Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як вы можаце!» Прамова 16-гадовай актывісткі ў ААН, дзе яна прадказвае экалягічную катастрофу. ВІДЭА


16-гадовая экалягічная актывістка Грэта Тунберг увечары 23 верасьня выступіла ў ААН з эмацыйнай прамовай.

Тунбэрг прадказала экалягічную катастрофу ў сьвеце і заявіла, што «людзі пакутуюць, паміраюць, гінуць экасыстэмы, а мы знаходзімся на мяжы масавага зьнішчэньня», але палітыкі нічога ня робяць для таго, каб зьмяніць гэтую сытуацыю да лепшага.

«Маё пасланьне вам: мы будзем сачыць за тым, што вы робіце, — заявіла Грэта Тунбэрг, зьвяртаючыся да прысутных у залі палітыкаў і дыпляматаў. — Усё, што адбываецца — няправільна. Мяне ўвогуле не павінна было быць у гэтай залі. Я павінна быць у школе па іншы бок акіяну. Але менавіта вы зьвяртаецеся да нас, моладзі, па надзею! Як вы наогул можаце гэта рабіць? Вы, менавіта вы скралі мае мары і маё дзяцінства сваімі пустымі размовамі! А ўсё, пра што вы можаце думаць — гэта грошы і казкі пра вечны эканамічны рост!»

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які прысутнічаў у залі падчас прамовы Тунбэрг, саркастычна адгукнуўся ў твітэры на яе прамову.

«Яна выглядае вельмі шчасьлівай юнай дзяўчынкай, якая глядзіць у сьветлую і прыгожую будучыню. Як прыемна такое бачыць!» — напісаў Трамп. Падчас прамовы актывісткі ён некалькі разоў выразна паглядаў на гадзіньнік і закрываў вочы.

Тунбэрг са свайго боку паабяцала, што «новыя пакаленьні будуць пільна сачыць за дзеяньнямі цяперашніх уладаў» і ніколі не даруюць ім, калі тыя іх падвядуць.

  • Тунбэрг атрымала шырокую вядомасьць, калі ўлетась пачала «страйк дзеля клімату». Яна кожны тыдзень выходзіла да парлямэнта Швэцыі замест заняткаў у школе, патрабуючы ад палітыкаў прыняць тэрміновыя меры, каб не дапусьціць экалягічнага апакаліпсісу.
  • Яе акцыі падтрымалі школьнікі і ў іншых краінах Эўропы. У сьнежні летась Тунбэрг выступіла з прамовай на Сусьветнай канфэрэнцыі ААН у пытаньнях зьмены клімату ў Катавіцэ (Польшча).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG