Назіральнікам не дазволілі прысутнічаць пры праверках сапраўднасьці подпісаў выбарнікаў

Ілюстрацыйнае фота. Палчас парлямэнцкіх выбараў 2016 году

Назіральнікам у большасьці выпадкаў адмовілі ў назіраньні за працэдурай праверкі сапраўднасьці подпісаў выбарнікаў у падпісных лістах, заяўляюць прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

На мінулым тыдні прайшлі пасяджэньні акруговых выбарчых камісій (АВК), на якіх абмяркоўвалі арганізацыю працы выбаркамаў па праверцы подпісаў выбарнікаў, якія падалі вылучэнцы для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты.

«У большасьці выпадкаў назіральнікам было адмоўлена ў назіраньні за працэдурай праверкі сапраўднасьці подпісаў выбарнікаў у падпісных лістах», — гаворыцца ў штотыднёвай аналітычнай справаздачы па выніках назіраньня прадстаўнікоў «Беларускага Хэльсынскага камітэту» і праваабарончага цэнтру «Вясна» за ходам выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Конкурсу ня будзе. Хто ў Беларусі ідзе ў «сэнатары». Факты і лічбы

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што 10 кастрычніка ЦВК прыняла пастанову № 63, якая вызначае пералік дакумэнтаў, па якіх выдаецца бюлетэнь для галасаваньня. У параўнаньні з мінулымі выбарамі, за кошт работнікаў дзяржаўных арганізацый пашырана кола асоб, якія могуць атрымаць бюлетэнь не па пашпарце. Раней бюлетэнь выдавалі грамадзяніну па пасьведчаньні дзяржаўнага служачага, цяпер фармулёўка больш шырокая — работнікі дзяржаўных органаў (арганізацый).

7 кастрычніка завяршыўся этап вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Назіральнікі адзначаюць тэндэнцыю да павелічэньня прадстаўніцтва дзейных парлямэнтароў і мясцовай улады. І хоць агульная колькасьць вылучаных кандыдатаў павялічылася ў параўнаньні зь мінулай кампаніяй, апазыцыйных прадстаўнікоў стала менш, канстатуюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ярмошына пра выбары: Недарэчна казаць пра адсутнасьць дэмакратыі пры такой колькасьці прэтэндэнтаў

Таксама назіральнікі кампаніі зафіксавалі «асобныя матэрыялы, якія маюць прыкметы датэрміновай агітацыі ў дачыненьні да праўладных вылучэнцаў».