Генпракуратура Беларусі: «У нас няма права наглядаць за выкананьнем ЦВК закону»

Ілюстрацыйнае фота. Выбарчы ўчастак падчас парлямэнцкай кампаніі 2019 году

Генэральная пракуратура Беларусі ня мае права сачыць за выкананьнем заканадаўства Цэнтральнай выбарчай камісіяй (ЦВК). Такі адказ прыйшоў на скаргу былой дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай.

Што здарылася

Канапацкая прасіла Генэральную пракуратуру і Вярхоўны суд Беларусі ацаніць законнасьць рашэньня ЦВК, якое на 11 месяцаў скараціла тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Паводле Канапацкай, гэтае рашэньне супярэчыць Канстытуцыі.

Як адказалі на зварот?

У Генпракуратуры разгледзелі зварот Канапацкай і адказалі, што, згодна зь беларускім заканадаўствам, ведамству «не дэлегавалі права» ажыцьцяўляць нагляд за дзейнасьцю ЦВК.

Вярхоўны суд адмовіў у завядзеньні крымінальнай справы, патлумачыўшы, што ЦВК прыняло такое рашэньне ў межах сваіх паўнамоцтваў. Заканадаўства не прадугледжвае абскарджваньня рашэньняў ЦВК аб скліканьні першай пасьля выбараў сэсіі Палаты прадстаўнікоў.