Нечаканы Скарына: загадкавая абарона ў Падуі

500 гадоў беларускага кнігадрукаваньня: новыя ацэнкі, новыя факты, новыя загадкі. Кожны дзень да 6 жніўня — чарговая частка цыклю.

5 лістапада 1512 году ў царкве Сьвятога Ўрбана ў Падуі сабралася на паседжаньне мэдычная калегія Падуанскага ўнівэрсытэту.

Заля «Tinello dei Dottori» ў біскупскім палацы Падуі, дзе ў XV-XVI стагодзьдзях праводзіліся экзамэны, і дзе 9 лістапада 1512 году Скарына ў прысутнасьці мясцовага кардынала здаў другі (больш цырыманіяльны) экзамэн на званьне доктара мэдыцыны. Тут першадрукару былі ўрачаныя дыплём і доктарская мантыя.

Адкрываючы паседжаньне віцэ-прыёр калегіі, доктар свабодных навук і мэдыцыны Тадэо Мусаці сказаў:

«Вашы дастойнасьці, спадары навукоўцы! Я склікаў Вашы вялебнасьці дзеля наступнай прычыны. У Падую прыбыў вельмі вучоны, але бедны малады чалавек, доктар свабодных навук, родам зь вельмі далёкіх краін, якія ляжаць на адлегласьці чатырох тысяч міль, а можа і больш, ад нашага слаўнага гораду. Прыбыў малады чалавек для таго, каб памножыць славу і бляск Падуі, а таксама квітнеючага сходу філёзафаў унівэрсытэту і нашай сьвятой калегіі. Ён просіць калегію на знак асаблівай міласьці дазволіць яму падвергнуцца выпрабаваньням у галіне мэдыцыны... Калі дазволяць Вашы вялебнасьці, я прадстаўляю Вам гэтага маладога чалавека. Завуць яго Францішак, ён сын нябожчыка Лукі Скарыны з Полацку, русін».

Калегія, як вядома, дазволіла, і на заўтра, 6 лістапада, Скарына здаў доктарскі экзамэн. Вось тут і пачынаюцца загадкі.

Паводле статуту Падуанскага ўнівэрсытэту, дактарантура доўжылася чатыры гады. Да экзамэнаў на званьне доктара мэдыцыны дапускалі толькі прэтэндэнта, які тры гады слухаў лекцыі, а пасьля яшчэ ня менш за год практыкаваў пад кіраўніцтвам вядомага лекара ў шпіталях Падуі.

Чаму Скарыну дапусьцілі да абароны без навучаньня ў дактарантуры?

Можна меркаваць, што гэтую асаблівую ласку яму аказалі як «secretarii regis Datiae» (Сакратара караля Даніі). Але калі ён быў «сакратаром караля», то чаму яго назвалі «бедным» і чаму сказалі, што ён прыбыў зь вельмі далёкіх краін, якія ляжаць на адлегласьці чатырох тысяч міль ад Падуі?

Адказу на гэтыя пытаньні пакуль няма.