Спэцыяльная міжведамасная камісія абмяркоўвала 26 чэрвеня плян работ, якія трэба выканаць для таго, каб Літва была ў стане гатоўнасьці на выпадак аварыі на Беларускай АЭС, якая будуецца зь літоўскай мяжой.
Літва ў 2019 годзе закупіць 4 млн таблетак ёдзістага калію, які засьцерагае ад радыяцыі шчытападобную залозу, – на выпадак аварыі з радыяактыўным выкідам, сказаў намесьнік міністра аховы здароўя Літвы Альгірдас Шэшэльгіс. У першую чаргу іх раздадуць тым, хто жыве ў 30-кілямэтровай зоне ад АЭС. Аднак прэпараты ёдзістага калію варта выкарыстоўваць толькі ў выпадку асобнай рэкамэндацыі, заявіў прадстаўнік дэпартамэнту супрацьпажарнай бясьпекі і выратаваньня Літвы Эдгарас Гяда, піша ТАСС.
Людзі, калі даведаюцца пра аварыю на АЭС, найперш павінны заставацца ў памяшканьні і чакаць інфармацыі, заявілі літоўскія ратавальнікі. Ня трэба сьпяшацца эвакуавацца, бо на вуліцы небясьпека будзе большай, чым у памяшканьні, дзе ўзровень забруджваньня ніжэйшы. Жыхарам могуць паведаміць пра аварыю з дапамогай сырэны, СМС-паведамленьняў або па радыё і тэлевізіі, паведамляе Delfi.
Літва выступае катэгарычна супраць БелАЭС, якая будуецца ў Астраўцы за 50 км ад Вільні. Літоўскі парлямэнт абвясьціў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Таксама ў краіне заявілі, што не прапусьцяць у іншыя краіны праз свае сеткі электраэнэргію зь БелАЭС.