Зьнялі з выбараў кандыдата ў дэпутаты, якога затрымлівалі ў Курапатах

Зьміцер Казакевіч, фота з сайту vybary2019.by

Кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Зьмітра Казакевіча 5 лістапада зьнялі з выбараў. Пра гэта напісаў Свабодзе сам Казакевіч.

Чаму зьнялі?

Казакевіча адхілілі ад выбараў «за парушэньне заканадаўства», сказалі Свабодзе ў выбарчай камісіі Сьвіслацкай акругі № 94 у Менску.

Паводле Казакевіча, раней гэтая камісія выносіла яму папярэджаньне, бо ён ня браў для выбараў водпуск на працы. Цяпер усе чальцы камісіі аднагалосна прагаласавалі за адхіленьне Казакевіча ад выбараў. Афіцыйнае рашэньне будзе 6 лістапада, напісаў экс-кандыдат.

Казакевіча затрымалі 3 лістапада за спробу прайсьці на тэрыторыю рэстарана «Поедем поедим» ля Курапатаў. На яго склалі адміністрацыйныя пратаколы за хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

«Яны не хацелі пэцкацца судом над кандыдатам, цяпер яны зьнялі гэтую перашкоду», — напісаў Казакевіч.