Выступ лідэра АГП не прайшоў цэнзуру на тэлеканале «Беларусь 3»

Будынак Белтэлерадыёкампаніі

Тэлевыступ кандыдата ў дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 Мікалая Казлова, які павінен быў прагучаць на канале «Беларусь 3», не прайшоў цэнзуру.

Паводле палітыка, падчас запісу прамовы ён адмыслова пацікавіўся ў юрыста Белтэлерадыёкампаніі, ці мог кагосьці «пакрыўдзіць» сваімі словамі. Пачуўшы, што нічога падобнага не прагучала, быў перакананы, што праблемаў ня ўзьнікне. Аднак у эфіры ягоны ролік так і не зьявіўся.

Мікалай Казлоў

Што магло напалохаць цэнзараў? Сярод іншага Мікалай Казлоў расказаў пра тое, што сышоў зь міліцыі на знак пратэсту пасьля таго, як адмовіліся распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да чальцоў выбарчай камісіі, якіх ён злавіў на ўкідваньні бюлетэняў падчас парлямэнцкай кампаніі 2008 году.

Паводле лідэра АГП, крадзёж галасоў — гэта адно з самых цынічных і подлых злачынстваў. На яго перакананьне, чэсныя выбары ёсьць самым дэмакратычным мэханізмам, калі грамадзяне выбіраюць сваіх прадстаўнікоў, а не чыноўнікі падманам прызначаюць зручных дэпутатаў.

У перадвыбарнай праграме таксама прагучалі прапановы, якія, на думку Казлова, можа вырашыць толькі народны кандыдат. Аднак дзеля гэтага трэба прымусіць рэжым сумленна лічыць галасы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму здымаюць непажаданых кандыдатаў

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» нагадваюць, што выбарцы не змаглі пазнаёміцца з праграмамі цэлага шэрагу дэмакратычных кандыдатаў. Раней былі адцэнзураваныя наступныя асобы:

• Уладзімер Няпомняшчых, кандыдат у дэпутаты па Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»

• Аксана Юшкевіч, кандыдатка ў дэпутаты па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96 ад «Еўрапейскай Беларусі» — «Радыё Мінск» і тэлеканал «Беларусь-3»

• Міхаіл Бандарэнка, кандыдат у дэпутаты па Мазырскай выбарчай акрузе № 42 ад партыі БНФ — «Беларусь-3»

• Дзіяна Чарнушына, кандыдатка ў дэпутаты па Менскай-Каменнагорскай выбарчай акрузе № 101 ад партыі АГП — газэта «Звязда»

• Ірына Давідовіч, кандыдатка ў дэпутаты па Івейскай выбарчай акрузе № 54 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»

• Мікалай Маслоўскі, кандыдат у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»;

• Дзьмітрый Савіч, актывіст «Эўрапейскай Беларусі», кандыдат у дэпутаты па Сьветлагорскай выбарчай акрузе № 46 ад партыі БНФ — тэлеканал «Беларусь 3».