Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў: Што такое кокусы, праймэрыз і калегія электараў

абноўлена

Галасаваньне на праймэрыз, Нью-Джэрзі, 7 чэрвеня 2016

3 лютага стартавала выбарчая кампанія ў ЗША у штаце Айова прайшлі кокусы Дэмакратычнай партыі. Наступны этап — праймэрыз, якія адбудуцца 11 лютага ў штаце Н'ю-Гэмпшыр.

Што гэта такое, што азначае гэты этап выбарчай кампаніі?


Нашыя калегі з тэлеканалу «Настоящее время» склалі слоўнік асноўных паняцьцяў, якія характэрызуюць амэрыканскую выбарчую сыстэму.

Вечныя выбары

Выбарчы працэс у ЗША тэарэтычна можа ніколі не сканчацца. Там няма закону, які б абмяжоўваў пэрыяд перадвыбарнай кампаніі. Дзейны прэзыдэнт можа агітаваць за сябе як любы іншы кандыдат, але толькі ў непрацоўны час і без выкарыстаньня дзяржаўных рэсурсаў. Гэта значыць, Дональд Трамп можа сустракацца з выбарнікамі, але ня мае права ляцець на сустрэчу на Air Force One.

Праўда, агітаваць ня значыць балятавацца. Спачатку выбарнікі павінны выбраць з чальцоў партыі кандыдата ў прэзыдэнты на папярэднім галасаваньні. У ЗША іх два віды — праймэрыз і кокусы.

Праймэрыз

У большасьці штатаў праходзяць праймэрыз — галасаваньне за аднаго з чальцоў Дэмакратычнай або Рэспубліканскай партыі, якога выбарнікі хацелі б бачыць афіцыйным кандыдатам у прэзыдэнты. Праймэрыз арганізуюць мясцовыя ўлады штатаў, таму і правілы іх правядзеньня адрозьніваюцца. Праймэрыз, напрыклад, могуць быць закрытымі, калі за кандыдата галасуюць толькі зарэгістраваныя чальцы партыі. На адкрытых праймэрыз можа прагаласаваць любы грамадзянін.

Лідэры партый у кожным з штатаў могуць не праводзіць праймэрыз для таго, каб не складаць канкурэнцыю дзейнаму прэзыдэнту, які балатуецца ў другі раз. У гэтым годзе, напрыклад, Арызона, Аляска і некалькі іншых штатаў не праводзяць рэспубліканскіх праймэрыз. Рабілі так і дэмакраты падчас другіх выбараў Біла Клінтана і Барака Абамы.

Кокус — партыйны сход

Іншы тып папярэдняга галасаваньня — гэта кокусы. Яны праходзяць усяго ў некалькіх штатах, а арганізуюць іх самі партыі. На кокусы за кандыдатаў галасуюць не бюлетэнямі, а выбарнікі зьбіраюцца на сходы, дзе падлічваюць прыхільнікаў таго ці іншага кандыдата.

Нью-Гэмпшыр і Аёва — першыя тэсты кампаніі

Самымі важнымі праймэрыз і кокусы лічацца першыя — у Нью-Гэмпшыры і Аёве адпаведна. Важныя яны менавіта таму, што праходзяць першымі і задаюць тон усяму выбарчаму працэсу. За апошнія 40 гадоў большасьць рэспубліканцаў, якія перамаглі ў Нью-Гэмпшыры, рабіліся афіцыйнымі кандыдатамі. Перамогу сярод дэмакратаў лепш прадказвае Аёва.

Найбольш імаверныя кандыдаты ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі: Элізабэт Ўорэн, Джо Байдэн, Бэрні Сандэрс
Найбольш імаверныя кандыдаты ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі: Элізабэт Ўорэн, Джо Байдэн, Бэрні Сандэрс

Супэраўторак

Вялікая колькасьць штатаў праводзяць праймэрыз і кокусы ў адзін дзень, які называюць супэраўторак. Сёлета ён выпаў на 3 сакавіка. Але папярэдняе галасаваньне працягваецца па ўсёй краіне з 3 лютага па 6 чэрвеня.

Перамога на праймэрыз і кокусах ня робіць з палітыкаў кандыдатаў, а толькі абяцае ім падтрымку пэўнай колькасьці дэлегатаў на зьездах партыяў, якія і вызначаюць афіцыйных кандыдатаў.

З’езды рэспубліканцаў і дэмакратаў

Большасьць дэлегатаў на зьездах абавязаныя прагаласаваць за таго ці іншага палітыка, але сярод іх ёсьць і так званыя супэрдэлегаты. Яны вырашаюць, каму аддаць свой голас, па сваёй волі, а не ў залежнасьці ад папярэдняга галасаваньня ў іх штаце.

Зьезд дэмакратаў скончыцца 16 ліпеня, рэспубліканцаў — 27 жніўня. Толькі тады стануць афіцыйна вядомымі імёны кандыдатаў у прэзыдэнты.

І толькі пасьля зьездаў, трох раўндаў дэбатаў кандыдатаў у прэзыдэнты і аднаго раўнду дэбатаў кандыдатаў у віцэ-прэзыдэнты праходзяць самі выбары кіраўніка ЗША.

Калегія электараў

Нягледзячы на тое, што ў бюлетэні ўпісаныя імёны кандыдатаў, на самай справе ў ЗША няма прамых выбараў прэзыдэнта.

Амэрыканцы аддаюць свае галасы калегіі электараў. Па ўсёй краіне электараў 538. У кожным штаце свая колькасьць, якая залежыць ад колькасьці насельніцтва штату. Самая вялікая колькасьць электараў — ад Каліфорніі, іх 55. Які з кандыдатаў набярэ найбольшую колькасьць галасоў у штаце (дэмакрат альбо рэспубліканец), той і атрымае падтрымку ў калегіі ўсіх 55 электараў Каліфорніі. Такія правілы фармаваньня прадстаўніцтва штату ў калегіі электараў дзейнічаюць ва ўсіх штатах, акрамя Нэбраскі і Мэйну, дзе галасы разьмяркоўваюцца па-іншаму. Кандыдат, які набраў 270 галасоў чальцоў калегіі электараў, і робіцца прэзыдэнтам ЗША.

Некаторыя штаты традыцыйна галасуюць за рэспубліканцаў або дэмакратаў. Але падчас кожных выбараў ёсьць нявызначаныя штаты. Нярэдка яны ўплываюць на вынік выбараў. У гэтым годзе экспэрты лічаць штатамі, дзе вынік галасаваньня нявызначаны, Флорыду, Пэнсыльванію, Мічыган і Вісконсін.

А тое, колькі галасоў кандыдаты атрымаюць наўпрост, на народным галасаваньні, ад шараговых выбарцаў, толькі ўскосна ўплывае на галасаваньне ў калегіі электараў. У 2016 годзе, напрыклад, за Гілары Клінтан прагаласавалі амаль на тры мільёны больш чалавек, чым за Дональда Трампа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG