Менскі раённы суд аштрафаваў на 1225 рублёў сустаршыню Партыі БХД Паўла Севярынца, які бярэ ўдзел у абароне Курапацкага мэмарыялу ахвяраў сталінізму ад рэстарацыі «Поедем поедим».
Палітыка вызвалілі ў судовай залі. Вырак вынес судзьдзя Віктар Шаўцоў. Ноч на 4 кастрычніка Павал Севярынец правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Севярынца затрымалі ўвечары 3 кастрычніка ля рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў. Актывіст браў удзел у пікеце з патрабаваньнем закрыцьця рэстарацыі ля ахоўнай зоны мэмарыялу ахвярам сталінізму.
Пасьля затрыманьня Севярынец пасьпеў паведаміць журналістам, што яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Перад тым пікетоўцы не прапусьцілі на тэрыторыю рэстарацыі аўтамабіль яе дырэктаркі Сьвятланы Дубковай.
Ад пачатку пікетаваньня «Поедем поедим» сёлета ў чэрвені Севярынец адсядзеў 40 сутак арышту, актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі — 50 дзён.