Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Ўкраіны: Інфармацыя пра прыналежнасьць Шаройкі да органаў выведкі не адпавядае рэчаіснасьці


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У Міністэрстве абароны Ўкраіны абвяргаюць інфармацыю, пашыраную сёньня Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Беларусі аб тым, што затрыманы карэспандэнт Украінскага радыё пад прыкрыцьцём журналісцкай дзейнасьці працаваў на нацыянальныя органы выведкі.

«Сапраўды, Паўло Шаройка раней быў вайсковаслужбоўцам, але апошнім часам ён працаваў журналістам і да органаў выведкі ня мае ніякага дачыненьня», — сказаў Свабодзе прадстаўнік Міністэрства абароны Ўкраіны.

Уласны карэспандэнт Украінскага радыё у Беларусі Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны: Шаройка звольнены са службы ў 2009 годзе паводле стану здароўя

Служба па сувязях з грамадзкасьцю Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заяўляе, што Паўло Шаройка, арыштаваны ў Беларусі паводле абвінавачаньня ў шпіянажы, быў звольнены з вайсковай службы ў 2009 годзе паводле стану здароўя.

«Паўло Шаройка праходзіў службу ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны на пасадзе кіраўніка прэсавай службы. Пасьля звальненьня Паўло Шаройка працаваў па раней набытай спэцыяльнасьці — журналістам украінскіх СМІ, у тым ліку карэспандэнтам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў афіцыйным камэнтары.

Служба па сувязях з грамадзкасьцю Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны яшчэ раз падкрэсьліла, што інфармацыя (аб дачыненьні Паўла Шаройкі да стварэньня агентурнай сеткі і вядзеньня выведвальнай дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь як штатнага супрацоўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі) не адпавядае рэчаіснасьці.

КДБ: Затрыманы ўкраінскі журналіст Шаройка прызнаўся, што ён выведнік і стварыў агентурную сетку

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG