Мяркуючы па ўсім, палітычнае кіраўніцтва краіны знаходзіцца цяпер у разгубленасьці з нагоды інфармацыі пра палітычныя забойствы, выкладзенай Юрыем Гараўскім. Яно ня ведае, як рэагаваць. Добрага выйсьця з гэтай сытуацыі яно ня мае.
Сьцісла
- Зьявіўся чалавек, які на тэлекамэру прызнаецца ў страшных злачынствах. Прычым гэта ня нейкі ананім, а рэальная пэрсона, зь імем і прозьвішчам.
- Найбольш нявыгадны гэты ўкід беларускім уладам.
- Новая інфармацыя ў «справе зьніклых» пачынае палітызаваць грамадзтва. Прычым у дадатак да тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі. І ўсё гэта напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, якія кіраўніцтва дзяржавы хацела б правесьці, як звычайна, па-за палітычнай плашчынёй.
- Улады ў разгубленасьці, дзяржаўныя мэдыя апынуліся ў стане інфармацыйнага паралічу.
- Паводле фармальных правілаў і звычайнай лёгікі, праваахоўныя органы павінны былі б паспрабаваць узяць сьведкавыя паказаньні Юрыя Гараўскага і выклікаць на допыт тых асобаў, прозьвішчы якіх ён назваў як саўдзельнікаў забойстваў.
Фільм, апублікаваны Deutsche Welle, у якім былы баец «эскадрону сьмерці» Юры Гараўскі прызнаецца ва ўдзеле ў забойствах праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе, стаў апошнімі днямі галоўнай ня толькі палітычнай, але і грамадзкай навіной Беларусі. Падзею абмяркоўваюць нават далёкія ад палітыкі людзі.
Кароткі фактчэкінг, што мы маем на сёньняшні дзень?
Зьявіўся чалавек, які на тэлекамэру прызнаецца ва ўчыненьні страшных злачынстваў. Прычым гэта ня нейкі ананім, а рэальная пэрсона, зь імем і прозьвішчам, ён не хаваецца пад псэўданімам. Многія людзі (суседзі і іншыя) яго пазналі, прызналі. І ў гэтым якаснае адрозьненьне ад іншых матэрыялаў на гэтую тэму.
Другі важны момант. Былыя калегі (у прыватнасьці, Ігар Парэчын) пацьвердзілі, што ён сапраўды служыў у СОБРы ў тыя часы, калі адбыліся злачынствы.
Галоўны фігурант «справы зьніклых» Дзьмітры Паўлічэнка, відавочна, кажа няпраўду, канчаткова заблытаўшыся у паказаньнях. За кароткі час у камэнтары незалежным мэдыя ён выказаў тры розныя вэрсіі з нагоды прызнаньня Гараўскага: ён яго ведае, той сапраўды служыў пад яго кіраўніцтвам у СОБРы; ён яго ня ведае; ён пераблытаў гэтага чалавека зь кімсьці іншым. І гэтая блытаніна ўскосна пацьвярджае сьведчаньне Гараўскага.
У мэдыя, сацыяльных сетках цяпер разгортваецца дыскусія на тэму, каму выгадная інфармацыя Deutsche Welle, чый тут сьлед.
Але адначасова варта паставіць іншае пытаньне: каму найбольш нявыгадны гэты ўкід? Адказ відавочны — беларускім уладам. Адрозна ад 2001 году, калі інфармацыя пра «зьніклых» зьявілася ў недзяржаўных мэдыя, мы жывём у эпоху інтэрнэту. Цяпер інфармацыя распаўсюджваецца хутка і шырока.
Праблема ня толькі ў тым, што прызнаньне Гараўскага выцягвае на палітычны экран тэму, якую ўлады хацелі б замаўчаць. Гэтае пытаньне пачынае палітызаваць грамадзтва. Прычым у дадатак да тэмы беларуска-расейскай інтэграцыі. І ўсё гэта напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, якія кіраўніцтва дзяржавы хацела б правесьці, як звычайна, па-за палітычнай плашчынёй. Памятаеце, як Лідзія Ярмошына тлумачыла, чаму разьвялі парлямэнцкую і прэзыдэнцкую кампаніі? Каб не палітызаваць грамадзтва. Дык вось цяпер, здаецца, гэты сцэнар можа паламацца.
Мяркуючы па ўсім, палітычнае кіраўніцтва краіны знаходзіцца цяпер у разгубленасьці, ня ведае, як рэагаваць на гэтую інфармацыю. Дзяржаўныя мэдыя маўчаць. І гэта вельмі паказальна. Галоўная тэма, якая абмяркоўваецца грамадзтвам, увогуле ігнаруецца дзяржаўнымі СМІ. Такі інфармацыйны параліч здараецца зь імі кожны раз, калі зьяўляецца такая непрыемная сытуацыя, а ўстаноўкі зьверху, як рэагаваць, няма.
Што абавязкова, паводле фармальных правілаў і звычайнай лёгікі, павінны былі б зрабіць цяпер праваахоўныя органы, гэта паспрабаваць узяць паказаньні ў Юрыя Гараўскага. Ці зрабіць запыт у Нямеччыну (мяркуючы па ўсім, ён знаходзіцца менавіта там) аб выдачы чалавека, які прызнаўся ў цяжкіх злачынствах, абвесьціць яго вышук праз «Інтэрпол». Ці даслаць сьледчага у Нямеччыну для допыту.
Другі відавочны ход Сьледчага камітэту палягае ў тым, каб выклікаць на допыт тых людзей, прозьвішча якіх назваў Гараўскі як саўдзельнікаў забойстваў. Дарэчы, Анатоль Лябедзька падаў адпаведную заяву старшыні Сьледчага камітэту і генэральнаму пракурору. Калі праваахоўныя органы ніяк не адрэагуюць на гэтую сытуацыю, то гэта фактычна будзе азначаць самавыкрыцьцё. Добрага выйсьця з гэтай сытуацыі ў палітычнага кіраўніцтва няма.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.