Чыстая нафта паступіць на Мазырскі НПЗ не раней за 4 траўня, паведамілі БелТА ў прэс-службе «Белнафтахіму». У канцэрне заявілі, што прынятыя захады дазволяць аднавіць працу толькі адной ніткі трубаправоду «Дружба».
«Поўнае аднаўленьне запатрабуе некалькіх месяцаў напружанай працы», — зазначылі ў «Белнафтахіме».
Паводле дыспэтчарскай службы «Гомельтранснафта Дружба», 29 красавіка ў 17.40 усьлед за разьдзяляльным снарадам пачалося прапампоўваньне нафты, якая адпавядае стандартным парамэтрам, ад расейскай лінейнай вытворча-дыспэтчарскай станцыі (ЛПДС) «Унеча» у бок беларуска-расейскай мяжы і ЛПДС «Мазыр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці можа зацягнуцца канфлікт вакол няякаснай расейскай нафты?Наступны этап — выцясьненьне каля 50 тысяч тон няякаснай нафты з расейскага ўчастку ў рэзэрвуарны парк ЛПДС «Унеча» і больш за 120 тысяч тон забруджанай нафты — зь беларускага ўчастку ў рэзэрвуарны парк ЛПДС «Мазыр».
З улікам хуткасьці і графіка руху нафты прыбыцьцё якаснай нафты на беларускую тэрыторыю чакаецца не раней за 23.00 2 траўня, на ЛПДС «Мазыр» — не раней за 4 траўня, праінфармавалі ў прэс-службе.
Урэгуляваньне сытуацыі з пастаўкамі няякаснай расейскай нафты працягваецца: 30 красавіка ў Мінэнэрга Расеі зноў праходзяць перамовы прадстаўнікоў «Белнафтахіму» і расейскіх нафтавых і нафтатранспартных кампаній, дадалі ў канцэрне.