Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-супрацоўнік КДБ: Пакуль у Беларусі пануе беззаконьне, будуць квітнець і шпіёнскія скандалы


Валер Костка

Абвінавачаньне ў шпіянажы і стварэньні агентурнай сеткі, прадʼяўленае Камітэтам дзяржбясьпекі Беларусі ўкраінскаму журналісту Паўлу Шаройку, Свабодзе пракамэнтаваў былы супрацоўнік КДБ, падпалкоўнік у адстаўцы Валер Костка.

«Ну што можа быць незразумела ва ўмовах дыктатуры? — перапытвае ён. — Калі арыштавалі адзін раз, то будзе і другі, і трэці. Пакуль існуе сыстэма беззаконьня, яна будзе працаваць. Для пачатку трэба мяняць сам падыход, каб закон кіраваў усімі аднолькава — і прэзыдэнтам, і сілавіком, і фэрмэрам, і журналістам. Тады ўсё будзе нармальна. А цяпер чаго дрыгацца?

Учора затрымалі ўкраінца, заўтра возьмуць паляка. Гэта ўсё трагікамічна. Разьдзьмулі гісторыю француза з патронам, гэтак жа выпусьцілі. Што хочуць, тое і варочаюць. Таму пытаньне не ў журналістах і міждзяржаўных адносінах, а ў той сыстэме, якая існуе. Гэта сыстэма беззаконьня. Адпаведна, шукаць нешта рацыянальнае бессэнсоўна. Ім усё роўна, бо яны жывуць сёньняшняй сытуацыяй. З французам не атрымалася — за ўкраінца ўзяліся.

Учора затрымалі ўкраінца, заўтра возьмуць паляка. Гэта ўсё трагікамічна

Вось будзе працаваць закон, тады можна будзе казаць пра правы, пра абавязкі. А калі яго няма — пра што размова? Захацелі сапсаваць адносіны — сапсавалі, надумалі адбудаваць — падаліся назад. І да гэтай гісторыі дадаць нешта складана толькі таму, што мы жывём у бяспраўнай дзяржаве, дзе законы не працуюць, а правы не забясьпечваюцца».

У КДБ заявілі, што 25 кастрычніка пры правядзеньні агентурнай акцыі з доказамі злачынства быў затрыманы кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Паўло Шаройка.

Паводле КДБ, атрыманыя «пераканаўчыя доказы» яго незаконнай дзейнасьці, а сам Шаройка прызнаў, што працаваў выведнікам.

Пасада карэспандэнта была «для прыкрыцьця», сьцьвярджае КДБ: «У Беларусі Шаройка стварыў агентурную сетку зь ліку грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі яго заданьне па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».

Падчас ператрусу ў Шаройкі, паводле КДБ, знайшлі копіі выведных данясеньняў, а каардынаваў працу Шаройкі супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ігар Скварцоў, які дзейнічаў як супрацоўнік амбасады. Скварцова абвясьцілі «пэрсонай нон-грата».

Супраць Шаройкі распачалі крымінальную справу за шпіянаж (арт. 358 КК РБ), ён узяты пад варту.

«Гэта лухта», — амбасадар Украіны пра «сетку ўкраінскіх шпіёнаў» у Беларусі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG