Абаронцы Курапатаў правялі прэсавую канфэрэнцыю з нагоды гадавіны пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим» і 31-й гадавіны выхаду артыкулу пра масавыя расстрэлы пад Менскам.
Севырынец: месца расстрэлаў хочуць схаваць за агароджай з вазонамі
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, адзін з ініцыятараў кампаніі Павал Севярынец даў ацэнку году пікетаваньня забаўляльнай установы.
Мільёны людзей наноў ці ўпершыню пачулі пра Курапаты. Гэта адбылося дзякуючы актыўнасьці абаронцаў Курапат і паведамленьням пра іх незалежных мэдыя. Мусіў выказацца і Аляксандар Лукашэнка.
«Раней ён унікаў гэтай тэмы, увогуле не выказваўся, а тут нарэшце прызнаў наяўнасьць гэтага месца і зрабіў выгляд, што пра яго клапоціцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэта ня акцыя, а грамадзкі чын», — пікетоўцы вырашаюць, ці варта спыняць варту ля КурапатаўПавал Севярынец мяркуе, што за «добраўпарадкаваньнем» курапацкага мэмарыялу, пра якія абвясьціў Лукашэнка, стаіць жаданьне схаваць гэтае месца ад грамадзтва за агароджай, за вазонамі.
«Забывацца пра тое, што там дзясяткі тысяч былі забітыя, нельга. Рашэньне праблемы Курапатаў ляжыць ў сэрцах беларусаў, а не ў рашэньнях ягонай адміністрацыі», — мяркуе Павал Севярынец..
Курапацкая варта стала пляцоўкай гуртаваньня беларускага руху. Паводле Севярынца, сотні актывістаў бралі ўдзел у пікетаваньні, тысячы людзей цягам году далучаліся.
Працягваецца назапашваньне базы зьвестак пра аўтамабілі, якія прыяжджаюць у рэстарацыю. Цяпер у ёй прыкладна 2700 машын.
«Гэта база для аналізу пра распаўсюд у Беларусі і дзейнасьць так званага „русского мира“», — кажа палітык.
Ніна Багінская пікетуе рэстаран «Поедем поедим»
Відавочны сыгнал Маскве, што лёгкай прагулкі тут ня будзе, калі яны вырашаць захапіць Беларусь, як захапілі Крым.
«Калі так упарта пратэстуюць супраць нейкай рэстарацыі, дык за незалежнасьць будуць змагацца па-сапраўднаму. Масква гэта бачыць і робіць высновы», — мяркуе Павал Севярынец.
Ён таксама паведаміў, што на агульным сходзе пікетоўцаў 1 чэрвеня ў Курапатах усе ўдзельнікі сходу пагадзіліся, што варта будзе працягвацца, пакуль застаецца праблема працы рэстарацыі.
«Мы заклікаем беларусаў далучацца да гэтага грамадзкага чыну», — сказаў Павал Севярынец.
Чахольскі: плян зьнішчэньня Курапатаў распрацавалі ня ў Менску
Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі лічыць, што сцэнар зьнішчэньня Курапатаў распрацаваны не ў Беларусі, а на Лубянцы.
«Крыжалом у сакавіку пачаўся без аніякай прававой базы, проста на загад зьверху, прычым невядома ад каго. Плюс забаранілі ставіць новыя крыжы. Далей будуць паступова зьнішчаць увесь мэмарыял, бо крыжы натуральным чынам будуць старэць. А тое, што адгарадзілі сеткавай агароджай ды павесілі кветачкі, ёсьць насамрэч прыніжэньнем значнасьці нацыянальнага нэкропалю», — лічыць Алесь Чахольскі.
Алесь Чахольскі кадя рэстарана «Поедем поедим», архіўнае фота
Актывіст расказаў, як ідзе ягоная барацьба за вяртаньне 24 мэталічных крыжоў, якія дэмантавалі і вывезьлі з Курапатаў у сярэдзіне красавіка. На гэтыя крыжы, пастаўленыя па пэрымэтры ў 2017 годзе, у актывіста ёсьць ўсе дакумэнты. Яны каштавалі 1800 рублёў. Зьнікненьне крыжоў Алесь Чахольскі назваў крадзяжом у вялікім памеры і абвінаваціў пракуратуру ў тым, што яна пакрывае зладзеяў.
«16 красавіка я зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем вярнуць мне як уласьніку гэтыя 24 мэталічныя крыжы. І вось 17 траўня мне даслалі адказ, у якім назвалі тыя работы „добраўпарадкаваньнем“, але пра крыжы нічога не паведамілі».
Алесь Чахольскі заявіў, што будзе працягваць захады для вяртаньня крыжоў.
Сіўчык: Адбываецца гібрыдная вайна супраць Беларусі
Прадстаўнік Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык назваў атаку на Курапаты «элемэнтам гібрыднай вайны» супраць беларускага нацыянальнага руху.
Новай праявай гэтай вайны ён лічыць пляны пабудовы паміж Курапатамі і «Экспабелам» выставачнага цэнтру, пра што нядаўна заявіў Аляксандар Лукашэнка.
«Патрэбна мабілізацыя ўсяго грамадзтва на абарону Курапатаў», — лічыць актывіст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Побач з «Дарогай сьмерці». 10 фактаў пра будаўніцтва выставачнага цэнтру ля КурапатаўРух салідарнасьці «Разам» зрабіў адмысловую заяву, у якой патрабуе ад ўладаў адмовы ад плянаў пабудовы каля Курапатаў выставачнага цэнтру і пераносу з Галгофы на поле каля курапацкага лесу дзяржаўнага мэмарыяльнага знаку