Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік Паўлічэнкі: Мы не прасілі ў Лукашэнкі дазволу на прэс-канфэрэнцыю з нагоды інтэрвію Гараўскага


Памочнік старшыні асацыяцыі вэтэранаў спэцпадразьдзяленьняў «Гонар» Дзьмітрыя Паўлічэнкі Сяргей Матвіенка заявіў Свабодзе, што яго арганізацыя не зьвярталася да кіраўніка Беларусі па дазвол правесьці прэс-канфэрэнцыю з нагоды інтэрвію Юрыя Гараўскага.

У размове са Свабодай Сяргей Матвіенка паведаміў, што першы раз чуе імя меркаванага аўтара такога звароту Ігара Парэчына, а таксама сьцьвердзіў, што Парэчын ня ёсьць сябрам арганізацыі. Таксама Матвіенка патлумачыў сваё стаўленьне да заяваў Юрыя Гараўскага.

«Асабіста я не знаёмы з Юрыем Гараўскім, — сказаў у размове са Свабодай Сяргей Матвіенка. — Я інфармацыю цяпер атрымліваю гэтаксама як вы, з інтэрнэту. Чытаю і дзіву даюся. Гісторыя паўтараецца. Усё, што было напісана раней, зараз было пераказана. Мне незразумелыя дзеяньні гэтых людзей».

Атрымаць камэнтар непасрэдна ў Дзьмітрыя Паўлічэнкі на гэты момант немагчыма, ён афіцыйна знаходзіцца ў камандзіроўцы разам з намесьнікам. У асацыяцыі Свабодзе паведамілі, што «усе неабходныя на дадзены момант заявы ўжо былі зробленыя раней».

Таксама Сяргей Матвіенка пацьвердзіў, што на апублікаваным выданьнем «Беларусь Сегодня» здымку з выступу Дзьмірыя Паўлічэнкі перад сябрамі асацыяцыі «Гонар» насамрэч знаходзіцца Юры Гараўскі.

«Я бачыў гэты фатаздымак таксама, там ёсьць Гараўскі, — пацьвердзіў Сяргей Матвіенка. – Гэта было агучана, што ён некалі служыў. На такое мерапрыемства можа хто заўгодна прыйсьці. Вы што, думаеце, там па сьпісах? Ёсьць пэўная падзея. Засьвяціць свой твар можа хто заўгодна. Калі нават і недзе спатыкаўся, нешта было ў жыцьці ў чалавека, то чаму не. Хаця я таксама ўсё ведаю толькі са СМІ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG