Пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала выступіў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1», дзе зрабіў заяву пра «справу БелТА» і ціск на суд.
Паводле Валянціна Сукалы, цяпер «празьмерна павышаная грамадзкая ўвага» да суду над галоўнай рэдактаркай самага папулярнага інтэрнэт-парталу Беларусі Tut.by. Ён адзначыў, што прысутнасьць «вялізнай колькасьці дыпляматаў і рэпартэраў» —гэта «ўскосны ціск на суд».
Поўная заля ў судзе над галоўнай рэдактаркай Tut.by Золатавай. ФОТА
«Гэта перашкаджае суду, мне б хацелася, каб такія працэсы праходзілі спакайней, — казаў Сукала. — Ня трэба яму перашкаджаць, таму што ня толькі па гэтай справе, але часам журналісты і сродкі масавай інфармацыі спрабуюць прадказаць нейкія рашэньні, камэнтуюць магчымыя, а гэта прамы ці ўскосны ціск на суд, гэта перашкаджае правасудзьдзю.
Судзьдзі — жывыя людзі, яны бачаць, чытаюць усё гэта. Таму я б папрасіў сродкі масавай інфармацыі быць больш асьцярожнымі пры асьвятленьні і камэнтаваньні падобных працэсаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што дзяржаўныя СМІ расказалі пра суд над галоўным рэдактарам Tut.byЧаму гэта ня так
Артыкул 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі замацоўвае галоснасьць судовага разбору. Як і артыкул 17 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу, і артыкул 21 Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу — артыкулу пра галоснасьць няма толькі ў больш новым Працэсуальна-выканаўчым кодэксе, але там ёсьць артыкул 2.14 пра адкрытасьць разгляду справаў, які мае пункты, падобныя да згаданых артыкулаў пра галоснасьць.
Гэтая галоснасьць у крымінальнай справе абмяжоўваецца толькі пры пэўных умовах на закрытых паседжаньнях або ў закрытых справах. Дзеля:
- абароны дзяржаўных сакрэтаў і іншай інфармацыі, тайна якой ахоўваецца законам;
- абароны інтарэсаў непаўналетняга (калі злачынства ўчыненае маладзейшым за 16 гадоў);
- неабнародаваньня інфармацыі аб інтымным жыцьці грамадзянаў (у тым ліку пры полавых злачынствах);
- невыдаваньні зьвестак, якія ганяць гонар і годнасьць удзельнікаў працэсу;
- гарантаваньня бясьпекі пацярпелага, сьведак або іншых удзельнікаў працэсу.
Працэс Марыны Золатавай закрывалі на адно паседжаньне. У першы дзень суду БелТА прасіла закрыць працэс, спаслаўшыся на абарону інфармацыі, але пракурор запярэчыў, і судзьдзя адмовіўся закрываць працэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Праслухоўваньне тэлефонаў, ананімкі і роля кіраўніка БТ. Загадкі «справы БелТА», пра якія мы даведаліся ў судзеУвага да працэсу абумоўленая ня толькі тым, што справа зьвязаная з папулярным і грамадзка значным сайтам.
Але і кур’ёзамі, агучанымі на працэсе — напрыклад, перадачай пароляў па факсе ў 2018 годзе або адсутнасьцю забароны перадачы пароляў трэцім асобам і заявамі ўдзельнікаў працэсу пра ціск з боку сілавікоў, а таксама падазрэньнямі ў палітычнай матываванасьці працэсу.