Апошняга кандыдата — праціўніка акумулятарнага заводу ў Берасьці зьнялі з выбараў

Берасьцейскі актывіст Уладзімер Мароз

Па выніках паседжаньня камісіі Берасьцейскай-Памежнай выбарчай акругі на чале з Надзеяй Зайцавай пазбаўлены рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Мароз.

Пра гэта паведамляе кампанія назіраньня за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Камісія аргумэнтавала такое рашэньне шэрагам парушэньняў з боку кандыдата. Напрыклад, не спадабалася тое, што Ўладзімер Мароз у сваёй праграме напісаў наступнае:

«Мы сутыкнуліся зь несправядлівым судом, міліцэйскім бязьмежжам, бязьдзеяньнем чыноўнікаў...».

Адна з чальцоў камісіі наўпрост заявіла, што такія выказваньні «падрываюць статус нашай дзяржавы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як улады ствараюць новую апазыцыю. Рэпартаж зь Берасьця, дзе ў дэпутаты ідуць праціўнікі акумулятарнага заводу

Гэтаксама камісія палічыла, што ініцыятыўная група Ўладзімера Мароза распаўсюдзіла ўлёткі з заклікам «зьмяніць карумпаваную ўладу».

Зрэшты, кандыдат і актывісты сьцьвярджаюць, што гэта правакацыя і хтосьці гэтым займаецца ад іх імя. Камісія выслухоўваць аргумэнты ня стала.

Падчас паседжаньня быў выгнаны з залі блогер Аляксандар Кабанаў, які дазваляў сабе кпіны на адрас чальцоў камісіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Для нас гэта як Курапаты». Ці вераць берасьцейцы ў тое, што ўлады закрыюць акумулятарны завод

Уладзімер Мароз — адзін з самых актыўных праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Кожную нядзелю супраць экалягічна шкоднай вытворчасьці жыхары гораду пратэстуюць, «кормячы галубоў» на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтру.