Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая школьніца год прапускае заняткі ў школе, каб ратаваць сьвет


Грэта Тунбэрг у брытанскім порце Плімут
Грэта Тунбэрг у брытанскім порце Плімут

Швэдзкай школьніцы Грэце Тунбэрг 16 год. У яе ёсьць уласная прэс-служба, пра яе напісалі кнігу і намінавалі на Нобэля. Ужо тыдзень дзяўчына плыве праз Атлянтычны акіян на яхце каралеўскай сям'і Манака, каб зьвярнуць увагу на зьмену клімату. Адчайную барацьбу, якую Грэта пачала год таму, шмат хто лічыць марнай справай. Але яна не зьвяртае на гэта ўвагу.

Пра Грэту загаварылі летась, у гэты самы час. Замест таго, каб пайсьці пасьля вакацыяў у школу, яна распачала страйк каля швэдзкага парлямэнту. Гэта было самае гарачае лета ў Швэцыі за 260 гадоў вымярэньня тэмпэратуры. Дзяўчына пратэставала супраць выкідаў у атмасфэру парніковых газаў. Самотны пікет працягваўся пару тыдняў па некалькі гадзінаў у дзень. Пазьней Грэта ўсё ж вярнулася ў школу. Але ўвесь год, кожную пятніцу, яна сачкавала ад урокаў, патрабуючы ад ураду рашучых дзеяньняў на карысьць барацьбы са зьменамі клімату.

Грэта Тунбэрг
Грэта Тунбэрг

Яе прыклад перанялі вучні і студэнты ў многіх краінах. У сакавіку на вуліцы выйшла больш за 1,5 млн маладых у 133 краінах сьвету. Так узьнік сусьветны рух «Школьны страйк за клімат», а Грэта стала яго неафіцыйным лідэрам. Яна атрымала мянушку Эка-Піпі, у гонар адной з самых славутых гераіняў швэдзкай літаратуры Піпі Доўгайпанчохі.

Эфэкт Грэты

Грэта імгненна стала зоркай. Яе пачалі абсыпаць прэміямі, узнагародамі, запрашэньнямі. Швэдзкая школьніца выступіла ў Эўрапейскім парлямэнце і на Кліматычным саміце ААН на запрашэньне Антонія Гутэрэша. Яна стала ўлюбёнкай сэлебрэці, якія барацьбу са зьменамі клімату зрабілі ледзь не сваёй рэлігіяй. Але ў адрозьненьні ад многіх зь іх іх, Грэту немагчыма абвінаваціць у крывадушніцтве.

Грэта падарожнічае на цягніках, электрамабілях і ровары, а ня ўласным самалётам, як многія змагары за ратаваньне сьвету ад кліматычнай катастрофы, выкідваючы ў атмасфэру парніковыя газы. Ужо ў 9-гадовым узросьце яна пачала ашчаджаць паперу і электрычнасьць.

Пад уплывам дачкі, свой стыль жыцьця радыкальна зьмянілі бацькі Грэты — опэрная сьпявачка Малена Эрнман і актор Свэн Тунбэрг. Маці Грэты перастала лятаць на канцэрты самалётамі, што істотна зьменшыла колькасьць яе канцэртаў. Абое бацькоў сталі вэгетарыянцамі, як, дарэчы, і дачка. Яны маюць уласны гарод, а на даху дому ўсталявалі сонечныя панэлі. Перамяшчаюцца Малена і Свэн электракарам, але толькі тады, калі гэта выключная неабходнасьць.

Грэта з бацькам
Грэта з бацькам

У сеціве ёсьць мноства відэавыступаў Грэты. На іх бачна, наколькі гэтая 16-гадовая школьніца катэгарычная і непахісная. Сама яна кажа, што ўдзячная за гэта сваім хваробам. У раньнія гады ў яе дыягназавалі дэпрэсію, сындром Аспергера, сындром дэфіцыту ўвагі і гіпэрактыўнасьці, абсэсійна-кампульсіўны разлад і сэлектыўны мутызм. У 11, з прычыны страху перад зьменамі клімату, яна перастала есьці і схуднела за два месяц на 10 кг. Ціхая і спакойная ў штодзённым жыцьці Грэта адкрыта кажа, што хваробы дапамагаюць ёй гаварыць толькі тады, калі гэта сапраўды неабходна.

«Я хачу, каб вы панікавалі»

Паколькі палітыкі часта ўспрымаюць экалёгію як дадатковыя балы ў барацьбе за ўладу, Грэту сталі запрашаць на сустрэчы, дзе ад палітыкаў не было праходу. Падчас апошняй сустрэчы ў Давосе СМІ казалі пра яе часьцей, чым пра іншых удзельнікаў. Дзяўчына прыцягнула ўвагу тым, што прыехала ў альпійскае мястэчка цягніком. Падарожжа заняло больш за 30 гадзінаў. Падчас прамовы яна раскрытыкавала самых багатых і ўплывовых людзей плянэты, якія, дарэчы, у Давос прыляцелі больш як на 1,5 тыс. прыватных самалётах.

«Я не хачу вашай надзеі. Не хачу, каб вы жылі надзеяй. Я хачу, каб вы панікавалі. Хачу, каб вы адчувалі страх, які я адчуваю штодзённа. І я хачу, каб вы нарэшце пачалі нешта рабіць. Я хачу, каб вы паводзілі сябе так, нібыта наш дом ахоплены пажарам. Бо менавіта так усё і выглядае», — так Грэта скончыла сваю прамову ў Давосе.

Па-сутнасьці, гэта і ёсьць тактыка Грэты. Яна ня раз тлумачыла, што чым больш людзей зразумеюць, што сьвет апанаваў крызіс, то ўсё больш зь іх пачнуць дзейнічаць.

Грэта выступае ў парлямэнце Францыі
Грэта выступае ў парлямэнце Францыі

Для шмат каго яе прапановы выглядаюць наіўнымі. Асабліва яе прапанова адмаўляцца ад самалётаў на карысьць цягнікоў і аўтобусаў. Яе праціўнікі, не без рацыі, пярэчаць, што адмаўленьне ў сучасным сьвеце ад авіятранспарту — гэта ўтопія. Калі ад Стакгольму да Мальма яшчэ можна даехаць цягніком, то ад Стакгольму да Лісабону або Атэнаў, пры сучасным рытме жыцьця, гэта складана. Тым ня менш, у Швэцыі ўзьнік нават выраз, які азначае сорам перад палётамі самалётам — Flygskam.

Грэта не паддаецца на абвінавачваньні і ўласным прыкладам паказвае, што зьмяніць стыль жыцьця ня так складана, як можа здавацца.

«Калі вы праігнаруеце мяне, то нічога ня станецца. Але вы ня можаце ігнараваць навуковых фактаў. Ня можаце ігнараваць будучыні мільёнаў дзяцей на сьвеце. Я прашу вас, не расчаруйце іх», — прасіла Грэта падчас выступу ў Эўпарлямэнце.

Ворагі і закіды

Школьны страйк у Турыне, Італія
Школьны страйк у Турыне, Італія

Ворагаў у Грэты ня менш, чым прыхільнікаў. Прынамсі на крытыку сваіх дзеяньняў дзяўчына наракаць не павінна. Зь ёй яна сустрэлася ўжо ў першыя дні свайго пратэсту, калі мінакі ў Сткагольме папракалі яе пропускам школы. Гэта быў самы часты папрок у яе бок у сеціве. На гэта Грэта адказвала, што калі палітыкі і так ігнаруюць факты, якім вучаць у школе, то які сэнс туды хадзіць.

Ня раз школьніцы даводзілася абараняцца ад крытыкі за ўзрост, адсутнасьць усьмешкі і дзіцячы выгляд. Францускі філёзаф Мішэль Онфрэй назваў яе «кібаргам без пачуцьцяў», а вучняў, якія пайшлі за Грэтай «статкам бараноў з пакаленьня, якое лічыць, што можа свабодна бэкаць на навуку, якую пераказваюць ім дарослыя».

У інтэрвію часопісу «Time» яна адказала ўсім крытыкам:

«Гэта даволі забаўна, калі адзінае, што могуць зрабіць людзі, гэта зьдзекавацца зь цябе, размаўляць пра твой выгляд або асобу, бо гэта сьведчыць толькі аб тым, што ім няма чаго сказаць і што ў іх няма ніякіх аргумэнтаў».

Гучаць супраць Грэты і больш сур’ёзныя абвінавачваньні. Што за ёй стаяць сур’ёзныя піяршчыкі, аўтары прамоваў і нават вялікі бізнэс.

У школьніцы і сапраўды ёсьць уласная прэс-служба, але яе прэс-сакратаром падпрацоўвае бацька. Некалькі дзён таму «The Times» апублікаваў артыкул у якім сьцьвярджае, што Грэту раскручвае кансорцыюм лабістаў і кампаніяў, якія фінансуюцца буйнымі энэргетычнымі кампаніямі з разьлікам зарабіць мільярды да «зялёнай» палітыцы.

Дасталося Грэце і за падарожжа яхтай праз Атлянтыку. Дзяўчына плыве на саміт ААН у Нью-Ёрк яхтай каралеўскай сям’і Манака. Сама яна пісала ў сваіх акаўнтах, што ў яхты няма нават душу і туалета. Замест туалета яна выкарыстоўвае звычайнае вядро.

Яхта на якой Грэта Тунбэрг плыве ў ЗША
Яхта на якой Грэта Тунбэрг плыве ў ЗША

Нямецкая газэта «Bild» напісала днямі, што вандроўка Грэты праз акіян стане яшчэ больш шкоднай для прыроды, чым авіяпералёт, паколькі дзеля таго, каб вярнуць яхту ў Эўропу, туды выляціць 5-асабовая каманда, а капітан судна таксама вернецца з Амэрыкі ў Эўропу самалётам. Пакуль невядома, як вернецца з ЗША сама Грэта і яе бацька. Выданьне папракае дзяўчыну, што калі б яна паляцела ў ЗША самалётам, то гэта было б для прырода значна менш шкодным. Але і гэта яшчэ ня ўсё. Галоўным спонсарам рэйсу праз Атлянтыку зьяўляецца Yacht Club de Monaco, да якога належаць найбуйнешыя ў сьвеце дызельныя яхты.

Швэдзкая школьніца не пераймаецца гэтымі папрокамі. Учора, калі яна была пасярод Атлянтычнага акіяну, на яе профілі ў Фэйсбуку зьявіўся допіс пра зьнішчальныя пажары ў Амазоніі.

«Мае думкі з тымі, хто пацярпеў. Наша вайна супраць прыроды павінна скончыцца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG