Актывістку апазыцыі, якая выступае супраць будаўніцтва АЭС, зьнялі з выбараў

Аксана Юшкевіч, фота праваабарончага цэнтру «Вясна»

Камісія Менскай-Чкалаўскай выбарчай акругі № 96 адмяніла рэгістрацыю Аксаны Юшкевіч кандыдаткай у дэпутаты.

Сваё рашэньне камісія вынесла 26 кастрычніка, гаворыцца на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску.

Паводле пастановы акруговай камісіі, нагодай стала парушэньне кандыдаткай выбарчага заканадаўства пры правядзеньні пікету ля Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце 20 кастрычніка.

Пікет праводзіўся ў дазволеным месцы, аднак, паводле інфармацыі Менгарвыканкаму, Юшкевіч не падала заяву аб правядзеньні масавай акцыі. Яшчэ адным парушэньнем камісія палічыла раздачу ўлётак «Эўрапейскай Беларусі», у якіх не было абавязковых выходных зьвестак, прадугледжаных ч. 12 арт. 45 Выбарчага кодэксу.

Юшкевіч раней ужо двойчы выносілі папярэджаньні, адзначаецца ў рашэньні камісіі.

Раней «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведамлялі пра папярэджаньні іншым кандыдатам ад грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь»: Паўлу Юхневічу, Арцёму Чарняку і Вользе Мікалайчык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выступ яшчэ аднаго кандыдата ў дэпутаты ад АГП не пусьцілі ў эфір

22 кастрычніка выступ Аксаны Юшкевіч на дзяржаўным «Радио Минск» не пусьцілі ў эфір, 19 кастрычніка адмовілі ў выступе і яе даверанай асобе Ірыне Халіп. Галоўны рэдактар радыёпраграмы Маліноўскі адзначыў, што выступ кандыдаткі зьмяшчае заклікі да зрыву выбараў. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прааналізавалі словы кандыдаткі і прамых заклікаў да байкоту ці зрыву выбараў не знайшлі.

Запісаны выступ Юшкевіч на тэлевізіі так і не паказалі. Таму яна сама запісала свой зварот да выбарнікаў і выклала яго ў сацыяльных сетках. У выступе былі, сярод іншага і такія, якія ўжо прыводзілі да забароны відэавыступаў Уладзіміра Няпомняшчых і Ірыны Давідовіч:

«Ня верце дыктатару і яго памагатым, яны хлусяць, ім пляваць на вас».

«Калгаснай дыктатуры — баста! Астравецкай АЭС — баста!»