«Белнафтахім»: НПЗ спыняць не плянуем, сыравіны хопіць да канца лютага

Рэзэрвуар з нафтай на прадпрыемстве «Гомельтранснафта» каля Мазыра, студзень 2020

Беларусь мае неабходныя нафтавымі рэсурсы, каб забясьпечваць працу нафтаперапрацоўчых заводаў у лютым, паведамілі БелаПАН у канцэрне «Белнафтахім».

Сярод крыніц сыравіны назвалі пастаўкі з Расіі і Нарвэгіі, а таксама запасы на заводах і ўласную здабычу. Спыняць вытворчасьць не плянуецца сказаў прэс-сакратар «Белнафтахіма» Аляксандр Цішчанка:

«Пакуль ёсьць рэсурсы, якія дазваляюць усё падтрымліваць. Будзем цягнуць. Спыняць ніхто нічога не плянаваў».

Паводле яго слоў, заводы працягваюць працу на мінімальнай загрузцы, каб забясьпечваць у першую чаргу патрэбнасьці ўнутранага рынку ў паліве. Сярэдняя мінімальная сутачная загрузка складае ад 16 да 20 тысяч тон нафты. Летась на заводах у Мазыры і Наваполацку перапрацоўвалі каля 50 тысяч тон нафты ў суткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кампанія Гуцэрыева заплянавала паставіць у Беларусь яшчэ 250 тысяч тон нафты ў лютым

З 1 студзеня 2020 гады два беларускіх НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы з-за адсутнасьці доўгатэрміновых кантрактаў з расейскімі пастаўшчыкамі. Нафта пастаўляецца па дамоўленасьці з расейскай групай кампаній «Сафмар», якая належыць расейскаму бізнэсоўцу Міхаілу Гуцэрыеву. У студзені на абодва заводы плянавалася паставіць 500 тысяч тон, у лютым — 250 тысяч тон.

У студзені Беларусь закупіла 80 тысяч тон нафты з Нарвэгіі. Яе пачалі перапрацоўваць на заводзе «Нафтан» у канцы студзеня. Беларусь таксама здабывае ўласную нафту. У мінулым годзе гадавыя аб’ёмы здабычы склалі 1,69 млн тонаў.