«Сустрэчы з выбарнікамі — убогі фармат». На сустрэчу з 22-гадовай кандыдаткай прыйшлі 3 чалавекі

Сустрэча з кандыдаткай у дэпутаты Аланай Гебрэмарыям. 11 лістапада 2019 году

Састарэлым лічыць такі від працы з выбарнікамі каманда адной з самых маладых кандыдатак у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, 22-гадовай Аланы Гебрэмарыям. На сустрэчу зь ёй у школе № 67 прыйшлі 3 чалавекі.

Размаўлялі з кандыдаткай больш за дзьве гадзіны

Хоць у актавай залі сярэдняй школы № 67 — дзясятак чалавек, калі палічыць сумленна, на сустрэчу з кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Грушаўскай выбарчай акрузе № 98 Аланай Гебрэмарыям прыйшлі толькі трое будучых выбарнікаў.

Маладыя людзі назваліся Русланам, Аленай і Сьвятланай. Яшчэ двое хлопцаў, Валер і Сяржук — сябры ініцыятыўнай групы кандыдаткі. У залі два журналісты. І дзьве сталыя жанчыны — прадстаўніца акруговай выбарчай камісіі і завуч школы № 67, якая дала актавую залю для сустрэчы.

Яны добрасумленна выслухалі традыцыйную частку — праграму «Моладзевага блёку». У ёй гаворыцца пра абавязковае разьмеркаваньне, закон аб адтэрміноўках і зьмякчэньне пакараньня паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу. Фактычна кандыдатка паўтарыла тое, што ўжо казалі на прэзэнтацыі «Моладзевага блёку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На выбары ідзём не для піяру, а каб голас моладзі быў пачуты», — кандыдаты правялі прэс-канфэрэнцыю ў ба́ры

Відаць, не пачуўшы крамолы і не адчуўшы падвоху, жанчыны «пры выкананьні» хутка сышлі. А трое патэнцыйных выбарнікаў прымусілі кандыдатку больш за дзьве гадзіны адказваць на іхныя пытаньні.

«Цікавасьці да выбараў у людзей няма»

На пытаньне, чаму ў залі так мала народу, Алана спачатку пачала апраўдвацца, маўляў, «людзі працуюць, ня могуць у гэты час», «са мной шмат людзей зьвязваюцца наўпрост праз мэсэнджары, праз тэлеграм», «калі поўная заля — гэта азначае, што людзі ня самі прыйшлі, а працоўны калектыў проста загналі».

Дзяўчына з залі заўважыла: «Але абвестка пра сустрэчу з вамі зьявілася а 14-й гадзіне, літаральна за 4 гадзіны да яе пачатку».

Тады Алана пачала гаварыць, што людзей наагул выбары не цікавяць.

«Асноўная прычына — пасіўнасьць. Цікавасьці да выбараў у людзей няма», — канстатавала яна. На дапамогу прыйшоў Валер Тамілін, які назваўся даверанай асобай кандыдаткі і гаварыў ня менш за яе.

Алана Гебрэмарыям (справа) і яе давераная асоба Валер Тамілін

«Фармат „сустрэч з выбарнікамі“ абсалютна ўбогі. Моладзь на сустрэчы ня ходзіць, бо выбары — фікцыя, людзі выбіраюць нікому не вядомых. Прычына — у Беларусі адсутнічае публічная палітыка. Не цікавяцца выбарамі нават людзі сталага веку», — кажа Валер.

«Фармат сустрэчы з кандыдатам нецікавы для моладзі», — выказала згоду з Валерам Таміліным Алана. — Усе, хто хацеў са мной сустрэцца, прыходзілі на пікеты каля БДУ, каля «Дана Мол», а таксама на пікет каля «Алмі». А тут правакатараў няма«, — загадкава прамовіла кандыдатка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адна бабуля назвала „двоечнікамі“, а студэнты віталі». Каля хімфаку БДУ прайшоў выбарчы пікет «Моладзевага блёку»

Аб правакатарах на пікетах і канкурэнтку ад улады

Пасьля Валер і Алана расказалі, як у нядзелю на пікеце «Моладзевага блёку» каля ўнівэрсама «Алмі» зьявіліся дзьве жанчыны. Яны прадстаўлялі інтарэсы адной з асноўных канкурэнтак Аланы — Людмілы Макарынай-Кібак, прафэсаркі мэдыцыны, цяперашняй дэпутаткі парлямэнту. Нібыта адна — супрацоўніца РНПЦ отарыналярынгалёгіі, дзе раней працавала Кібак-Макарына, другая — яе давераная асоба.

«Яны прыйшлі на наш пікет і пачалі канкрэтна правакаваць — у нас нават відэа ёсьць. Прычым жанчыны былі падрыхтаваныя — яны ведалі пра нашу праграму, груба раскрытыкавалі нашы прапановы наконт антынаркатычнага 328-га артыкулу — маўляў, з наркаманамі трэба яшчэ больш жорстка абыходзіцца», — расказала Алана Гебрэмарыям.

Алана прызналася, што на пачатку выбарчай кампаніі ёй здавалася, што пераможца ўжо вызначаны. «Але ўсе казалі пра маю асноўную канкурэнтку не як пра ўплывовую дэпутатку, а як пра доктара, спэцыяліста. А калі ўчора на пікет прыйшлі яе людзі і пачалі правакаваць, я падумала: «Значыць, мяне заўважылі, бачаць у маёй асобе канкурэнтку», — кажа Алана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне. Вас заганяюць, бачыце парушэньні? Пішыце нам!

На яе думку, сталым людзям хутчэй спадабаецца лекарка са стажам, а не выпускніца мэдунівэрсытэту. Хаця як дэпутатка Макарына-Кібак нічым асаблівым ня вызначылася, мяркуе юная канкурэнтка прафэсаркі.

«Яна не адказвае за тое, што робіць у парлямэнце, яна не ініцыявала ніводнага законапраекту ў сваёй сфэры, хоць у ахове здароўя, мэдыцыне праблем шмат. Мне не падабаецца, што Макарына-Кібак казала на дэбатах — маўляў, чыноўнікі і дэпутаты не абавязаныя дэкляраваць свае даходы і маёмасьць», — пералічвае заганы сваёй канкурэнткі Алана Гебрэмарыям.

Алена і Сьвятлана, якія прыйшлі паслухаць кандыдатку Алану Гебрэмарыям

«Я магу прайсьці ў парлямэнт толькі ў выпадку, калі ўлады захочуць пагуляць у дэмакратыю»

Што да сваіх шанцаў на перамогу, 22-гадовая Алана ацаніла іх так:

«Я магу прайсьці ў парлямэнт толькі ў выпадку, калі ўлады захочуць пагуляць у дэмакратыю, маўляў, прыйшла маладая цемнаскурая беларускамоўная».

«Калі ніхто з васьмярых кандыдатаў „Моладзевага блёку“ ня пройдзе ў парлямэнт, блёк разваліцца?» — пытаюцца ў Аланы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цырк» у Савеце Рэспублікі. Хто яны, новыя беларускія «сэнатары»

Не, запэўніла яна. Законапраекты будуць дапрацоўвацца, відэаролікі — дарабляцца.

«Чым больш мы кантактуем зь людзьмі, тым больш разумеем, што ня 2,5 месяца перад выбарамі трэба працаваць, як мы, а рэальна рыхтавацца да выбараў усе 4 гады. Працаваць з адмыслоўцамі, юрыстамі. Трэба больш людзей, больш грошай», — кажа давераная асоба кандыдаткі Аланы Гебрэмарыям Валер Тамілін.

«Ня моладзь пасіўная, а палітыкі не працуюць»

«Нашы ідэі падабаюцца многім; трэба не адштурхоўваць людзей, як цяперашняя апазыцыя, абвінавачваньнямі ў тым, што ня ведаюць беларускую мову, ня ходзяць у Курапаты, ці заявамі кшталту „Ўсе расейцы дрэнныя“. Апазыцыя нават не спрабуе перафармавацца. Патрэбны новыя плыні ў палітыцы — з розных моладзевых „варушнякоў“. Трэба стаць канструктыўнымі, клёвымі», — перакананы Валер Тамілін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «2 балы з 10». Наколькі цікавяць беларусаў выбары ў дэпутаты

«Ня моладзь пасіўная, а палітыкі не працуюць», — перабівае яго Алана.

І прыводзіць прыклады, як «Моладзевы блёк» працуе з моладзьдзю ў сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы ня толькі Facebook, Instagram, Telegram, але і папулярную мабільную праграму для знаёмстваў Tinder (дзе «Моладзевы блёк» мае два акаўнты, мужчынскі і жаночы, і за два тыдні праведзена ўжо больш за 300 матчаў), а таксама TikTok.

А вось асноўная канкурэнтка Аланы Гебрэмарыям — прафэсарка мэдыцыны, цяперашняя дэпутатка парлямэнту Людміла Макарына-Кібак — ніводнай заяўкі на правядзеньне сустрэч з выбарцамі падчас гэтай кампаніі не падавала, паведамілі Свабодзе ў акруговай камісіі Грушаўскай выбарчай акругі № 98.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».