Ярмошына назвала «сьцёбам» скаргу студэнткі ў суд на Лукашэнку
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына пракамэнтавала скаргу ў суд на Аляксандра Лукашэнку, якую 20-гадовая студэнтка напісала ў сувязі ў «датэрміновасьцю» парлямэнцкіх выбараў.
Ейныя словы пра гэта з прэс-канфэрэнцыі 14 жніўня перадаюць Tut.by і «Эўрарадыё».
«Яна ж і кажа, што гэта пэрформанс. Гэта сьцёб, — заявіла Лідзія Ярмошына пра скаргу на Лукашэнку. — Яна выдатна разумела, што аспрэчыць гэты ўказ немагчыма і, сапраўды, гэта і не прадугледжана законам. Ну, прарэклямавалася сама і [прарэклямавала] гэтую ідэю. Тым больш, пісала не сама: сама сказала, што юрысты дапамагалі. Агулам, добра, калі маладыя людзі праяўляюць цікавасьць да палітыкі. Значна горш, калі яны абыякавыя».
Сапраўды, студэнтка Лізавета казала, што тэкст звароту быў «калектыўнай творчасьцю», і казала пра «пэрфоманс». Але не лічыла гэта жартамі: слова «пэрфоманс» ужыла, бо ня верыла, што суд стане па сутнасьці разглядаць скаргу на Лукашэнку, і хацела «паказаць узровень дэмакратыі ў Беларусі» і «паказаць, што дзіры ў нас ёсьць нават у Канстытуцыі».
Дзяўчына не зьбіралася рэклямаваць сябе, наадварот, прасіла не называць яе прозьвішча і не публікаваць здымкі твару. Зварот панесла ў суд менавіта яна, бо ёй пакуль 20 гадоў — калі б выбары прызначылі «плянава», ёй ужо споўніўся б 21 год і яна магла б балятавацца ў дэпутаты, а з датэрміновымі выбарамі ня можа.
Ярмошына таксама згадала, што падобныя скаргі паступалі ад Беларускага хэльсынскага камітэту:
«Скаргі прысьвечаныя прызначэньню выбараў, як яны лічаць, датэрміноваму роспуску парлямэнту і прызначэньню выбараў у гэтым годзе, на 10 месяцаў раней гранічнага тэрміну, а не ў наступным, 2020-м», — расказала Ярмошына пра скаргі БХК.