Стасункі з Вэнэсуэлай былі заведама стратныя для Беларусі, — экспэрт

Аляксандар Лукашэнка і Нікалас Мадура, архіўнае фота

На фоне пратэстаў супраць прэзыдэнта Нікаляса Мадура ў Вэнэсуэле Свабода пацікавілася ў экспэрта па неэўрапейскіх цывілізацыях, кандыдата гістарычных навук Яўгена Красуліна, чаго Менску варта чакаць ад Каракаса, зь якім вяліся маштабныя праекты ў галіне будаўніцтва і нафтаперапрацоўкі.

Масавыя пратэсты ў Вэнэсуэле цягнуцца ўжо колькі дзён, на мітынгу 23 студзеня старшыня вэнэсуэльскага парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, людзі выйшлі на вуліцы, каб падтрымаць яго. Тым часам прэзыдэнта Нікаляса Мадура падтрымліваюць сілавікі.

Пратэстоўцы ў Каракасе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле. Найважнейшае

Хто каму вінен

Вядома, што ў 2010 годзе Беларусь заплаціла Вэнэсуэле 1,1 мільярда даляраў за нафту. Але на гэтым імпарт з Вэнэсуэлы ў Беларусь упаў амаль да нуля.

«Вялікая місія. Жыльлё Вэнэсуэлы» — так называлася праграма, па якой беларусы будавалі сучаснае жыльлё замест фавэлаў у Вэнэсуэле. Цяпер рахункі гэтай праграмы замарожаныя, а даўгі Вэнэсуэлы перад «Белзамежбудам» перавысілі 100 мільёнаў даляраў.

Паводле Яўгена Красуліна, частка праектаў па будаўніцтве жыльля ў Вэнэсуэле вялася за вэнэсуэльскія грошы. Але многія беларускія будаўнічыя фірмы (у тым ліку прыватныя) панесьлі праз гэта страты, зь імі не да канца разьлічыліся.

«Няма інфармацыі пра ўсе праекты Беларусі і Вэнэсуэлы і хто каму і колькі вінен. Вядома, што Вэнэсуэла вінная нашаму аўтамабільнаму заводу, бо яны спрабавалі расплачвацца мэталам у балванках за пастаўкі. Але ёсьць інфармацыя пра тое, што мы ім вінныя за нафту», — кажа Красулін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Даўгі на паўмільярда даляраў — вынік беларускай «экспансіі» ў Вэнэсуэлу

​Стасункі з Вэнэсуэлай былі заведама стратныя для Беларусі, бо рэжым ня можа доўга трымацца на нафтадалярах і гэта вядома загадзя, лічыць Яўген Красулін. Ад стасункаў з Вэнэсуэлай Беларусь атрымала хіба досьвед, мяркуе экспэрт.

Пра вяртаньне даўгоў

Па некаторых ацэнках, Вэнэсуэла вінная Беларусі 500 мільёнаў даляраў. На думку Яўгена Красуліна, вярнуць даўгі цяпер можа быць вельмі цяжка.

«Беларусь аказвае маральную падтрымку рэжыму Нікаляса Мадура. Калі мы будуем стасункі зь цяперашнім рэжымам, то трэба быць гатовымі да праблем зь пераемнікам гэтага рэжыму, бо ён будзе настроены радыкальна супраць. Можна б было адразу прызнаць Хуана Гуайдо прэзыдэнтам. Гэта б палепшыла лёс нашых сродкаў, укладзеных у Вэнэсуэлу. Тады б да нас ня ставіліся як да дзяржавы, якая падтрымала дыктатуру. Нам трэба рыхтаваць глебу для супрацы з наступнымі кіраўнікамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гуайдо супраць Мадура: хто за кім стаіць?

Што будзе ў Вэнэсуэле

У выніку Нікаляс Мадура прайграе, мяркуе Яўген Красулін, але невядома, колькі часу да гэтага пройгрышу пройдзе. Гэта залежыць ад пазыцыі сілавікоў, упэўнены палітоляг.

«Калі сілавікі адмовяцца ад падтрымкі Мадура, то гэта будзе пытаньне некалькіх дзён. Сілавікоў там спрабуюць нармальна карміць, для іх адмысловае фінансаваньне, каб яны былі адданыя. Але яны разумеюць таксама, што ў гэтай краіне жыць ім і іх дзецям. Калі супраць цябе 30 мільёнаў чалавек, пачнеш адумвацца», — лічыць экспэрт.

На кадрах з Вэнэсуэлы відаць, што часам жаўнеры нацыянальнай гвардыі адыходзілі ўбок і прапускалі пратэстоўцаў.