Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго б не ўзялі на такую справу». Саслужывец Гараўскага расказаў, што былыя спэцназаўцы думаюць пра яго прызнаньні


Юры Гараўскі (справа), архіўнае фота

Яўген Міхайлоўскі праходзіў разам з Юрыем Гараўскім тэрміновую службу ў менскай вайсковай частцы 3214. Ён кажа, што інтэрвію былога саслужыўца выклікала хвалю абмеркаваньняў.

Падчас размовы Яўген Міхайлоўскі адразу зазначае, што сябраваў зь Юрыем толькі падчас «курса маладога байца» пасьля прызыву ў войска. Затым Гараўскі трапіў у 1-ю роту, а сам Яўген Міхайлоўскі ў 2-ю. Пасьля 1998 году іхныя шляхі разышліся, і кантактавалі яны толькі час ад часу як былыя саслужыўцы.

«Так, я ведаю Юрыя Гараўскага, мы разам зь ім служылі ў вайсковай частцы 3214, гэта было ў 1996–98 гадах, — расказаў Свабодзе Яўген Міхайлоўскі. — Потым ён застаўся на кантракце ў трыццацьдвойцы (в\ч 3214. — РС), а я паступіў у Вайсковую акадэмію. Толькі Гараўскі ня ў „СОБРы“ служыў, здаецца, а проста ў 3214. Але адносіны падтрымлівалі, перапісваліся, што ды як».

Міхайлоўскі гаворыць, што відэа з удзелам былога саслужыўца яшчэ ня бачыў, толькі чытаў яго тэкставую вэрсію, выкладзеную на партале TUT.BY. Яўген перакананы, што калі агучаныя яго былым саслужыўцам падзеі мелі месца, то Гараўскі быў бы апошнім, хто мог у іх удзельнічаць.

«Я магу адразу сказаць, што на 99,9% ён там ніякага ўдзелу не прымаў, гэта ўсё фэйк, — кажа саслужывец Гараўскага. — Па-першае, ён быў не на тым узроўні, каб удзельнічаць у такіх справах. Увогуле ніяк. Па-другое, ён назваў рэальныя прозьвішчы хлопцаў, зь якімі ён нібыта служыў разам. Сказаў, што сам быў намесьнікам камандзіра групы. Гэтага не магло быць. У тым ліку з прычыны яго маральных і фізычных якасьцяў. Гэта фэйк. Пра Юравы маральныя якасьці я магу сказаць нецэнзурна: «пі...бол».

Яўген Міхайлоўскі кажа, што Гараўскі сапраўды трапляў у сур’ёзную аўтамабільную аварыю, якая магла мець непрыемныя для яго наступствы, у тым ліку псыхалягічныя. Пра тое, ці насамрэч Юры Гараўскі некалькі гадоў правёў у СІЗА на Валадарцы, Міхайлоўскі нічога ня ведае.

«Пра сумесную службу зараз мала што магу ўзгадаць, гэта вельмі даўно было, — кажа Міхайлоўскі. — Ён сьлізкі быў, невыразны. Дзе добра — там ён, дзе дрэнна — там яго няма. Такі чалавек, як зьмяя. Іншыя саслужыўцы ў прынцыпе таксама былі пра яго такой думкі. Гараўскі стараўся выбіцца ў лідэры, але ў яго гэта не атрымлівалася. Так, быў здаровы, высокі. Але больш нічога зь сябе не ўяўляў. Ня мог ён у такім удзельнічаць, яго б у жыцьці нікуды не ўзялі. Ну не 99,9%, то 80% я даю, што ён ня мог браць удзелу ў такіх справах. Яму нехта падрыхтаваў усё, Юра выклаў, атрымаў прытулак і зваліў адсюль. Пасьля аварыі, відаць, памутненьне ў яго здарылася».

Яўген Міхайлоўскі кажа, што ўжо пасьпеў абмеркаваць інтэрвію Гараўскага зь іншымі былымі саслужыўцамі з вайсковай часткі 3214. Ён гаворыць, што ўсе яны вельмі скептычна паставіліся да агучанай Юрыем Гараўскім вэрсіі пра яго ўдзел у апэрацыі зьнішчэньня апазыцыйных палітыкаў.

«Быў бы там нехта іншы з названых Гараўскім байцоў, мы б яшчэ паверылі, — кажа Яўген Міхайлоўскі. — Але толькі ня ён».

Пра сваё стаўленьне да вэрсіі аб дачыненьні байцоў «СОБР» да зьнікненьня Ганчара, Захаранкі і Красоўскага былы спэцназавец гаварыць катэгарычна адмаўляецца.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG