Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта многа ці мала? Беларусь сабралася скараціць выкіды парніковых газаў на 35%


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства замежных спраў Беларусі расказала БелТА, што накіравала ў сакратарыят Арганізацыі Аб’яднаных Нацый заяву пра намер узяць на сябе безумоўнае абавязаньне скараціць выкіды парніковых газаў. Свабода спытала эколяга пра тое, што гэтае абавязаньне значыць.

Беларусь зьбіраецца скараціць выкіды да 2030 году на 35% ад узроўню 1990-га, прычым зрабіць гэта толькі за кошт уласных рэсурсаў. У ліку захадаў дзеля гэтага называюць большае выкарыстаньне аднаўляльных крыніц энэргіі, будаўніцтва энэргаэфэктыўнага жытла і ўкараненьне безвугляродных і нізкавугляродных тэхналёгій.

Беларусь не скарачае, а нарошчвае выкіды, — эколяг

Што значаць гэтыя лічбы, 35%? Анастасія Бекіш, праграмны дырэктар таварыства «Зялёная сетка» па кліматычнай палітыцы, кажа Свабодзе, што Беларусь цяпер не скарачае, а толькі нарошчвае выкіды парніковых газаў і яшчэ не дасягнула ўзроўню 1990 году. Справа ў тым, што пасьля распаду СССР гэтыя выкіды скараціліся амаль удвая з прычыны спаду прамысловай вытворчасьці.

«Калі ацэньваць, колькі гэта, многа ці мала, то трэба зразумець, з чым мы параўноўваем і якія намаганьні адлюстроўвае тая ці іншая лічба, — кажа Анастасія Бекіш. — Вядома, адносна 28%, пазначаных у нашым 1-м нацыянальна вызначаным унёску да Парыскага пагадненьня, гэта даволі адчувальны рост.

І тым ня менш, 35% усё яшчэ не прадугледжваюць сур'ёзных дадатковых захадаў накшталт вугляроднага рэгуляваньня — падатку або нацыянальнага рынку квотаў на выкіды парніковых газаў».

Прадстаўніца «Зялёнай сеткі» радуецца, што МЗС і беларускі ўрад разумеюць неабходнасьць нізкавугляроднага інавацыйнага разьвіцьця Беларусі, але адзначае, што аднаго разуменьня мала: рэальная трансфармацыя можа быць толькі пры штодзённай супрацы дзяржавы зь бізнэсам і грамадзянскай супольнасьцю.

Ці энэргаэфэктыўная краіна Беларусь? І так, і не

Паказьнікі Беларусі што да энэргаэфэктыўнасьці добрыя па мерках краін былога СССР, але далёкія ад паказьнікаў разьвітых краін Заходняй Эўропы, адзначае Бекіш.

Да таго ж у Беларусі няма ні празрыстай сыстэмы справаздачнасьці аб выкідах парніковых газаў, ні нацыянальнага рэгуляваньня выкідаў з квотамі і падаткамі. Бязь першага, перакананая Бекіш, Беларусі нерэальна разьлічваць на ўдзел у міжнародных праектах у межах Парыскага пагадненьня. Без другога могуць узьнікнуць гандлёвыя праблемы з Эўразьвязам: там плянуюць увесьці «вугляродны падатак» на тавары, якія не адпавядаюць эўрапейскім кліматычным нормам.

«Хацелася б, каб нашыя праграмы па разьвіцьці энэргаэфэктыўнасьці не былі згорнутыя з уводам АЭС — як ужо ўсім вядома, у нашай краіны будуць вялікія праблемы з энэргіяй, якую проста ня будзе куды падзець, — дадае Бекіш. — Думаю, пляны па разьвіцьці электратранспарту зьвязаныя хутчэй з гэтай акалічнасьцю, а не з палітычнай воляй па рашэньні праблемы зьмены клімату.

І ўжо зусім дзіўна бачыць заяву аб тым, што мы плянуем рабіць больш для разьвіцьця аднаўляльных крыніц энэргіі — на жаль, цяперашнія пляны па іх выглядаюць проста сьмешна, асабліва на фоне экспанэнтнага росту аднаўляльных крыніц у энэргабалянсе мноства краін па ўсім сьвеце».

Беларусь таксама адклала на чатыры гады распрацоўку шэрагу дакумэнтаў, зьвязаных з Парыскім пагадненьнем: замест 2018 году іх узяліся распрацаваць да 2022-га. На думку Бекіш, гэта зьвязана з тым, што беларускія ўлады чакаюць рэгіянальнага праекту Эўразьвязу EU4Climate, а самі ня маюць дастаткова інстытутаў і экспэртаў, каб распрацаваць стратэгію нізкавугляроднага разьвіцьця ці нацыянальны плян адаптацыі да наступстваў зьмены клімату.

«​Усяго, што робяць у сьвеце, недастаткова, каб спыніць зьмену клімату»​

Таго, што робіцца цяпер у сьвеце, кажа Бекіш, недастаткова, каб выканаць мэты Парыскага пагадненьня. Сумарна ўсё тое, што робяць краіны сьвету ў межах нацыянальных абавязаньняў, абмяжуе рост глябальнай тэмпэратуры ў межах 3°С. А гэта ніяк не 1,5–2°С, зафіксаваныя ў пагадненьні, і такое падвышэньне можа быць катастрафічным для цэлых нацый і рэгіёнаў.

«Калі мы рэальна хочам вырашыць праблему зьмены клімату, калі мы хочам, каб Грэта і дзеці па ўсім сьвеце маглі спакойна хадзіць у школу, а не на дэманстрацыі, мы павінны прыкласьці істотна больш намаганьняў», — дадае Бекіш.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG