Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыка для беларусаў: «Зіхоткі горад на пагорку» ці «горад д’ябла»


Як беларусы розных пакаленьняў ставяцца да Злучаных Штатаў Амэрыкі? Пра гэта разважаюць Юры Дракахруст, аглядальнік кампаніі БелаПАН Ян Аўсеюшкін, карэспандэнтка «Нямецкай хвалі» Аляксандра Багуслаўская і бізнэсовец Іван Шыла.

Сьцісла:

  • Навіны пра Лукашэнку зьбіраюць нашмат больш клікаў, чым навіны пра Трампа
  • Амэрыканцы могуць здымаць такія душэўныя стужкі, як «Дзевяностыя», пра аднолькавы досьвед падлетка з Лос-Анджэлесу і Салігорску
  • Я люблю дзьве краіны – Беларусь і Амэрыку
  • Мне асабіста бліжэй Эўропа
  • Мы ня вельмі аддзяляем эўрапейскую культуру і амэрыканскую, для нас гэта ўсё калектыўны Захад
  • Для мяне Амэрыка – гэта Цукербэрг, Маск, Гейтс, Джобс
  • Мне агідна ўсё, што Трамп робіць, асабліва ў сфэры міжнародных адносінаў
  • Сёлета ва Ўкраіне зьявіўся прэзыдэнт Зяленскі, які шмат у чым падобны да Трампа
  • Трамп для мяне не «прыгажун», але норм

Дракахруст: На мінулым тыдні Беларусь наведаў дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, ён стаў самым высокапастаўленым амэрыканскім урадоўцам, які наведаў Беларусь за апошнія 25 гадоў.

Гэты візыт — нагода паразмаўляць пра стаўленьне беларусаў розных пакаленьняў, пра вобраз Амэрыкі ў масавай сьвядомасьці.

У СССР, у БССР, гэты вобраз быў амбівалентным. З аднаго боку, шалёная антыамэрыканская дзяржаўная прапаганда — ястрабы з Пэнтагону, дзядзька Сэм паліць напалмам віетнамскіх дзяцей і г. д. Была і рэальная канфрантацыя, падчас карыбскага крызісу сьвет ледзь не абрынуўся ў глябальную ядзерную вайну.

Зь іншага боку, была памяць пра лэнд-ліз, пра амэрыканскую тушонку, пра сустрэчу на Эльбе. З трэцяга боку — джынсы, Мальбара, музыка, пад, якую танчыў увесь сьвет, і зразумела Галівуд, словам, краіна-узор, краіна-ідэал.

Савецкага Саюзу ўжо 28 гадоў як няма. Для беларускай моладзі Амэрыка — «Зіхоткі горад на пагорку», краіна свабоды ці «Горад дʼябла», краіна імпэрыялізму? Ці стаўленьне амбівалентнае? Калі так, то ў чым?

Аляксандра Багуслаўская
Аляксандра Багуслаўская

Багуслаўская: Я мяркую, што стаўленьне цяперашняй беларускай моладзі да Амэрыкі менш эмацыйнае. Раней была прапаганда, нянавісьць ці наадварот — любоў. А цяпер у Беларусі антыамэрыканскай прапаганды няма.

Дракахруст: Праўда? Вы мяркуеце, што няма?

Богуслаўская: Так. Антыамэрыканская прапаганда ёсьць, але з боку Расеі. У беларускім дыскурсе яе няма, прынамсі, я яе ня бачу. Візыт Болтана паказаў, што ў нас афіцыйныя асобы спрабуюць наладзіць адносіны з ЗША. Зразумела, мы дагэтуль жывем у расейскім інфармацыйным полі, у Расеі гэтая прапаганда ёсьць і на людзей гэта ўплывае. І таму многія будуць не любіць Амэрыку.

Але таксама ўплывае і наш беларускі мэнталітэт, для нас важна тое, што адбываецца ў нас. Навіны пра Лукашэнку зьбіраюць нашмат больш клікаў, чым навіны пра Трампа, нягледзячы на ўсю папулярнасьць Трампа.

Стаўленьне стала менш эмацыйным. Амэрыка недзе там далёка, а Лукашэнка, ягоныя кавуны і яго дзяўчаты, хвалююць нас значна больш, чым Трамп і ўсе астатнія.

Што тычыцца моладзі — я вучылася на факультэце міжнародных адносінаў і для нас паездкі ў Эўропу і Амэрыку не былі нечым экстраардынарным. Шмат маіх аднакурснікаў езьдзілі ў Амэрыку па праграме Work and travel на цэлае лета. І пасьля Амэрыкі яны ўсе вярталіся вельмі натхнёныя, некаторыя потым спрабавалі туды зьехаць.

Але ад звычайнага беларуса яна вельмі далёкая. Я не разумею, як яе можна ненавідзець, калі толькі ня ўлічваць расейскую прапаганду.

Аўсеюшкін: Моладзь розная. Ёсьць больш-менш прасунутыя колы, якія часта езьдзяць за мяжу, якія разумеюць розьніцу паміж ЭЗ і ЗША. Але ёсьць велізарная частка моладзі, якая далей за Расею ніколі не выяжджала.

Моладзь зараз не атаясамляе ЗША як палітычны субʼект і як крыніцу мэдыйнага і культурнага кантэнту, які яна спажывае. Яны могуць насіць амэрыканскія красоўкі, амэрыканскую вопратку, слухаць амэрыканскіх выканаўцаў і пры гэтым пасьля прагляду беларускага ці расейскага тэлебачаньня казаць — нешта Амэрыка супраць нас муціць.

У чым душа Амэрыкі?

Дракахруст: Падчас нядаўняга канцэрту ў Менску Макс Корж сказаў: на ўсходзе ад Беларусі няма парадку, на захадзе — душы. А паміж, відаць, Макс увесь у белым. Але калі адштурхоўвацца ад гэтай тэзы, для беларусаў дзе больш душы — у Эўропе ці ў Амэрыцы?

Іван Шыла
Іван Шыла

Шыла: Я быў на гэтым канцэрце Каржа, але неяк прапусьціў гэтую яго фразу. Мне 28 гадоў, я ўвесь час жыву ў Беларусі, пэўны час жыў у Польшчы. Але я ніколі не падзяляў гэты канцэпт наконт «душы».

Я разумею, адкуль гэта бярэцца. Калі людзі зьяжджаюць у эміграцыю ў 23-25 гадоў, табе там складана будзе збудаваць сацыяльныя сувязі, завесьці сяброў, зь якімі можна выпіць і прыгадаць дзяцінства.

Калі вы паглядзіце фільм «Дзевяностыя» пра хлопцаў з ускраінаў Лос-Анджэлесу, дык там шмат сытуацыяў, абсалютна падобных на тое, што было ў маім дзяцінстве ў Салігорску. Гэта тычыцца сэксу, алькаголю, адносінаў са старэйшымі братамі — усё адзін у адзін, як у нас. Адзінае адрозьненьне — у нас амаль не было марыхуаны.

Амэрыканцы прынамсі могуць здымаць такія душэўныя стужкі пра аднолькавы досьвед падлетка з Лос-Анджэлесу і Салігорску. І музыка, і вопратка ў нас былі аднолькавыя.

Дракахруст: Аляксандра сказала, што Амэрыка — гэта далёка. Далёкасьць можа быць ня толькі геаграфічнай.

Шыла: Аляксандра задала пытаньне — ці можа беларус любіць Амэрыку. Я магу. Я люблю дзьве краіны — Беларусь і Амэрыку. Беларусь я дадаў, каб мяне ня лаялі. Папярэджваю — гэта жарт.

Мы часам не ўсьведамляем, наколькі ў нас шмат амэрыканскай культуры. Я ў дзяцінстве чытаў Фэнімара Купэра, «Зьнесеных ветрам», Марыё Пьюза пра амэрыканскую мафію, Фіцджэральда, дэтэктывы пра Ніра Вульфа. Тыя ж кампутарныя гульні — там вельмі часта месца дзеяньня — гэта амэрыканскі горад.

Калі казаць пра палітыку, то я вельмі любіў Абаму і мне цікавы Трамп.

Я ўжо не кажу пра MTV, Netflix, HBO, пра вопратку, пра інтэрнэт — гэта ўсё амэрыканскія рэчы. Амэрыкі шмат вакол нас, я цяпер гавару па амэрыканскім тэлефоне для амэрыканскага радыё.

Кадр са стужкі "Зьнесеныя ветрам"
Кадр са стужкі "Зьнесеныя ветрам"

Дракахруст: Аляксандра, мы пачулі ад Івана сапраўдны гімн Амэрыцы, так бы мовіць, God bless America. А вы таксама можаце выканаць такі гімн? Ці вам бліжэй Эўропа?

Багуслаўская: Мне асабіста бліжэй Эўропа, я думаю пра сябе, як пра эўрапейскага чалавека. У амэрыканскую культуру я не была настолькі ўключаная, хаця таксама чытала і «Зьнесеных ветрам», і Фіцджэральда, і Драйзэра. Але цяпер па роду маёй працы мне хочацца ўпісваць Беларусь у эўрапейскі кантэкст.

А што тычыцца фразы Каржа пра душу, то мне здаецца, што ён вельмі спрашчаў. У нас ёсьць стэрэатып, што амэрыканцы — бяздушныя, яны ўсьміхаюцца табе на вуліцы, пытаюцца, як справы, але ў гэтым няма сапраўднай цікавасьці. Лічыцца, што славянскія людзі (многія мае знаёмыя любяць ужываць гэты выраз) — беларусы, расейцы, украінцы — могуць адкрыць усю сваю душу з першай сустрэчы.

Я мяркую, што Корж меў на ўвазе менавіта гэта. І тут эўрапейцы ня надта адрозьніваюцца ад амэрыканцаў. Я ня думаю, што і зь немцам можна пагаварыць надта ўжо шчыра.

Аўсеюшкін: Я б не сказаў, што беларусы лічаць сябе надта ўжо эўрапейцамі. Мы — усходнія славяне, усходнія эўрапейцы і мы адрозьніваемся. У Эўропе ёсьць шмат мэмаў пра ўсходніх эўрапейцаў, якія абʼяднаныя трэнікамі Адыдас і ўжыванымі старымі нямецкімі аўтамабілямі. І гэтым абʼяднаныя мы. Я ня думаю, што мы бліжэй да Эўропы, чым да Амэрыкі — мы адрозьніваемся і ад адных, і ад другіх.

Ня тое, каб нас ад іх аддзяляла прорва, але мы ня вельмі аддзяляем эўрапейскую культуру ад амэрыканскай, што для моладзі, што для старэйшага пакаленьня — гэта ўсё калектыўны Захад. І калі, скажам, называць папулярных музыкаў, то людзям будзе складана сказаць, ён эўрапейскі ці амэрыканскі. Скажуць — заходні, ангельскамоўны.

Хто твар сучаснай Амэрыкі?

Дракахруст: У кім увасабляецца Амэрыка для сучаснай беларускай моладзі, хто ёсьць яе квінтэсэнцыя? Для старэйшых пакаленьняў напэўна гэта быў Рузвэлт, Чаплін, пазьней — Кенэдзі, Гэмінгуэй, культ якога быў прынамсі сярод інтэлігенцыі ў 1960-я. А для маладзі цяпер? Гэта Марк Цукербэрг, Ілан Маск, Тарантына, Трамп, нехта іншы?

Шыла: Для мяне Амэрыка — гэта Цукербэрг, Маск, Гейтс, Джобс. Амэрыка — гэта тэхналёгіі. Цікава, як амэрыканцы сябе адчуваюць, калі па ўсім сьвеце бачаць тавары, якія робяцца ці прыдумляюцца ў ЗША.
Амэрыка — гэта кіно, усе стрымінгавыя сэрвісы, гэта музыка.
Ну і плюс амэрыканскі прэзыдэнт. Які ня толькі палітычная фігура.

Ян Аўсеюшкін
Ян Аўсеюшкін

Аўсеюшкін: Калі казаць пра літаратуру, то для мяне Амэрыка — гэта найперш Айн Рэнд. Гэта квінтэсэнцыя Амэрыкі, абсалют амэрыканскага індывідуалізму.

Калі казаць пра сучасны вобраз, то сучасная Амэрыка характарызуецца расколам, вельмі моцнай палярызацыяй грамадзтва. Для нас гэта пакуль ня так актуальна, але, мяркую, у нас гэта таксама будзе. І Трамп — увасабленьне гэтага канфлікту.

Багуслаўская: Я наўрад ці змагу назваць толькі адзін твар, толькі адну пэрсону, якая ўвасабляе Амэрыку. Я згодная з Іванам, для мяне Амэрыка — гэта таксама і Маск, і Цукерберг, і Джобс.

Я мяркую, што для дзяўчынкі-інстаграмшчыцы тварам Амэрыкі будзе Кім Кардаш'ян ці Тэйлар Свіфт.

Ну а ў палітычным сэнсе твар сучаснай Амэрыкі — гэта Трамп.

Трамп — «прыгажун»?

Дракахруст: Што такое Трамп для моладзі? Ён паламаў шмат шматгадовых амэрыканскіх трэндаў. Амэрыка была адэптам глябалізацыі, Трамп — апостал нацыяналізму, паліткарэтнасьць ішла менавіта з ЗША, Трамп — дэманстратыўна непаліткарэтны і г. д. Тым ня менш, перафразуючы пытаньне Юрыя Дудзя, Трамп — «прыгажун», «красавчик»?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Аўсеюшкін: Як для мяне, то Трамп — гэта ціхі жах. Але калі глядзець на яго вачыма беларускай большасьці, то гэта — хадзячы мэм, які даў трасцы старым элітам, усім гэтым сумным, старым мужыкам, зацягнутым у мешкаватыя пінжакі, якія мармыталі нешта незразумелае. А Трамп прыйшоў, напісаў у Твітар — хоп, і ўсе пытаньні вырашыў за 5 хвілінаў.

Праблема зь мігрантамі — будуем мур. Іншая праблема — таксама імгненна знаходзіць рашэньне.

Такі канцэнтраваны папуліст, які рубіць праўду-матку і робіць з палітыкі шоў. Гэта тое, чаго не хапае моладзі і ня толькі ёй. Палітыка — гэта ж ня толькі хлеб, але і відовішча. І Трамп дае відовішча.

Ён вельмі добра адчувае інтэрнэт. У яго што ні допіс, то мэм.

Дональд Трамп і Джон Болтан
Дональд Трамп і Джон Болтан

Багуслаўская: Для мяне Трамп — не «прыгажун». Я згодная зь Янам, гэта проста жах. Мне агідна ўсё, што Трамп робіць, асабліва ў сфэры міжнародных адносінаў. Як юрыст-міжнароднік, я не магу зразумець яго дзеяньні па выхадзе з Парыскага пагадненьня па клімаце, зь ядзернай зьдзелкі з Іранам, з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці. Я не разумею, як дзяржава з такой вагой на міжнароднай арэне, можа так сябе паводзіць.

Гэтак жа мне незразумелае ягонае стаўленьне да правоў чалавека. Ён будуе мур, але для мяне гэта права чалавека — шукаць прытулку ў іншай краіне.

Шыла: Трамп — норм. Гэта вялікі палітычны і мэдыйны талент. Мяркую, што ўнутраная палітыка Трампа адпавядае таму, пра што пісала Айн Рэнд — дэрэгуляцыя эканамічнага жыцьця.

Я не кажу пра ягоныя пазыцыі ў дачыненьні да жанчын, але ён дэрэгулюе эканоміку, зьмяншае падаткі.

Як па мне, дык вось Абама — сапраўды прыгажун. Мне падабаўся вобраз Амэрыкі пры Абаму. Тады мы арыентаваліся на ўчынкі Амэрыкі, на ацэнкі Амэрыкі.

Само па сабе жыцьцё Абамы — гэта была прыгожая гісторыя. Але мне падабаюцца розныя прыгожыя гісторыі. І ў гэтым сэнсе Трамп — гэта таксама цікава. Напрыклад, тое, што ён робіць у Твітары.

Сёлета ва Ўкраіне зьявіўся прэзыдэнт Зяленскі, які шмат у чым падобны да Трампа. І гэта забаўна.

Так што Трамп для мяне не «прыгажун», але норм.

XS
SM
MD
LG