Ня так важна, ці кажа Гараўскі праўду

Юры Гараўскі

Думкі гісторыка Алеся Краўцэвіча.

Людзі гадаюць, ці сапраўды былы міліцыянт Гараўскі ўдзельнічаў у забойстве зьніклых у 1999 годзе палітыкаў. Меркаваньні наконт ягонага прызнаньня шырока вагаюцца — ад расейскага сьледу (маўляў, закрылі для Лукашэнкі шлягбаум на дарозе на Захад) да «кажа праўду», або «выступіў дзеля грошай».

У мяне няма пэўнасьці наконт словаў Гараўскага, але ёсьць упэўненасьць, што самае важнае ў іншым.

Менавіта, новы гучны рэзананс ад палітычных забойстваў дваццацігадовай даўнасьці дае надзею нават пэўнасьць, што такое не паўторыцца з сёньняшнімі дзеячамі апазыцыі. Бо аказалася, што для беларускіх грамадзянаў забойства людзей не мае тэрміну даўнасьці, прынамсі ў людзкой памяці (а далей, непазьбежна, у сьледзтве і судзе).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Рэзананс ад споведзі Гараўскага важны для моладзі, якая вырасла пры Лукашэнцы — дае добры стымул задумацца, пад якой уладай яны жывуць. Важны для Паўлічэнкі і ягоных выхаванцаў — нагода падумаць, ці аплочваецца ў доўгай пэрспэктыве выкананьне злачынных загадаў (Паўлічэнка: «я гатовы выканаць любы загад прэзыдэнта»).

Ёсьць у ва ўсёй гэтай справе і несумненныя рэчы, якія ўкладаюцца ў адну лягічную лінію. Па-першае, няма сумненьняў, што зьніклых палітыкаў забілі. Па-другое, Паўлічэнка і ягоны галоўны «апякун» лічаць забойства людзей без суда і сьледзтва цалкам прыймальным (абодва публічна казалі, што ў 90-я гады так забівалі бандытаў). Па-трэцяе, іх апраўданьням ніхто ня верыць — на падставе вопыту працягам у чвэрць стагодзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкрыцьці Гараўскага: чаму маўчыць улада

Справа Гараўскага дае надзею, што раней ці пазьней мы будзем ведаць праўду пра зьніклых людзей — тых, каго рэжым палічыў пагрозай для свайго існаваньня. Як і пра тых, хто ўчыніў злачынства. Таксама ёсьць надзея, што злачынцы будуць пакараныя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара

  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа