дарозе для Аляксандры не праблема. Кажа, яна ня хатні чалавек, спаць у ложку не абавязкова. Тым больш, амэрыканскі трак большы за эўрапейскі, не раўнуючы дом на колах. Двухпавярховы ложак, шафы, лядоўня, мікрахвалёўка.

Інфраструктура прыстасаваная для дальнабойшчыкаў: на запраўках бясплатны душ, кіроўцам на тыя ці іншыя прадукты даюцца зьніжкі.

Самы доўгі ейны рэйс расьцягнуўся на месяц і 40 тысяч кілямэтраў.

Самы доўгі рэйс цягнуўся месяц
Самы доўгі рэйс цягнуўся месяц

«Месяц — гэта вельмі цяжка. Заканчваецца ежа, кава. Прыгатаваць хатнія катлеты ў дарогу — гэта адно, а харчавацца гамбургерамі — іншае. Бясплатны душ — добра. Але на яго адводзіш 20–30 хвілін. Чым больш ты ў душы, тым менш ты пасьпіш. Зусім іншае, калі дома ты разумееш, што ў цябе ёсьць 1–2 гадзіны паплюхацца ў ваньне, ніхто цябе не чапае», — расказвае Аляксандра.

«Арыентавацца на дарозе ў Амэрыцы прасьцей»

Дыскрымінацыі з-за таго, што дзяўчына кіруе тракам, беларуска не адчувае. Яна мяркуе, што ў ЗША на правы здаць лягчэй, бо вучаць асновам перамяшчэньня, а не крутому кіраваньню. Да таго ж няма і надта складаных пытаньняў з тэорыі.

«Тут яны ўсе кепска езьдзяць. Выжываюць, бо ўзаемна ветлівыя», — мяркуе суразмоўніца.

Арыентавацца на дарозе, на думку беларускі, у Амэрыцы прасьцей. Знакі лёгка зразумелыя.

Гарадзенка аб’езьдзіла амаль усе штаты ЗША
Гарадзенка аб’езьдзіла амаль усе штаты ЗША

«Напрыклад, ёсьць знак, што мост можа заледзянець раней, чым дарога, прычым гэта пішацца словамі. Няма знака галоўнай дарогі з жоўтым ромбам. Галоўная дарога тут і ёсьць галоўная дарога. Знакі „стоп“ так і напісаныя. „Стоп для ўсіх“ — спыняюцца ўсе. Хто першы пад’ехаў, той і перасякае скрыжаваньне», — кажа дзяўчына.

На ейную думку, у Амэрыцы спакайней у падарожжах. Дарогі шырэйшыя, чым у Эўропе. Усе дарогі паміж штатамі маюць два разьдзеленыя кірункі руху: дзьве паласы ў адзін бок, дзьве ў другі, нельга выехаць на сустрэчную паласу, каб абагнаць іншае аўта.

Зь іншага боку, звычайнае абмежаваньне па хуткасьці — 70 міляў на гадзіну, гэта каля 115 кілямэтраў на гадзіну. Разьвязкі больш складаныя, але ў іх лягчэй разабрацца дзякуючы знакам.

«Мы некалі ехалі ў Піцер і зрабілі тры кругі па аб’язной, бо навігатар заблукаў. Тут пытаньне, дзе складаней», — разважае беларуска.

«У амэрыканцаў няма размоваў на кухні „за палітыку“»

У ЗША дзяўчына заўважае розьніцу паміж вялікімі і малымі гарадамі.

«У вялікіх сьпяшаюцца, бягуць, зарабляюць грошы. У маленькіх — проста жывуць, хоць таксама зарабляюць грошы і езьдзяць на пікапах», — кажа дзяўчына.

Непрывычнымі для яе былі і славутыя ўсьмешкі амэрыканцаў. А пачуўшы «Вітаю, як маесься?» — яна спачатку сапраўды пачынала расказваць пра сваё жыцьцё.

«Аказваецца, гэта проста форма гутаркі. Ты можаш проста адказаць: „Вітаю. А як ты?“ і пайсьці далей», — кажа дзяўчына.

Па ейных назіраньнях, людзі ў невялікіх кварталах ведаюць адно аднаго, вітаюцца, сочаць за жыцьцём суседзяў. Зь дзіўнага для яе — у ЗША прынята «здаваць». Калі машына стаіць крыху няроўна, то замест таго, каб папрасіць суседа перапаркавацца, чалавек патэлефануе ў паліцыю.

Аляксандра застаецца ў партыі. Па магчымасьці бярэ ўдзел у мерапрыемствах, удзельнічае онлайн у канфэрэнцыях. Спрабавала на адлегласьці ўладжваць канфлікты ўнутры партыі, нават складала з Амэрыкі тэкст звароту.

«Нельга выкрэсьліваць з жыцьця тое, чаму ты прысьвяціў 10 гадоў», — кажа яна.

Большасьць знаёмых, кажа, падтрымала пераезд, хоць стаўленьне бывала рознае.

На думку беларускі, у Амэрыцы больш палітычных правоў і свабодаў.

«Гэта бачна па тым, як беларускія згуртаваньні праводзяць па некалькі мерапрыемстваў у год на цэнтральных плошчах Нью-Ёрку. Унутрыпартыйных разборак я ня бачу. Думаю, яны не выносяцца вонкі. Многія падтрымліваюць Трампа і сыстэму закручваньня гаек наконт мігрантаў. Але ў амэрыканцаў няма размоваў на кухні за палітыку. Яны жывуць у сваім сьвеце „праца-дом“. Іх усё задавальняе», — мяркуе актывістка.

Вярнуцца ў Беларусь дзяўчына плянуе, калі ў краіне нешта зьменіцца. Цяпер ёй замінае гэта зрабіць палітычны крызіс і эканамічная стагнацыя.

«Я люблю Беларусь, бо гэта мая радзіма. Я люблю людзей, прыроду. Але ў Беларусі я ня бачу будучыні. Што мне мая радзіма можа прапанаваць — працу на 250 даляраў?» — пытаецца гарадзенка.

І чакае гутаркі на грын-карту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG