Будзе халодна. Якое надвор’е прагназуюць на пахаваньне Каліноўскага
Могілкі Росы ў Вільні, ілюстрацыйнае фота
Удзень 22 лістапада ў Вільні будзе ніжэй за нуль, ветрана і вільготна.
Аб 11-й гадзіне ў пятніцу, 22 лістапада ў Катэдральным касьцёле Вільні пачнецца цырымонія разьвітаньня з паўстанцамі 1863–64 году. Апоўдні пачнецца ўрачыстая імша — на Катэдральнай плошчы паставяць вялікія экраны, каб любы ахвочы пачуў малітвы. Уласна перапахаваньне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў пачнецца а 14-й. Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю зь Вільні.
Наведнікам цырымоніяў 22 лістапада варта апранацца цёпла, калі верыць прагнозам надвор’я:
Прагноз на папулярным у Літве сайце Delfi такі: максымум –1°С днём, зранку –3°, пераменная воблачнасьць, вецер 6 м/с.
Блізкі прагноз дае The Weather Channel: максымум –1°С, хмарна, вецер да 7 м/с, вільготнасьць 62%.
AccuWeather прагназуе –2°С, якія «адчуваюцца на –8», пераменную воблачнасьць, імавернасьць ападкаў у 25% і вільготнасьць звыш 50%, вецер у 5,5 м/с з парывамі да 8 м/с.
BBC дае «найхаладнейшы» прагноз: днём максымум –3°С, якія «адчуваюцца на –11», вільготнасьць да 80%.
«Самы цёплы» прагноз дае беларускі сайт Pogoda.by: днём 0..–2°С, пераменная воблачнасьць без ападкаў, вільготнасьць у 70%, вецер 7–9 м/с з парывамі да 15 м/с.
На суботу і нядзелю, калі таксама будуць праходзіць урачыстасьці, зьвязаныя з перапахаваньнем паўстанцаў Каліноўскага, прагназуюць яшчэ халаднейшае надвор’е: ад «каля нуля» да –5°С у суботу і –2..+1°С у нядзелю. Дажджоў не чакаецца, але высокая вільготнасьць захаваецца.
Перапахаваньне паўстанцаў — на Свабодзе
Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю з цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага 22 лістапада ў Вільні.