Міністэрства энэргетыкі Польшчы апублікавала ўвечары 24 красавіка афіцыйную заяву аб спыненьні на нявызначаны час — «да высьвятленьня прычынаў» — транзыту ў Польшчу расейскай сырой нафты празь Беларусь.
Паводле польскага боку, забруджаная нафта пачала паступаць ад 19 красавіка, і «ўзровень забруджаньня можа прывесьці да фізычнага пашкоджаньня нафтаперапрацоўчых заводаў». Першымі пра забруджаньне паведамілі беларусы: польскі апэратар трубаправоду PERN атрымаў зьвесткі ад «Гомельтранснафты» пра павелічэньне канцэнтрацыі ў расейскай нафце арганічных хлярыдаў.
Цяпер Польшча чакае высьвятленьня прычынаў пагаршэньня якасьці нафты. Калі гэта зацягнецца, піша польскае міністэрства, то нафту для НПЗ будуць пастаўляць альтэрнатыўным маршрутам, праз порт у Гданьску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Экспэрты ІПМ: нафтавы канфлікт з Расеяй станоўча паўплывае на эканоміку БеларусіПры гэтым Польшча празь міжнародныя дамовы абавязаная трымаць запасы нафты на 90 дзён і можа дзейнічаць узгоднена з чальцамі Эўразьвязу і Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, адзначае польскае Міністэрства энэргетыкі. Таму, упэўнены польскі бок, падтрымліваць бесьперапынныя пастаўкі паліва на ўнутраны рынак атрымаецца.
Беларускі бок пацьвердзіў спыненьне транзыту расейскай нафты ў Польшчу. Галоўны інжынэр кампаніі «Гомельтранснафта Дружба» пацьвердзіў БелТА, што беларускі бок атрымаў паведамленьне ад PERN аб спыненьні транзыту ад 23:00 (менскі час) 24 красавіка і перакрыў адпаведныя пастаўкі (працягнуўшы транзыт па іншай галіне нафтаправоду, якая ідзе ва Ўкраіну). «Белнафтахім» пацьвердзіў спыненьне транзыту.