Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэта Тунбэрг вяртаецца ў Эўропу з ЗША на катамаране


Грэта Тунбэрг з сям'ёй Элайн Караусу і Райлі Уітэлум

Катамаран, на якім швэдзкая экаактывістка Грэта Тунбэрг адпраўляецца з ЗША ў Мадрыд на 25-ю канфэрэнцыю Рамачнай канвэнцыі ААН аб зьмяненьні клімату (COP25), атрымлівае ўсё электразабесьпячэньне ад энэргіі ветру і сонца.

Пра гэта дзяўчына паведаміла ў сераду ў інтэрвію швэдзкай газэце «Dagens Nyheter».

Тунбэрг адмовілася ад авіяпералётаў з прычыны іх нэгатыўнага ўплыву на клімат.

«Падарожжа на La Vagabond будзе практычна без выкідаў: судна атрымлівае энэргію ад ветру і сонца», — адзначыла яна.

Дапамогу Грэце і яе бацьку прапанавала аўстралійская сям’я Элайн Караусу і Райлі Уітэлум. Яны жывуць на катамаране са сваім 11-месячным сынам Ленанам, дакумэнтуюць ўсё, што робяць, і выкладваюць відэа на YouTube. У іх канала больш за мільён платных падпісчыкаў.

Шлях праз Атлянтыку швэдка пачынае ўжо раніцай у сераду. Пасьля мадрыдзкай сустрэчы яна разам з бацькам плянуе вярнуцца да сямʼі ў Стакгольм.

Тунбэрг паехала ў Амэрыку спэцыяльна для наведваньня двух буйных мерапрыемстваў, адным зь якіх павінна была стаць канфэрэнцыя ААН па клімаце ў сьнежні ў Чылі. У канцы кастрычніка прэзыдэнт Чылі Себасьцьян Піньера абʼявіў аб адмене форуму праз пратэсты ў краіне, а ўжо на наступны дзень улады Гішпаніі прапанавалі правесьці мерапрыемства ў Мадрыдзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG