Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу злачынства». Марына Золатава не прызнала віны

абноўлена

Марына Золатава

Паводле сьледзтва, супрацоўнікі парталу TUT.BY незаконна карысталіся паролямі да платнай падпіскі агенцтва БелТА з 4 студзеня 2017-га да 23 ліпеня 2018 году.

12 лютага на працэсе ў справе Марыны Золатавай пракурор Юлія Харчэйкіна агучыла прад’яўленае Марыне Золатавай абвінавачаньне. Паводле яго, галоўная рэдактарка парталу TUT.BY «мэтанакіравана, знаходзячыся на сваім службовым месцы, а таксама па адрасе свайго пражываньня, насуперак інтарэсам службы ня выканала дзеяньне, якое павінна была ажыцьцявіць».

Пракурор Юлія Харчэйкіна
Пракурор Юлія Харчэйкіна

Паводле пракурора Харчэйкінай, сутнасьць дапушчанага Марынай Золатавай злачыннага дзеяньня заключаецца ў тым, што яна не перашкаджала шэрагу сваіх падначаленых карыстацца чужымі паролямі да платнай падпіскі інфармацыйнага агенцтва БелТА. Пры гэтым, як адзначыла пракурор Харчэйкіна, Золатава «загадзя ведала пра неабходнасьць афармленьня адпаведнай дамовы з інфармагенцтвам БелТА».

Чытаючы тэкст абвінавачаньня, пракурор пералічыла супрацоўнікаў парталу TUT.BY, якія, па вэрсіі сьледзтва, карысталіся паролямі. А таксама агучыла інфармацыю аб тым, якім выданьням належалі гэтыя паролі доступу: «Рэспубліка», «Камсамольская праўда», «Беларусь сегодня».

Агулам, паводле сьледзтва, супрацоўнікі ТUT.BY з 4 студзеня 2017 году па 23 ліпеня 2018 году заходзілі на сайт БелТА з чужымі паролямі 115 разоў.

Супрацоўнікі Tut.by прыйшлі на суд у цішотках «Банальный хакер»
Супрацоўнікі Tut.by прыйшлі на суд у цішотках «Банальный хакер»

Пракурор паведаміла суду, што Марына Золатава павінна была супрацьстаяць гэтаму паводле ускладзеных на яе службовых абавязаў. Аднак, ведаючы пра тое, што падначаленыя ёй супрацоўнікі парталу карыстаюцца чужымі паролямі для БелТА, не спыніла гэтай злачыннай практыкі. Пры гэтым, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, Марына Золатава парушыла ў тым ліку і ўнутраныя інструкцыі парталу TUT.BY.

Агулам, па словах пракурора, агенцтву БелТА была прычыненая шкода памерам 52 320 рублёў.

Прадстаўнікі БелТА і «Беларусь Сегодня»
Прадстаўнікі БелТА і «Беларусь Сегодня»

Марына Золатава паведаміла суду, што віны не прызнае.

«Я лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу злачынства», — сказала яна.

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG