Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апанэнты Трампа на дэбатах паспрачаліся пра амаральнасьць капіталізму


Майкл Блумбэрг, Бэрні Сандэрс і Элізабэт Уорэн

Амэрыканскі капіталізм стаў тэмай актыўнай дыскусіі ў Лас-Вэгасе ўвечары ў сераду, калі шэсьць дэмакратаў, якія балятуюцца ў прэзыдэнты, абаранялі свае плятформы напярэдадні кокусаў у Нэвадзе.

Некалькі кандыдатаў паспрачаліся пра тое, ці адпавядае назапашваньне велізарных багацьцяў амэрыканскаму духу, ці яно проста павінна быць прадметам справядлівага падаткаабкладаньня.

«Мільярдэраў не павінна існаваць»

Камэнтуючы твіт сэнатара ад Вэрмонта Бэрні Сандэрса пра тое, што «мільярдэраў не павінна існаваць», сэнатар ад Мінэсоты Эмі Клобушар заявіла, што яна падтрымлівае капіталізм, але таксама выступае за адэкватныя падаткі на багацьце.

Аднак Сандэрс абараняў сваю пазыцыю, стоячы за некалькі мэтраў ад былога мэра Нью-Ёрка Майкла Блумбэрга, мільярдэра.

«У нас гратэскнае і амаральнае разьмеркаваньне багацьця і даходаў. Багацьце Майка Блумбэрга перавышае сумарнае багацьце 125 мільёнаў самых бедных амэрыканцаў. Гэта няправільна. Гэта амаральна», — сказаў Сандэрс. На думку Сандэрса, багатыя сказілі Падатковы кодэкс.

«Чаго вы жаліцеся? — парыраваў Блумбэрг. — Хто складаў падатковы кодэкс? Вы і яшчэ 99 сэнатараў». Блумбэрг заявіў, што яму давялося ўпарта працаваць, каб зарабіць свае грошы.

Але Сандэрс адказаў, што Блумбэрг атрымаў свае мільярды за кошт працы сваіх работнікаў.

«Спадар Блумбэрг, ня вы зарабілі ўсе гэтыя грошы, — сказаў Сандэрс. — А вашы работнікі».

Адмова ад капіталізму называецца камунізмам

Пасьля гэтага Блумбэрг абрынуўся з рэзкай крытыкай эканамічных прапаноў Сандэрса.

«Мне здаецца, паслухаўшы гэтую размову, Дональду Трампу будзе прасьцей дамагчыся перавыбраньня», — сказаў мільярдэр, пасьля таго як Сандэрс прадставіў сваю сацыялістычную палітыку.

«Гэта недарэчна. Мы ня будзем адмаўляцца ад капіталізму. Мы ўжо спрабавалі зрабіць гэта. Іншыя краіны спрабавалі. Гэта называецца камунізм, і гэта проста не спрацавала», — дадаў ён.

Яго перабілі Сандэрс і сэнатар ад Масачусэтса Элізабэт Уорэн адначасовым «Стоп-стоп-стоп», пасьля чаго Сандэрс назваў рэмарку пра камунізм «танным трукам».

«У шмат якіх адносінах мы цяпер жывем у сацыялістычным грамадзтве, — сказаў Сандэрс. — Праблема ў тым, што, як казаў Марцін Лютэр Кінг, у нас ёсьць сацыялізм для вельмі багатых і суровы індывідуалізм для бедных».

У адказ Блумбэрг назваў Сандэрса крывадушнікам.

«У якой цудоўнай краіне мы жывём, — сказаў ён. — Самы вядомы сацыяліст у краіне аказваецца мільянэрам з трыма дамамі. Што я прапусьціў?»

Сандэрс наперадзе па ўсёй краіне

Дэбаты ў Лас-Вегасе можна назваць аднымі з самых жорсткіх на гэты момант. Сумеснае апытаньне Washington Post і ABC News паказала, што Сандэрс перамагае па ўсёй краіне, маючы падтрымку 32 адсоткі выбарнікаў-дэмакратаў.

Страціўшы пазыцыі лідэра гонкі, былы віцэ-прэзыдэнт Джо Байдэн, які больш за ўсё пацярпеў ад посьпехаў Блумбэрга, займае другое месца з 16%. За ім ідуць Блумбэрг (14%) і Ўорэн (12%).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG