Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праймэрыз: Эротыка замест палітыкі


Перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў мэдыях і сацыяльных сетках традыцыйна спрачаюцца, ці варта ўвогуле ў гэтым хоць неяк удзельнічаць. Але кандыдаткам (зноўку ж традыцыйна) прыходзіцца складаней, чым кандыдатам, — у іх ёсьць дадатковая перашкода.

Да жанчын у палітыцы ставяцца асабліва насьмешліва: ім дастаецца ня толькі агульная для ўсіх крытыка за «ўдзел у фарсе» і зьмястоўныя прэтэнзіі да палітычных праграм. Ім дадаткова даводзіцца даказваць, што яны вартыя сур’ёзнага ўспрыманьня нягледзячы на тое, што яны жанчыны.

Так званыя дэмакратычныя эліты ў гэтым пляне ня надта адрозьніваюцца ад цяперашніх уладаў і дзяржаўных мэдыяў. І тыя, і другія часта не гатовыя глядзець на жанчын як на экспэртак і ўспрымаюць іх «найперш як жанчын».

Старшыня БСДП Ігар Барысаў, камэнтуючы ўдзел Ганны Канапацкай і Вольгі Кавальковай у праймэрыз, назваў іх маладымі і прыгожымі жанчынамі. Пра прыгажосьць чатырох кандыдатаў-мужчын ён чамусьці нічога не сказаў. А журналіст Еўрарадыё Зьміцер Лукашук назваў эфір з кандыдаткамі палітыка-эратычным, і ў самым пачатку размовы адзначыў, што яны ўпрыгожваюць студыю.

Гэтыя заявы мужчын раскрытыкавалі ў сацыяльных сетках, але яны, здаецца, так і не зразумелі, у чым увогуле праблема. У нашым грамадзтве прынята лічыць, што любы камплімэнт мужчыны жанчыне — гэта абсалютнае дабро, і гэтаму дабру заўжды трэба быць удзячнай. Што цікава, нярэдка адны і тыя ж людзі адстойваюць ідэю «зьвяртаць увагу трэба на прафэсіяналізм, а не на пол чалавека» і ўпарта настойваюць на сваім праве падкрэсьліваць фізычную прывабнасьць жанчын у палітыцы і іншых прафэсійных сфэрах.

Што праўда, некаторыя жанчыны самі ня супраць такога пазыцыянаваньня. У 2016 годзе Кацярына Шуст з партыі БНФ прасоўвала сябе як «самага прыгожага кандыдата», а кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач часта выкарыстоўвае падкрэсьлена жаноцкія вобразы нават на афіцыйных перамовах, чым выклікае асобныя дыскусіі вакол сваёй асобы.

Было б недарэчна забараняць жанчынам выкарыстоўваць такую тактыку (і гэта аб’ектыўна немагчыма зрабіць), але ж варта прызнаць: такі падыход да пазыцыянаваньня сябе ў палітыцы ўплывае на агульную сытуацыю. Ён шкодзіць тым жанчынам, якія жадаюць, каб іх на самой справе ўспрымалі сур’ёзна, і ў цэлым замінае разьвіцьцю палітычнай сфэры ў Беларусі.

Можна, вядома ж, угаворваць сябе, што самапазыцыянаванне праз «прыгажосьць» дапамагае прыцягнуць аўдыторыю, якая ў будучым стане сур’ёзна ўспрымаць прапанаваную палітычную праграму, але гэта ілюзія. Тут працуюць такія ж правілы, як і са славутым прынцыпам «sex sells» у рэкляме прадуктаў і сэрвісаў. Людзі запамінаюць сэксуальны вобраз, але ня сам рэклямны аб’ект. У выпадку з палітыкай, аўдыторыя запамінае чырвоную памаду Вольгі Карач і лёзунг пра прыгажосьць Кацярыны Шуст, але не імкнецца разьбірацца, што ж гэтыя жанчыны прапануюць зьмяняць у грамадзтве.

Зрэшты, тых жанчын, якія пазыцыянуюць сябе выключна праз экспэртнасьць і прафэсіяналізм, таксама ўспрымаюць ня надта сур’ёзна. Нас спрабуюць запэўніць, што адсылкі да маладосьці і прыгажосьці палітычных дзяячак — гэта нармальна. І ўвогуле камплімэнтам трэба радавацца. Але ж дзе аналягічныя камплімэнты мужчынам? Ці чакаць нам палітыка-эратычных эфіраў з Губарэвічам, Казловым, Севярынцам і Янукевічам? Мяркую, што да іх мы такога стаўленьня ня ўбачым. Зноўку.

Калі даходзіць да мужчын, гэтыя «камплімэнты» адназначна ўспрымаюцца як недарэчныя і абразьлівыя. Гэта ж мужчыны, і яны займаюцца сур’ёзнымі справамі, да чаго тут увогуле іх узрост і прывабнасьць?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG