Лукашэнка пазваніў Мадура і заявіў пра непрымальнасьць зьнешняга ўмяшаньня ў справы Вэнэсуэлы

Нікаляс Мадура і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Беларускі бок пільна адсочвае сытуацыю ў сяброўскай Вэнэсуэле і суперажывае чарговаму вітку напружанасьці, які падсілкоўваецца дэструктыўнымі сіламі як усярэдзіне, так і за межамі краіны. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка позьнім вечарам 25 студзеня ў тэлефоннай размове зь Нікалясам Мадура, як на апошніх выбарах быў аб'яўлены прэзыдэнтам гэтай лацінаамэрыканскай краіны, паведамляе БелаПАН.

Лукашэнка, словы якога прыводзіць ягоная прэсавая служба, падкрэсьліў, што Беларусь цалкам адданая і пасьлядоўна выступае за мірнае ўрэгуляваньне ўнутранай сытуацыі ў Вэнэсуэле выключна ў рамках прававога поля і канстытуцыі краіны.

«Катэгарычна не падтрымліваем любое зьнешняе ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы, у тым ліку накіраванае на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне», — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён запэўніў, што Вэнэсуэла заўсёды можа разьлічваць на падтрымку Менску.

У сталіцы Каракасе і іншых гарадах краіны адбываюцца масавыя акцыі пратэсту супраць узурпацыі Мадура прэзыдэнцкай улады. Лідэр апазыцыі Хуан Гуайдо прынёс прысягу прэзыдэнта. Яго прызналі ЗША, Вялікая Брытанія, шэраг лацінаамэрыканскіх краінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Reuters: Мадура ахоўваюць расейскія кантрактнікі