Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японская адысэя Вечаслава Казакевіча — паэта зь Бялынічаў


Вечаслаў Казакевіч у Токіё
Вечаслаў Казакевіч у Токіё

Пісьменьнік з правінцыйных Бялынічаў заваяваў давер японцаў і заняў паважанае месца ў грамадзтве, якое неахвотна прымае чужынцаў.

26 апошніх гадоў Вечаслаў (такі варыянт імя запісаны ва ўсіх афіцыйных дакумэнтах) і Маргарыта Казакевічы жывуць у Японіі. На два дамы.

У Токіё пазалетась набылі кватэру зь відам на самую высокую ў сьвеце тэлевежу Tokyo Sky Tree — першы ўласны кут у жыцьці. Вялізная лёджыя яшчэ чакае, каб ператварыцца ў экзатычны сад, а кніжныя паліцы застаўленыя толькі напалову. Бо пакуль што асноўны адрас — Таяма, горад за 300 кілямэтраў ад сталіцы, на беразе Японскага мора.

На фоне герогліфа з назвай году
На фоне герогліфа з назвай году

Тут у мясцовым унівэрсытэце да выхаду на пэнсію працаваў на прафэсарскай пасадзе Вечаслаў Сьцяпанавіч, цяпер ягоную справу працягвае Маргарыта Аляксандраўна.

Іх сям’я інтэрнацыянальная. Ён родам зь Беларусі, яна — з Украіны. Сын Усевалад, якому на момант пераезду было 12 гадоў, вырас, вывучыўся і ажаніўся зь японкай са старога і паважанага роду з поўначы краіны. Дзяды і бабулі з двух бакоў атрымалі ад Севы і Фумікі эўрапейска-азіяцкіх унучак — Анну і Алісу.

Нявестка Фуміка, унучкі Анна і Аліса
Нявестка Фуміка, унучкі Анна і Аліса

Супрацьлеглыя мары бацькі і сына

Вечаслаў Казакевіч нарадзіўся 26 верасьня 1951 году ў Бялынічах на Магілёўшчыне. Ягоны бацька служыў там «мэрам» і дбаў пра тое, каб здабыць для Бялынічаў статус гораду, зрабіць іх узорам для перайманьня.

Аднак савецкія законы ставілі жорсткае патрабаваньне — без 10 тысяч насельніцтва пра рэарганізацыю не магло быць і гаворкі. Паколькі дэмаграфічны выбух пасёлку не пагражаў, сваю сьветлую мару чыноўнік так і не рэалізаваў: Бялынічы сталі горадам толькі пару гадоў таму, ужо без удзелу Казакевіча-старэйшага.

А вось у сына думкі былі зусім пра іншае — зьехаць з гэтага няўдалага кандыдата ў гарады.

Піянэр Слава з мамай і татам. Бялынічы, 1962
Піянэр Слава з мамай і татам. Бялынічы, 1962

«Я рана пачаў пісаць і, седзячы над сшыткам зь бездапаможнымі вучнёўскімі віршамі, канечне ж, марыў пра ўсясьветную славу, — кажа спадар Вечаслаў. — Гэтыя мары ніяк не стасаваліся з родным пасёлкам: гонар, вядомасьць — усё гэта было недзе там, у вялікім сьвеце... Я тады яшчэ ня ведаў, што кнігі выдаюцца ў сталіцах, але нараджаюцца, часьцей за ўсё, у правінцыі, ва ўспамінах пра яе. Карацей кажучы, я марыў пра ўцёкі, як вязень. Як любое дзіця, зачыненае ў сваім дзяцінстве».

У кожнага чалавека тры лёсы, з усьмешкай кажа суразмоўца. Адзін — як фізычнага цела. Другі — лёс душы. Трэці — пасьмяротны. Самы нецікавы — першы. Самы цікавы — апошні.

«Я маю на ўвазе ня толькі пекла ці рай, а і лёс пасьля сьмерці, — працягвае ён. — Што будзе? Толькі лопух — ня самае дрэннае надмагільле, — ці людзкая памяць, якая можа быць доўгай і кароткай, добрай і дрэннай? У дзяцінстве маё цела жыло ў хаце зь бярвеньня на краі звычайнага пасёлку з травой, гусямі, курамі на вуліцы. Але ў душы лёс складаўся інакш. Яна плыла па рацэ Арынока, ішла да полюсу з капітанам Скотам, спускалася да цэнтру Зямлі, ляцела ў гіганцкім снарадзе на Месяц».

Пасьля 10-й клясы з бацькамі, братам і сястрой. Бялынічы, 1968
Пасьля 10-й клясы з бацькамі, братам і сястрой. Бялынічы, 1968

Колькі сябе памятае, будучы паэт марыў пра адно: хутчэй вырасьці і зьехаць у далёкія краі, дзе чакалі цуды і прыгоды.

Да 10 клясы акрэсьліўся рамантычна-дзівацкі маршрут: узяць кій і пайсьці на манер Максіма Горкага вандраваць па бязьмежных прасторах, занатоўваць уражаньні, а потым выдаць кнігу, ад якой усе ахнуць. Лета прайшло ў чаканьні неверагодных адкрыцьцяў, а калі настала дажджлівая восень, вылазіць некуды расхацелася. У выніку аднаклясьнікі паступілі ў інстытуты і разьехаліся, а той, хто найбольш гэтага прагнуў, застаўся дома. Быў качагарам, наймаўся на падсобныя працы. І не здагадваўся, які сюрпрыз рыхтуе яму лёс.

Добраахвотная капітуляцыя ў «афіцэрскім трохбор’і»

На справе аказалася, што родзічы былі ня супраць, каб ён зрабіў вайсковую кар’еру. Увесну наступнага году бацька пераказаў размову зь бялыніцкім ваенкамам — маўляў, у Ленінградзе адчынілася вайскова-палітычная вучэльня, варта паспрабаваць. Дзед, якому ніколі не падабаліся вершы — «Кідай пустое!», які бурчэў кожны раз, бачачы ўнука за сшыткам, быў бы толькі рады, каб той заняўся «сапраўднай справай». Як са сьмехам кажа суразмоўца, пасьля прачытаных кніг па будызму і дзэну можна жартаваць, што дзед абсалютна дакладна разумеў паэзію, зьвязваючы яе з пустатой — у будысцкім разуменьні...

Фатакартка бацькоў на працоўным стале ў такійскай кватэры
Фатакартка бацькоў на працоўным стале ў такійскай кватэры

«Яшчэ нядаўна я з жахам думаў: калі зноў не паступлю, забяруць у армію, — згадвае юнацкія фобіі Вечаслаў Сьцяпанавіч. — Летуценьнікі — небясьпечны народ, асабліва калі ў іх ёсьць улада. І нават калі няма, небясьпечныя для саміх сябе. Варта было пачуць пра вайсковую вучэльню, як у вушах зазьвінелі срэбныя шпоры Лермантава, у вочы палезьлі блакітныя эпалеты Баратынскага, успомніўся юнкер Талстой. І той, хто яшчэ ўчора палохаўся войска, сам рынуўся туды».

Тое, што савецкая ўстанова — зусім ня лейб-гвардыі гусарскі полк, курсант Казакевіч зразумеў вельмі хутка. І ўжо праз два тыдні пасьля паступленьня напісаў заяву: прашу звольніць па ўласным жаданьні. Ротны выклікаў, парваў паперу на шматкі і адрэзаў: «Яшчэ раз напішаш — у Сыктыўкар сашлём, адкуль касьцей крумкач не прыносіць. Сядзі і ня рыпайся...» Ён і ня стаў рыпацца. Да таго ж зьявіліся сябры-паэты, самародкам зь Беларусі зацікавіліся ў ленінградзкім аддзяленьні Саюзу пісьменьнікаў. Пачалі запрашаць на канфэрэнцыі маладых пісьменьнікаў, штосьці друкавалі.

Курсант першага курсу. Ленінград, 1970
Курсант першага курсу. Ленінград, 1970

Знайшліся аматары ягонай творчасьці і ў альма-матэр: курсанта забаўляла, як палкоўнік, намесьнік начальніка вучэльні, уважліва слухаў амаль што антысавецкія вершы.

Лейтэнанта Казакевіча пакінулі ў Ленінградзе зампалітам роты ў палку спэцыяльнага прызначэньня — у вайну яны павінны былі змагацца з дэсантам праціўніка, а ў мірны час ахоўвалі Смольны. Запалу хапіла на два месяцы: так і не знайшоў нічога прыцягальнага ў «афіцэрскім трохбор’і» — бабы, карты, п’янкі. І калі ў частку прыехаў камандуючы, то проста падчас сходу афіцэраў акругі падышоў, адбіваючы крок, і папрасіў асабістай сустрэчы.

«Ён, пэўна, думаў, што я хачу адкрыць яму страшную ваенную таямніцу, а калі даведаўся, што зьбіраюся звольніцца ўсяго праз два месяцы пасьля вучэльні, у яго, як у Зьмея Гарыныча, агонь з рота пайшоў, — сьмяецца Вечаслаў Казакевіч. — Цяпер можна сысьці, і тое грошай запатрабуюць, а тады нерэальна... Чуў, некаторыя ленінградзкія паэты хацелі накіраваць калектыўны ліст з просьбай адпусьціць мяне з арміі, зьбіраліся прасіць Данііла Граніна, каб падпісаў. Дый бацька, паглядзеўшы, куды зацягнуў сына, напісаў міністру абароны СССР...»

З савецкага лейтэнанта ў студэнты-філёлягі

У выніку Вечаслава Казакевіча тэрмінова паклалі ў шпіталь і знайшлі кучу хваробаў, якіх, натуральна, не было. І камісавалі. Пры гэтым сам ён ня лічыць, што чатыры гады вайсковай вучэльні прайшлі дарма.

На літаратурным аб’яднаньні ў Петрапаўлаўскай крэпасьці
На літаратурным аб’яднаньні ў Петрапаўлаўскай крэпасьці

Па-першае, выкладалі ня толькі армейскія дысцыпліны, а і гуманітарныя — філязофію, літаратуру, гісторыю. Выкладчыкаў запрашалі зь Ленінградзкага ўнівэрсытэту. Па-другое, каб адукаваць «наіўнага правінцыяла», мясцовыя нефармалы забясьпечвалі яго кнігамі, якіх не было ў крамах. Так, асобнік Осіпа Мандэльштама «робінгуды» скралі падчас перавозу набраных тэкстаў у друкарню, і малады паэт за ноч перапісаў увесь збор. Адкрыў для сябе Веліміра Хлебнікава, іншых паэтаў, пра існаваньне якіх у беларускай правінцыі, можа, і не падазравалі.

«За розныя правіны мяне часта пазбаўлялі выхаду ў горад, адразу на месяц, — дзеліцца былы вайсковец. — Седзячы ў казарме за высокім плотам, можна было перадумаць тысячу рэчаў, перачытаць гару кніг, і ўвесь гэты час не ўзірацца, як у звальненьні, на сымпатычных дзяўчат, напружана марачы бліжэй пазнаёміцца, а ўглядацца ў сябе, пазнаваць душу. Я складаў вершы, пісаў дзёньнік і зь незадавальненьнем бачыў, што пакуль яшчэ гавару пра сябе шмат у чым чужымі словамі».

На трэцім курсе вершы курсанта-паэта пачынаюць публікавацца
На трэцім курсе вершы курсанта-паэта пачынаюць публікавацца

Пасьля няўдалай вайсковай кар’еры Вечаслаў вярнуўся ў Бялынічы. Сябры-паэты ўгаворвалі застацца ў культурнай сталіцы, паступаць на рэжысэрскі факультэт Інстытуту культуры. Але Ленінград расчараваў: ад фасадаў пампэзных будынкаў цягнула тленам, былога жыцьця ў іх не засталося, а за сьценамі хаваліся сумныя савецкія ўстановы.

Усё жыцьцё хацеў уцячы з пасёлку — і ўпарта вяртаўся назад, заўважае ён. У вучэльні ня мог дачакацца, каб пабачыць родных. Паступіўшы ва ўнівэрсытэт, уяўляў, як едзе дадому. Ажаніўся — хутчэй дабрацца дадому. Кароткія выходныя, адпачынкі — усё было завязана на радзіму. Хоць на некалькі дзён зазірнуць туды, дзе зьявіўся, зрыфмаваў першыя радкі.

«Дагэтуль гадаю, чаму да самага ад’езду ў Японію я зноў і зноў імчаўся ў Бялынічы, — разважае Вечаслаў. — Ёсьць у гэтым штосьці загадкавае. Што там шукаў? Страчанае дзяцінства, цудоўныя ўражаньні ад інею на шкле, жука на траве, рэха на дне калодзежа? Празь некалькі дзён пасьля прыезду мне станавілася сумна, і я казаў: „Тут няма чаго рабіць!“ Але толькі там я скакаў за алмазнымі падвескамі разам з мушкетэрамі, плыў на старадаўніх караблях. Адтуль зоркі і далёкія краіны былі бліжэй за ўсё».

Апошняя сустрэча з бацькам на радзіме
Апошняя сустрэча з бацькам на радзіме

Магчыма, проста было прадчуваньне, што аднойчы давядзецца зьехаць ад пасёлку за многія тысячы кілямэтраў і гадамі яго ня бачыць. Таму і сьпяшаўся насыціцца ім, набіраў радзіму ў запас, — выказвае здагадку спадар Вечаслаў. Пры гэтым ён перакананы: Бялынічы — асаблівае месца ў Беларусі, якое не адпускае ад сябе самых заўзятых уцекачоў.

Дыплём вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні прыраўноўваўся да гістарычнага факультэту пэдінстытуту. Аднак для сябе вырашыў, што трэба вучыцца далей. Пэўнасьці не было, схіляўся да Літаратурнага інстытуту ў Маскве. А неяк у кнігарні пабачыў даведнік для тых, хто паступае ў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ламаносава. У 23 гады зноў стаў студэнтам. Акрамя расейскай філялёгіі, вывучаў італьянскую. Навучэнцаў падобнага веку было шмат: хтосьці прыйшоў пасьля войска, хтосьці пасьля рабфаку, хтосьці паступіў з 5-6 спробы.

Вечаслаў і Маргарыта Казакевічы
Вечаслаў і Маргарыта Казакевічы

«Мяне ані не бянтэжыла, што апошні раз зь Бялынічаў туды паступіла дзяўчына аж на пачатку 1930-х, — усьміхаецца літаратар. — Сумняваўся толькі, куды падацца. Хацеў на філязофскі, усё ж больш салідна — тады проста ня ведаў, што там займаюцца выключна навуковым камунізмам. Дзякуй Богу, своечасова зарыентаваўся і паступіў на філфак. Усё ж да гэтага чатыры гады займаўся літаратурай, гісторыяй — ня так, як школьнікі».

Як і марыў, пры канцы вучобы прачытаў у арыгінале «La Divina Commedia» Дантэ. А дыплёмную працу пісаў па творчасьці Веліміра Хлебнікава і футурыстах.

Знаёмства з Рыгорам Барадуліным

Калі ў Ленінградзе Вечаслаў Казакевіч займеў масу знаёмстваў у літаратурнай тусоўцы, то ў Маскве, наадварот, закрыўся.

Першакурсьнік МДУ імя Ламаносава. Масква, 1974
Першакурсьнік МДУ імя Ламаносава. Масква, 1974

«Я не рабіў спробаў заводзіць знаёмствы з маскоўскімі паэтамі, не хадзіў па рэдакцыях часопісаў і выдавецтваў, пра якія марыў у сваёй правінцыі. Нават на філфаку, дзе было поўна „юношей бледных со взором горящим“ і гэткіх жа „бледно-горящих девиц“, якія ганарова абвяшчалі, што складаюць вершы і прозу, маўчаў, як рыба. Не хацелася ўлівацца ў натоўп непрызнаных геніяў і ў ім растварыцца. Мае вершы і мары аб паэзіі былі такой сьвятой таямніцай, што нават нявесьце я прызнаўся, што пішу, толькі тады, калі яна на 4 курсе сказала, што згодная стаць маёй жонкай».

Маргарыта прыехала з Запарожжа і была на 5 гадоў маладзейшая за будучага мужа. І вось ужо чатыры дзесяцігодзьдзі яны разам.

У часы выхаду першай кнігі вершаў. Масква, 1985
У часы выхаду першай кнігі вершаў. Масква, 1985

У МДУ зь яго выдатнай бібліятэкай і пасьлядоўнымі курсамі па фальклёры, антычнай літаратуры, сярэднявеччы ўсё прачытанае раней і тое, што Вечаслаў Казакевіч чытаў цяпер, пачало выбудоўвацца ў стройную карціну ўсясьветнай літаратуры. Як крытычна заяўляе паэт, тады ён упершыню засумняваўся ў выбітных здольнасьцях чалавецтва: па-сапраўднаму добрых кніг аказалася мала.

«У запаветных мроях я не выдаваў адну за адной кніжкі, не чытаў пра сябе хвалебныя артыкулы і рэцэнзіі, а пісаў такія вершы, якія мог бы прачытаць толькі Пушкіну і Лермантаву. Мне выразна ўяўлялася маленькая паўцёмная заля, у якой сядзяць гэтыя небажыхары, і я выходжу перад імі... Вось такая мэта была ва ўнівэрсытэце. У гэтыя гады начамі я пісаў верш за вершам. І бяз жалю выкідаў. «Ну, колькі цяпер у цябе добрых вершаў? — з надзеяй пыталася жонка. „Дваццаць“, — адказваў я. І на наступны год, хоць працаваў як заведзены, чамусьці зноў аказвалася дваццаць».

Казакевічы ў такійскай кватэры
Казакевічы ў такійскай кватэры

Так працягвалася не адзін год. Вечаслаў Казакевіч быў цьвёрда перакананы: аднойчы ня ён панясе свае вершы па часопісах і выдавецтвах, а рэдактары самі будуць змагацца за іх. Аднак толькі ў канцы навучаньня яго надрукавалі ў часопісе «Юность». Літаратара заўважылі, у 1979 годзе ён атрымаў запрашэньне на VII Усесаюзную нараду маладых пісьменьнікаў. Там адбылося знаёмства зь вядомым земляком.

«Адным з кіраўнікоў сэмінару быў Рыгор Барадулін, — адзначае экс-дэлегат. — Гэта было надзвычай важнае знаёмства з чалавекам, які адразу мяне падтрымаў. Ня ведаю, як ён перажываў усе нападкі і сваркі ў Менску, са мной гэта быў выключна цёплы, сардэчны калега, які ўсяляк стараўся дапамагчы. І нават калі я трапіў у Японію, атрымаў напаўжартаўлівы ліст: „Слава, калі патрэбная рэкамэндацыя ў японскі ПЭН-клюб, я напішу“. Потым яшчэ сустракаліся, калі з Маргарытай прыяжджалі ў Беларусь».

Напамін пра Беларусь у далёкай Японіі
Напамін пра Беларусь у далёкай Японіі

Ці зьніклі ва ўнівэрсытэце дзіцячыя мары пра падарожжы? Не, адказвае суразмоўца. Нездарма пачаў займацца італьянскай мовай — прычынай ня толькі жаданьне прачытаць у арыгінале Дантэ, а і мроі пра іншую краіну. І калі ў маленстве чужыя землі прыцягвалі экзотыкай, то ў дарослым узросьце востра адчулася: бязь іншага сьвету, іншай мовы ніякая адукацыя ня будзе поўнай. Нездарма ў ХІХ стагодзьдзі маладых людзей з заможных сем’яў хоць на год-два адпраўлялі за мяжу.

Яшчэ на першым курсе студэнт Казакевіч з заміраньнем сэрца даведаўся, што з МДУ можна паехаць на стажыроўку ў іншую краіну. Але куды? У Віетнам і Паўночную Карэю зусім не цягнула, камунізму хапала навокал.

Прапаноўвалі застацца ў асьпірантуры. Не пагадзіўся: МДУ надакучыў яшчэ за час студэнцтва. Унівэрсытэт, па сутнасьці, уяўляў сабой горад, адкуль не было патрэбы некуды выходзіць. Існаваў нават свой слэнг на сумесі розных моваў, «змоўшчыкі» пагарджалі тымі, хто іх не разумеў. Слухалі заходнюю музыку, чыталі часопісы, прывезеныя з-за мяжы.

Кніга вершаў Вечаслава Казакевіча (выдавецтва Мікалая Філімонава)
Кніга вершаў Вечаслава Казакевіча (выдавецтва Мікалая Філімонава)

Гэтак жа рэзка, як сыходзіў з арміі, выпускнік філфаку адмовіўся ад разьмеркаваньня. Калі прапанавалі ехаць выкладаць у жаночы пэдінстытут недзе ў Сярэдняй Азіі, аджартаваўся, што ўжо жанаты і ў новых нявестах ня мае патрэбы. Хацелася застацца ў Маскве. Але спрацоўвала зачараванае кола: працу там давалі, калі была прапіска, а прапіску — калі была праца.

Зь вялікімі цяжкасьцямі ўладкаваліся з жонкай спачатку экскурсаводамі ў музэі, а потым перакладчыкамі ў адзін НДІ ў Падмаскоўі. Вось дзе віравала сапраўднае жыцьцё. Проста цераз край.

«Зайшлі ў аўтобус — стаяць мужыкі з рукамі, сінімі ад татуіровак, — згадвае паэт. — Гэта быў час, калі судзімых ды іншых ненадзейных высылалі далей ад сталіцы. І трэба ж было мне ўлезьці і прысароміць, што ніхто не купляе талёнчыкі. Маўляў, гэта грошы на аўтапарк, інфраструктуру. Да мяне падышлі трое: „Ну, ты, зараз проста тут умалоцім“. Так я ўбачыў, што расейскі народ лепш не выхоўваць. Тым больш у адзіночку. Нават камуністам, хоць іх былі мільёны, гэта за 70 гадоў не ўдалося».

Вечаслаў Казакевіч, Барыс Пятровіч і Леанід Галубовіч
Вечаслаў Казакевіч, Барыс Пятровіч і Леанід Галубовіч

Маскоўская сустрэча зь земляком

Суіснаваньне з народнымі масамі працягнулася тры гады, пакуль маладыя спэцыялісты не пераехалі на ўскраіну Масквы ў Бяскуднікава.

«Толькі зноў трапіўшы ў правінцыю, у якой зь лёгкасьцю знаходзіў свой пасёлак — зарасьнікі крапівы і чартапалоху, сонных бабулек і катоў у вакенцах, дзе ніхто не разважаў пра італьянскія катрэны і тэрцэты — адчуў, што ў вершах зьяўляецца свой голас, свая інтанацыя. Варта было ва ўнівэрсытэце пяць гадоў заглыбляцца ў эўрапейскую і амэрыканскую літаратуру, чытаць футурыстаў, сюррэалістаў ды іншых захапляльных „-істаў“, каб ад усяго адмахнуцца і вярнуцца ў той прымітыўны, грубы, казачны сьвет, у якім некалі хадзіў у дзіцячы садок і школу».

Вечаслаў пераяжджаў у сталіцу з практычна гатовай кнігай, якой мроіўся ад падлеткавых гадоў. Анонсам надрукавалі вялікую падборку вершаў у зборніку «День поэзии», куды прабіцца лічылася вялікай удачай. Новыя вершы былі ўспамінамі пра страчаны пасёлак, пра мінулае, удакладняе ён.

У працэсе падрыхтоўкі і публікацыі адбыліся знаёмствы з паэтамі Юрыем Кузьняцовым, Уладзімірам Сакаловым і Ігарам Шклярэўскім, яшчэ адным нараджэнцам Бялынічаў. Зямляк зьвярнуўся ў сакратарыят Саюзу пісьменьнікаў СССР, адтуль патэлефанавалі ў выдавецтва «Молодая гвардия». Так Казакевіч стаў пазаштатным рэцэнзэнтам — служыць па заводзкім графіку не хацеў. Жонка выкладала ў МДУ на 120 рублёў стаўкі.

Краявіды блізу гораду Нара, Японія
Краявіды блізу гораду Нара, Японія

«Пачалося жыцьцё, пра якое я даўно марыў: без хаджэньня па гадзінах на службу, бяз сумных перапынкаў на абед, без абавязковых панылых сходаў. Толькі з паперай і асадкай, сябрамі-паэтамі, віном і тытунёвым дымам... Жыцьцё, як казалі, на вольных хлябах. І галоўнае ў гэтым вызначэньні быў не назоўнік „хлеб“ — ён быў выпадковы і сьціплы — а прыметнік „вольны“», — апісвае пачатак працоўнай дзейнасьці Вечаслаў Казакевіч.

У гэты час ён сышоўся з паэтам Леанідам Галубовічам, які вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах — сяброўскія адносіны падтрымліваюць дагэтуль, рэгулярна лістуюцца.

Вечаслаў Казакевіч і Леанід Галубовіч з жонкамі
Вечаслаў Казакевіч і Леанід Галубовіч з жонкамі

Неўзабаве пасьля дэбютнай кнігі «Праздник в провинции» з прадмовай Рыгора Барадуліна зьявіўся працяг — «Кто назовет меня братом?» Праўда, у матэрыяльным пляне мала што зьмянілася. А сям’я тым часам павялічылася — нарадзіўся Сева.

«Я радаваўся канцу СССР і зусім ня быў зьдзіўлены, што ў яго аказалася такое кароценькае, камарынае жыцьцё. Яшчэ ў 1970-х гаварыў тату, палкаму камуністу: „Усё трымаецца на гнілой нітачцы. Яна абарвецца ў любое імгненьне, нават не ад ветру...“ Чакаў, што вось-вось на нашых вачах пачнецца новае жыцьцё. Праўда, вершы прыходзілі пранізьліва-змрочныя. І я пачаў здагадвацца: спачатку павінна рассыпацца ўсё старое. А яно рассыпалася пакутліва павольна, ляжала амаль без прытомнасьці, але паміраць не жадала. І дагэтуль, здаецца, не памерла».

Тое, што савецкая літаратура зь яе сакратарамі і афіцыйнымі клясыкамі загіналася, не выклікала ў Вечаслава Казакевіча ні жалю, ні спачуваньня. Аднак калі ў выдавецтве перасталі даваць рукапісы на рэцэнзіі, а на ганарар за два дзясяткі вершаў, якія пісаліся цэлы год, аўтар змог купіць толькі бутэльку гарэлкі, каб адзначыць у рэдакцыі публікацыю, стала зразумела: вольныя хлябы скончыліся.

Вечаслаў Казакевіч на фоне партрэту жонкі
Вечаслаў Казакевіч на фоне партрэту жонкі

Ратавальны круг таямнічай Японіі

Цяжкасьці пераадольваюцца альбо працай, альбо ўцёкамі ад іх, працягвае спадар Вечаслаў. Многія ягоныя калегі замоўклі, іншыя зьяжджалі ў глуш. Але была яшчэ адна магчымасьць: адчынілася даўняе «вакно ў Эўропу», на ўсе чатыры бакі. Вецер далёкіх краін загуляў па кватэры Казакевічаў.

Ён пазнаёміўся з двума італьянскімі выкладчыкамі. Знаўцу італьянскай філялёгіі былі ня супраць запрасіць у адзін з унівэрсытэтаў. Хтосьці выйшаў з прапановай прыехаць у Баўгарыю і адтуль — у Стамбульскі ўнівэрсытэт. Знаёмы паэт з Кіпру клікаў да сябе. Пакуль муж вывучаў тэарэтычныя магчымасьці, жонка, так бы мовіць, наладжвала масты на практыцы. Дыплямаваная выкладчыца расейскай мовы для замежнікаў у часы перабудовы ўжо езьдзіла ў кароткачасовыя камандзіроўкі ў Англію і Фінляндыю, выкладала на двухтыднёвых курсах.

На вуліцах Осакі
На вуліцах Осакі

«Аднойчы на летні курс у Маскоўскі ўнівэрсытэт прыляцеў стары японскі лекар з Осакі — памежнікі, якія правяралі яго пашпарт, ня ведалі, што прыляцеў наш лёс, — расказвае Вечаслаў Сьцяпанавіч. — Ён быў мэдыкам у Квантунскай арміі, потым ваеннапалонным у Сыбіры, ненавідзеў Сталіна. А ў старасьці пачаў займацца расейскай мовай. Яму спадабалася, як выкладала Маргарыта. На апошняй лекцыі настаўніца сказала яму „До свидания!“. Руплівы студэнт памятаў: „Прощайте!“ кажуць, калі разьвітваюцца назаўсёды, а „До свидания!“ — калі зноў хочуць сустрэцца». Так і сталася».

Доктар быў чальцом таварыства «Японія — СССР», якое потым трансфармавалася ў «Японія — краіны Эўразіі». І празь нейкі час Маргарыце Казакевіч прыйшла прапанова двухгадовага кантракту з Осацкім аддзяленьнем гэтага таварыства. Быў 1993 год.

З жонкай і перакладчыцай расейскай літаратуры Фуэ Катаяма
З жонкай і перакладчыцай расейскай літаратуры Фуэ Катаяма

«Неўзабаве Марго зьехала ў Осаку, а мы зь Севам засталіся, — вяртаецца ў той час Вечаслаў Сьцяпанавіч. — Дамовіліся так: яна дашле нам з сынам запрашэньні, атрымаем візы, прыедзем і паглядзім, ці варта там заставацца, ці лепш дачакацца яе ў Маскве. Асабіста ў мяне былі сумневы. Як кожны савецкі чалавек, я зь дзяцінства чуў: эмігрант губляе ня толькі радзіму, а і здольнасьць тварыць. 40 гадоў мне ўводзілі ў вушы: маўляў, высыхае падсілкоўваньне ад роднай зямлі, нічога з-пад пяра не выходзіць. А гэта для творчага чалавека найстрашней — па сутнасьці, самагубства».

Адначасова Вечаслаў Казакевіч усё больш пераконваўся: у Маскве яму рабіць няма чаго. Ён завяршыў сваю трэцюю кнігу вершаў, але яна была нікому не патрэбная. Усё навокал руйнавалася. Міжволі ўспамінаўся Дастаеўскі зь ягонымі «Униженными и оскорбленными». «Але я быў занадта горды, каб і сябе адчуваць прыніжаным і абражаным», — кажа паэт.

Казакевічы па прылёце ў Японію
Казакевічы па прылёце ў Японію

Атрымаўшы ў верасьні таго ж году запрашэньні, бацька і сын тэрмінова вылецелі ў Японію па месячнай турыстычнай візе — як стала зразумела пазьней, з квітком у адзін канец.

«Калі мы ўтраіх прыехалі з вакзалу на найманую кватэру ў Осацы, першае, што я сказаў жонцы і сыну, — назад больш ня вернемся, — успамінае суразмоўца. — Яшчэ калі на хуткасным „Сінкансэне“ мы імчаліся з Токіё ў Осаку, за вакном праносіліся краявіды зялёных гор, падобных да гладкіх катоў, якіх хацелася пагладзіць; малахітавыя рэкі, што мільгаюць пад мастамі; сьціплыя сялянскія дамкі; сосны, перакручаныя, як уся японская сьвядомасьць. Калі ўсё гэта пабачыў, адразу зразумеў: тут я пісаць змагу».

Галоўны сымбаль Японіі — вулькан Фудзі
Галоўны сымбаль Японіі — вулькан Фудзі

Памерці і адрадзіцца новым чалавекам

Але скончылася віза. Каб памяняць яе з турыстычнай на Dependents, якая давала права на працу, трэба было на нейкі час пакінуць Японію. У Расею не паехалі, а вылецелі ў Сэул, дзе ў Паўднёвакарэйскім унівэрсытэце выкладаў празаік Анатоль Кім, прыяцель Казакевіча яшчэ па Маскве. Праз паўмесяца вярнуліся ў Осаку.

«Апынуўшыся ў краіне, не падобнай ня толькі да тваёй, а і да іншых, бачыш мноства незвычайнага. Японія настолькі цудоўная, што ў ёй я ўпершыню задумаўся, што такое прыгажосьць. Шмат гадоў пісаў вершы, але аб прыгажосьці ня думаў... Многія складанасьці і праблемы выраўноўвалі японская далікатнасьць, мяккасьць, цырымоннасьць. Толькі тут стала зразумела, чаго не хапала ў мінулым. І ўсё ж думаю: каб я адразу не сказаў, што назад дарогі няма — незразумела, як бы ўсё склалася далей».

12-гадовы Ўсевалад пайшоў у школу — апошні ўзроставы шанец, калі можна спадзявацца на інтэграцыю ў асяродзьдзе падлеткаў. Толькі пасьля выпускнога сын прызнаўся: «Каб можна было ўсё пачаць спачатку, многае ў школе было б інакш». А наколькі жахліва складаная японская мова, зразумеў толькі тады, як яе вывучыў.

Усевалад з жонкай Фуміка
Усевалад з жонкай Фуміка

Сам жа галава сям’і пачаў рыхтавацца да выкладчыцкай дзейнасьці — не падазраючы, што на час перабудовы давядзецца перажыць творчы крызіс.

«Сын пайшоў вучыцца, а я пачаў выкладаць ва Ўнівэрсытэце замежных моваў Осакі. Адначасова запрасілі ў Осацкі ўнівэрсытэт — думаю, адыгралі ролю мае кнігі і адукацыя. Год працаваў па выдзеленых гадзінах, а пасьля прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе на пасаду выкладчыка. Былі прэтэндэнты з усіх куткоў сьвету. Я выйграў. Празь нейкі час пацікавіўся ў загадчыка расейскага аддзяленьня: чаму ўпадабалі менавіта мяне? Бо раней я не выкладаў. Японскі прафэсар адказаў: „Таму што месца паэта — побач з Богам“. Напэўна, для іх гэта былі не пустыя словы».

Як і ў выпадку з жонкай, кантракт быў разьлічаны на два гады. Па заканчэньні тэрміну прапанавалі працягнуць дамову яшчэ на столькі ж. Гэта быў час, калі давялося «памерці і адрадзіцца новым чалавекам», — так апісвае японскую адаптацыю Вечаслаў Казакевіч. Трэба было цалкам зьмяніць звычкі — ад кулінарных (цяжка ўплятаць бульбу зь відам на Фудзі) да рытуальных (вітацца за руку тут не прынята).

Японская адаптацыя. Осака, 1993
Японская адаптацыя. Осака, 1993

«Памерці было лягчэй, чым нарадзіцца наноў, — кажа ён. — Я ж хацеў ня проста зноў зьявіцца на сьвет і, упраўляючыся драўлянымі палачкамі, есьці сырую рыбу. Зьбіраўся зноў пісаць вершы. У 45 гадоў у чужой краіне марыць пра гэта нашмат цяжэй, чым у родным пасёлку ў 16 гадоў, калі здаецца, што ўвесь сьвет ляжыць ля тваіх ног... Але творчасьць падавалася жахлівай, большая частка накідаў ляцела ў сьметніцу».

Справы наладзіліся гадоў празь пяць. Але новыя вершы і проза моцна адрозьніваліся ад таго, што выходзіла з-пад пяра ў даяпонскі пэрыяд.

Пераезд прафэсара да Японскага мора

Вечаслава Казакевіча яшчэ падчас працы ў Осацы запрашалі прачытаць спэцкурс ва ўнівэрсытэце Таяма — гэта паўночнае ўзьбярэжжа Японскага мора. Тады загадчык катэдры прапанаваў падумаць пра магчымасьць пераезду. І калі на старым месцы супрацоўніцтва спынілася, даў згоду. Зноў конкурс. Перамог, чытаў курс па расейскай паэзіі, літаратуры. Шчасьлівы пэрыяд, кажа ён.

Працы памерлых сяброў-мастакоў Гарыфа Басырава і Гагі Кавенчука
Працы памерлых сяброў-мастакоў Гарыфа Басырава і Гагі Кавенчука

«Усе мае галоўныя кнігі напісаныя ў Таяме. Горад прыкладна як Магілёў, 400 тысяч жыхароў. Вядома, від іншы, побач горы, на фоне якіх нават высотныя будынкі здаюцца скрыначкамі ад запалак. Самае галоўнае — студэнты, здаецца, любілі. А для пісьменьніка тое, што здаецца, заўсёды даражэйшае за тое, што ёсьць у рэальнасьці. Шэсьць гадоў быў запрошаным выкладчыкам, потым далі прафэсара. Адпрацаваў да 65 гадоў. Правілы тут строгія: дасягнуў пэнсійнага ўзросту — да пабачэньня, дарогу маладым».

У іх з Маргарытай склалася сувязь з многімі цікавымі японцамі, зьявіліся сябры. Але ці можна казаць, што яны «ўрасьлі» ў тутэйшыя рэаліі? Не, — бяз роздуму адказвае Вечаслаў Сьцяпанавіч. Нарадзіўшыся і стаўшы на ногі ў іншай краіне, так і засталіся на ўзбочыне японскага жыцьця. І, як ні дзіўна, абое адчулі, што гэта іх цалкам задавальняе.

Казакевічы на бальконе зь відам на Tokyo Sky Tree
Казакевічы на бальконе зь відам на Tokyo Sky Tree

«Калісьці ў Маскве я напісаў: „Расти на отшибе — должность моя“. Напісанае ў вершах, як вядома, звычайна збываецца. У Таяме наводшыбе ад усіх, як алхімік у таемнай кельлі, я шукаў не філязофскі камень, а ставіў экспэрымэнт на самім сабе: ці можа пісьменьнік выжыць, захавацца ў чужой краіне, дзе яго вершы і проза незразумелыя і непатрэбныя? У адзіночку, без прафэсійнага кола зносінаў, без субратоў, якія цябе разумеюць з паўслова? Экспэрымэнт яшчэ працягваецца».

Аўтарская палічка папоўнілася кнігамі паэзіі — «Лунат», «Ползи, улитка!», «Жизнь и приключения беглеца», «Сердце-корабль», «Из вихря и луны», і прозы — «Охота на майских жуков», «За мной придет единорог». У перакладзе на японскую выйшла 落日礼讃 («Ракудзіцу райсан», што перакладаецца як «Услаўленьне заходу сонца»). Многія творы біяграфічныя, адсылаюць да дзіцячых і юнацкіх гадоў у Бялынічах.

Токіё. Тэхналягічны мэгаполіс
Токіё. Тэхналягічны мэгаполіс

Калі вызвалілася месца ў Таяме, быў абвешчаны новы конкурс. Сярод іншых падала заяўку Маргарыта Казакевіч. І атрымала права працягнуць «сямейны падрад» — больш як 30-гадовы стаж выкладаньня не прапаў дарма. Праз 2,5 года яна таксама пойдзе на пэнсію, і тады яны зьбіраюцца канчаткова асесьці ў Токіё. Як удакладняе жыхар мэгаполісу, яшчэ зь дзяцінства, начытаўшыся францускіх раманаў, дзе герой басанож ці на старой клячы выпраўляецца па славу ў Парыж, заўсёды марыў пра сталіцу.

А на якім узроўні асвоеная японская мова, каб кантактаваць з тутэйшымі? Паводле суразмоўцы, напачатку ў ягоным лінгвістычным багажы была толькі напаўзабытая італьянская, якая тут аказалася непатрэбнай, і школьная ангельская. Таму давялося тэрмінова даганяць.

Маргарыта Аляксандраўна на кухні сваёй кватэры
Маргарыта Аляксандраўна на кухні сваёй кватэры

«Ад нас патрабавалі выкладаць па-расейску, але прафэсар, які не валодае ангельскай, тут нонсэнс. Давялося сесьці і вывучыць яе як мае быць. Вяртацца мы ў любым выпадку не зьбіраліся — калі што, падаліся б у ЗША, Канаду ці Аўстралію. Увесь час нам давалі зразумець: тут не застаняцеся. І калі нядаўна японцы пачалі пускаць да сябе, даваць візы, высьветлілася, што не выганяюць... Займаемся з выкладчыкам, вырашаем любыя побытавыя праблемы. Але чытаць па-японску лекцыі, штудзіраваць сур’ёзныя кнігі, абмяркоўваць складаныя тэмы — канечне, не».

А вось Усевалад, які своечасова трапіў у адукацыйнае асяродзьдзе, хутка ў яго ўцягнуўся, у сярэдніх клясах пачаў чытаць і пісаць, асвоіў герогліфы. Ягоная жонка Фуміка вывучала ва ўнівэрсытэце расейскую філялёгію, практыкавалася ў Санкт-Пецярбургу. Іх старэйшай дачцэ Аньне 6 гадоў, яна зь лёгкасьцю размаўляе на мовах абодвух бацькоў. Алісе (у японскім напісаньні Арыса) усяго годзік, яе моўныя іспыты яшчэ наперадзе.

Унучкі Анна і Аліса
Унучкі Анна і Аліса

Танная гарэлка і самагубства брата

Доўгі час пасьля эміграцыі Вечаслаў Казакевіч ня важыўся выправіцца на радзіму. Кажа, што калі пісаў кнігу, прысьвечаную беларускаму дзяцінству, то папросту баяўся зьбіць градус настальгічных пачуцьцяў. Слаў грошы, каб у Японію прыехалі бацька, брат і малодшая сястра.

«„Охота на майских жуков“ — кніга пра сям’ю, наш дом, пасёлак, — кажа ён. — Першыя 50 старонак выйшлі літаральна за адзін прысест, проста як выдыхнуў. А потым усё пакутліва дапісвалася 10 гадоў. Наўмысна ня ехаў дадому, бо адчуваў: мая настальгія — як крышталёвы келіх, што стаіць у мяне на галаве. Калі зрушыць, проста ўсё расплюхаю. А як толькі завяршыў, сказаў Маргарыце, што можна зьбірацца. Паехалі ў Беларусь, наведалі сяброў у Маскве».

Два гады таму Казакевічы адмовіліся ад расейскага грамадзянства, прыняўшы японскае. Цяпер для паездак у Беларусь і Расею (ва Ўкраіну ўезд свабодны) патрабуюцца асобныя візы. І калі раней яшчэ вагаліся — ці варта гэта рабіць — падзеі на радзіме Маргарыты рашэньне прысьпешылі.

Маргарыта Казакевіч
Маргарыта Казакевіч

«Мы ад сярэдзіны 1970-х, з часоў вучобы ў МДУ, жылі ў Маскве. Натуральна, былі грамадзянамі Расеі, — тлумачыць Вечаслаў Сьцяпанавіч. — Але калі пачаліся падзеі ва Ўкраіне, Марго, у якой цячэ і ўкраінская, і расейская кроў, раптам сказала: „Я — украінка“. Тое, што цяпер там адбываецца, — гэта замах на яе радзіму, вайна на яе тэрыторыі супраць яе землякоў. Пры гэтым яна па-ранейшаму любіць Расею, зь якой так шмат зьвязана асабістага. Аднак факт агрэсіі ўсё кардынальна мяняе...»

Што тычыцца не ўкраінцаў, а беларусаў, Вечаслаў Сьцяпанавіч з горыччу адзначае: часам яму падаецца, што каб на Беларусь напалі марсіяне са шчупальцамі, землякі так і працягвалі б саджаць сваю бульбу.

«Кожны раз шкада і Беларусі, і людзей. Шмат чаго ўжо не разумею. Скажам, у Бялынічах была выдатная кнігарня, купляў кнігі, якія ня мог знайсьці ў Маскве. Цяпер там усялякая драбяза! Але ж яе паўсюль прадаюць, а дзе ж кнігі? Або ўвесь час дзіўлюся: чаму гарэлка такая танная? Зьяжджаў — так, пілі і ў нас, і ў Расеі. Але за прамінулы час пасьпіваліся зусім. Некалькі гадоў таму загінулі брат і яго жонка: яна памерла ад гарэлкі, ён скончыў жыцьцё самагубствам. Добры хлопец, а ўсё — капеечная гарэлка».

Куточак аўтэнтычнага Токіё
Куточак аўтэнтычнага Токіё

Глуш беларускай сталіцы

Летась Вечаслаў Казакевіч трэці раз за 25 гадоў пабываў у Беларусі і ўпершыню ў Менску. Тут ён раней пазнаёміўся і сустракаўся з многімі літаратарамі, некаторых потым перакладаў. І гэтым разам гасьцінна сустрэў стары сябра Леанід Галубовіч, а яшчэ музыка і пісьменьнік зь Бялынічаў Юры Несьцярэнка, паэт і аўтар песень Дзьмітры Строцаў, пісьменьнік Барыс Пятровіч. Усе яны спрычыніліся да арганізацыі ягонай вечарыны ў музэі Максіма Багдановіча.

«Сэрца азмрочыла толькі тое, што калі раней прыяжджаў у Менск, заўсёды заставалася ўражаньне чысьціні, культурнасьці, было ў ім штосьці эўрапейскае, франтавата-падцягнутае. А цяпер падалося, што на горадзе ляжыць шэрая пячатка недагледжанасьці, глушы. Я пераконваў сябе: пэўна, у памяці ўсплываюць глянцавыя вуліцы і хмарачосы Токіё. Аднак адчуваньне закінутасьці не пакідала. Быццам зь вялізнага паветранага шара выпусьцілі гарачае паветра, і ён, замест таго каб красавацца ў нябёсах, пакорліва распасьцёрся нежывой скурай на зямлі».

Вечаслаў Казакевіч, Юры Несьцярэнка, Леанід Галубовіч
Вечаслаў Казакевіч, Юры Несьцярэнка, Леанід Галубовіч

«Ты не спадзявайся, што на вечарыне будзе шмат людзей, заві ўсіх сваякоў, — сказаў адзін з арганізатараў. — Цяпер ніхто на літаратурныя імпрэзы ня ходзіць!» І ў гэтай рэпліцы таксама было адчуваньне поўнай безнадзейнасьці, канстатуе Вечаслаў Казакевіч.

«Дзякуй богу, у Менску знайшлося шмат маіх былых школьных аднаклясьнікаў, зь якімі мы ня бачыліся некалькі дзесяцігодзьдзяў, — працягвае літаратар. — Яны сабраліся дзеля таго, дзеля чаго звычайна зьбіраюцца ўсе аднакашнікі — паглядзець на аднагодка, паднесьці букет кветак і расчаравана ўбачыць, што ніякага чубчыка ў яго ўжо няма, а замест двоек і пяцёрак ён атрымлівае пэнсію».

Зь Менску Вечаслаў Сьцяпанавіч заехаў у родныя Бялынічы, схадзіў на могілкі, дзе патрымаўся за крыжы бацькі і маці, пастаяў ля магілы меншага брата.

«Яблыня на гародзе высілася, як шамаханская царыца на бела-чырвоным дыване, — згадвае ён сустрэчу з радзімай. — Уся зямля пад ёй усыпаная яблыкамі, есьці няма каму. У пасёлку засталася толькі сястра. Яе дачка скончыла аддзяленьне беларускай мовы БДУ, адпрацавала свае 2 гады і зьехала ў Нямеччыну. Была нянечкай, падпрацоўвала прыбіраньнем, даглядала нованароджаных у клініцы. Цяпер вучыцца, каб стаць лекарам. Якім? Нямецкім! Адзін пляменьнік фарбуе пад’езды ў Маскве, другі быў кіроўцам у Менску, але зьбіраецца ў Польшчу... Што можа сказаць ім той, хто даўным-даўно сам уцёк?»

Сучасная сталіца Японіі
Сучасная сталіца Японіі

Калі зь сястрой зайшлі ў лякарню, дзе тая працуе ў рэгістратуры, некалькі вачэй пачалі вывучаць госьця. «Чаго вы гледзіце? — зьдзівілася сястра. — Гэта ж Слава, ён наш!». «Не, — паківала галавой мэдсястра, — ня наш».

«Дык чый жа я? — задаецца пытаньнем бялынічац. — Можа ветру, што зь дзяцінства сьвістаў у галаве, гуляў па маскоўскай кватэры, а затым пасяліўся ў сэрцы? Чаму я кінуў тыя яблыні і грушы? Ад таго, што марыў пра далёкія краіны, не хацеў быць прыніжаным, жадаў разарваць жыцьцё, якое ідзе па коле? З гадамі я ўсё больш адчуваў сябе пустэльнікам. І разумею, што такі чалавек выбірае адзіноту ня толькі таму, што хоча ў цішыні і спакоі думаць пра высокае, а і таму, магчыма, што ня вельмі любіў людзей і саймаваньне зь імі, калі ўжо ўцёк ад іх!»

Такійская кватэра Вечаслава і Маргарыты Казакевічаў
Такійская кватэра Вечаслава і Маргарыты Казакевічаў

У канцы размовы Вечаслаў Казакевіч кажа: часам яму падаецца, што ён паляцеў за 10 тысяч кілямэтраў яшчэ і затым, каб пазьбегнуць сьмерці. Бо і цяпер, калі ўпершыню зьявіўся свой кут у Токіё, а жонка марыць стварыць на бальконе японскі сад, ён, не жадаючы думаць, што некалі памрэ ў пакоі на сваім ложку, часьцяком ёй кажа: „Пачакай, можа і адсюль яшчэ пераедзем...“»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG